Пасьля прэсавай канфэрэнцыі міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова стала трохі больш зразумела, чаго насамрэч хоча Расея ад Беларусі.
- Пакуль Расея не настойвае на поўным аб’яданьні зь Беларусьсю.
- Паводле лёгікі Масквы, галоўны элемэнт інтэграцыі — адзіная грашовая адзінка Беларусі і Расеі.
- Цалкам магчыма, што Беларусь захавае фармальную незалежнасьць.
- Прапановы Лаўрова цалкам непрымальныя для кіраўніцтва Беларусі.
13 сьнежня мінулага году кіраўнік расейскага ўраду Дзьмітры Мядзьведзеў, выступаючы ў Берасьці, заявіў, што «Расея гатовая і далей прасоўвацца па шляху будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, уключаючы стварэньне адзінага эмісійнага цэнтру, адзінай мытнай службы, суду, Падліковай палаты».
То бок мелася на ўвазе стварэньне сумесных органаў улады. Бо адзіны цэнтральны банк, адзіная мытня, суд, служба кантролю за расходаваньнем дзяржаўных фінансаў — гэта агульныя органы ўлады, якія, у пэўным сэнсе, прадугледжваюць адзіную дзяржаву.
А вось са словаў Сяргея Лаўрова вынікае, што «ані агульнай Канстытуцыі, ані агульнага парлямэнту, ні агульнага суду пакуль, напэўна, стварыць не ўяўляецца магчымым, і мы на гэтым зусім не настойваем». То бок палітычныя сыстэмы пакуль кожная краіна захоўвае ў сваім нацыянальным варыянце.
Дык на чым настойвае Масква?
Лаўроў кажа: «Маюцца на ўвазе прадугледжаныя ў гэтай дамове дзеяньні дзеля фармаваньня адзінай грашовай адзінкі, адзінай грашова-крэдытнай палітыкі, падатковай палітыкі. Гэтыя рэчы наўпрост зьвязаныя з эканамічнымі і фінансавымі стасункамі ў рамках саюзнай дзяржавы».
Такім чынам, паводле лёгікі Масквы, галоўны элемэнт інтэграцыі — адзіная грашовая адзінка Беларусі і Расеі. У Крамлі няма сумненьняў, што гэта павінен быць расейскі рубель. Пераход Беларусі на расейскія грошы аўтаматычна вядзе да адзінай грашова-крэдытнай палітыкі, падатковай палітыкі, макраэканамічнай палітыкі. То бок, пазбавіўшыся сваіх грошай, Беларусь страчвае магчымасьць правядзеньня самастойнай эканамічнай палітыкі.
Пасьля гэтага прымус да стварэньня адзіных органаў улады — справа тэхнікі. Бо без уласных грошай залежнасьць Беларусі ад Масквы будзе прыкладна такая, як у любой расейскай губэрні.
Нават пасада прэзыдэнта можа застацца. Але што гэта будзе за сувэрэнітэт?
Але зусім ня факт, што ў плянах Крамля стаіць задача поўнага аб’яднаньня дзьвюх краін. Цалкам дапускаю, што Беларусь захавае фармальную незалежнасьць. Застанецца свая Канстытуцыя, урад, парлямэнт, сьцяг, герб, гімн, краіна застанецца чальцом ААН, іншых міжнародных арганізацый. Нават пасада прэзыдэнта можа застацца. Але што гэта будзе за сувэрэнітэт? Прыкладна такі, як быў у БССР у складзе СССР. Ці больш сучасны прыклад: статус Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Фармальна ж яны незалежныя, хоць фактычна нікім не прызнаныя.
Гэта прыкладна такая самая лёгіка, якой прытрымлівалася Расея на пачатку 2000-х гадоў, адразу пасьля падпісаньня дамовы аб стварэньні «саюзнай дзяржавы» і прыходу да ўлады Пуціна. Тады Лукашэнка настойваў на прыняцьці спачатку Канстытуцыйнага акту «саюзнай дзяржавы», стварэньні наднацыянальных органаў улады (урад, парлямэнт), і толькі потым — пераход на адзіную валюту. А Масква прапаноўвала, наадварот, спачатку аб’яднаць грашовыя сыстэмы — і толькі потым фармаваць адзіныя органы ўлады.
Ці прыме Лукашэнка прапанову Крамля?
Цяжка ўявіць, што Лукашэнка прыме такую прапанову. Хачу нагадаць, што ён упарта працівіцца ўступленьню Беларусі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю, бо сяброўства ў ёй прадугледжвае пэўныя абмежаваньні на правядзеньне эканамічнай палітыкі. А тут яму прапануюць застацца ўвогуле бяз грошай, без уласнай грашова-крэдытнай палітыкі, падатковай палітыкі. У такім выпадку ад ягонай улады нічога не застаецца. Тады ўжо лепш амбасадарам у Зымбабвэ. Менавіта так прагназаваў лёс беларускага кіраўніка мінулым годам галоўны рэдактар «Эха Москвы» Аляксей Венядзіктаў.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.