Прызначаючы Міхаіла Лусьцянкова рэктарам Беларуска-Расейскага ўнівэрсытэту, Аляксандар Лукашэнка выказаўся пра цяперашні стан адукацыі, піша БелТА.
«Для школаў і ВНУ праграмы трэба рэанімаваць і прывесьці ў нармальны выгляд, — казаў Аляксандар Лукашэнка. — У нас часам ужо ў восьмай-дзявятай клясе вывучаюць тое, што мы раней вывучалі ў ВНУ. Няўжо так жыцьцё паскорылася? Няўжо ўсіх іх матэматыкамі рыхтуем? Таму трэба вельмі сурʼёзна заняцца адукацыяй. Калі міністар гэтага не зразумеў, значыць, ён не міністар».
Пра звальненьне цяперашняга міністра адукацыі пры гэтым не паведамлялася, хоць 15 студзеня стала вядома пра шэраг кадравых прызначэньняў, у тым ліку аднаго новага міністра — транспарту. З канца 2016 году міністэрствам кіруе былы старшыня Камуністычнай партыі Беларусі Ігар Карпенка.
Пра 4 гады ў ВНУ: «Будзем лічыць, што гэта чалавек з вышэйшай адукацыяй»
У размове з новым рэктарам Беларуска-Расейскага ўнівэрсытэту Лукашэнка ўхваліў падыход да падзелу вышэйшай адукацыі на чатырохгадовы бакаляўрэат і дадатковую магістратуру (хоць у 2017 годзе разважаў, што і трох гадоў дастаткова, каб атрымаць вышэйшую адукацыю), але прыгразіў:
«Глядзіце, каб ні ў якім разе мы не запазычвалі вось гэты вопыт, які пераняла Расея і цяпер ня ведае, што зь ім рабіць, — казаў ён. — У магістратуру павінны ісьці пераважна людзі, якія будуць займацца навукай і выкладаньнем. Усіх туды кагалам пасылаць ня трэба. Добра, мы дамо званьне бакаляўра пасьля заканчэньня ВНУ, каб дыплёмы падыходзілі, але будзем лічыць, што гэта чалавек з вышэйшай адукацыяй».
Таксама ён прыгразіў магчымай праверкай на наяўнасьць маладых людзей, якія «паступаюць у магістратуру без асаблівых прычын і ў выніку марнуюць час», і загадаў праверыць праграмы магістратуры.
Раней Лукашэнка ўжо браўся за адукацыю
У сыстэме адукацыі амаль за 25 гадоў кіраваньня Лукашэнкі адбыўся шэраг зьменаў. За гэты час шэраг інстытутаў назвалі ўнівэрсытэтамі, а гімназіі фактычна сталі звычайнымі школамі, для студэнтаў-«бюджэтнікаў» увялі пасьля дыплёму абавязковую адпрацоўку паводле разьмеркаваньня, пры паступленьні ў ВНУ большасьць экзамэнаў замянілі цэнтралізаваным тэставаньнем, 5-бальную сыстэму замянілі 10-бальнай, на нядоўгі час у школах увялі 12-ю клясу, вярнулі стандартызаваную школьную форму, пачатак школьных заняткаў перанесьлі на 9-ю гадзіну раніцы.
Пры тым Лукашэнка нярэдка крытыкуе гэтую сыстэму адукацыі, у тым ліку называе школьнікаў і студэнтаў «дэбіламі», «доўбнямі» і «інвалідамі». Часам ён выказваецца пра сваю дзейнасьць у галіне адукацыі, спасылаючыся на крытыку, якая нібы ідзе ад ягонага малодшага сына Мікалая. Напрыклад, ён заяўляў, што сын казаў яму: «Ты ўжо з 9-й гадзіны прымусіў усіх заняткі пачынаць, табе яшчэ і 5-бальную сыстэму давай».