Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Настаўнік на 1 мільён даляраў. Чаму беларусы ігнаруюць усясьветны конкурс Global Teacher Prize


Заняткі ў менскай гімназіі, архіўнае фота
Заняткі ў менскай гімназіі, архіўнае фота

Штогадовы конкурс праходзіць ужо пяты раз. Сярод фіналістаў — настаўнікі з Польшчы, Грузіі, Сэрбіі ды іншых краін. У Беларусі пра конкурс «нешта чулі».

1 мільён даляраў можа выйграць пераможца ўсясьветнага конкурсу настаўнікаў Global Teacher Prize. У 2019 годзе абрана ўжо 50 фіналістаў, але ні сярод іх, ні сярод фіналістаў іншых гадоў няма настаўнікаў зь Беларусі. Свабода разабралася, чаму так і ці падаваліся туды беларусы наогул.

Што такое Global Teacher Prize

Гэтую прэмію называюць «Нобэлеўскай прэміяй для настаўнікаў». Заснаваў яе арабскі мільярдэр Сані Варкі. Пераможца атрымлівае 1 мільён даляраў цягам 10 гадоў, па 100 тысяч на год. Каб падацца на прэмію, кандыдат павінен:

  • быць старэйшы за 18 гадоў;
  • быць настаўнікам ці займацца выкладаньнем для ўзроставай групы 5–18 гадоў;
  • ня мець судзімасьцяў;
  • ня быць у сьпісе 10 фіналістаў гэтай прэміі мінулых гадоў ці пераможцам

Таксама прэмія не павінна супярэчыць заканадаўству той краіны, адкуль паходзіць удзельнік.

У 2019 годзе прэмію прысудзяць ужо ў пяты раз. Асноўныя крытэры, па якіх вызначаюць пераможцу:

Прызнаньне дасягненьняў настаўніка ў клясе і па-за яго межамі ад вучняў, дырэктара, калегаў.

  • Дасягненьне адчувальных вынікаў выкладаньня.
  • Выхаваньне дзяцей як грамадзянаў плянэты.
  • Рэалізацыя інавацыйных і эфэктыўных мэтадаў выкладаньня.
  • Матываваньне іншых да настаўніцкай дзейнасьці, публікацыі, публічныя дэбаты.
  • Падавацца могуць самі настаўнікі, таксама іх могуць намінаваць, напрыклад, кіраўніцтва школы ці мясцовага дэпартамэнту адукацыі.

Чаму беларусы не падаюцца

Беларускі «Кодэкс аб адукацыі» і іншыя законы ўдзельнічаць у такой прэміі не забараняюць. Але пра ўдзел беларусаў у ёй не было чуваць за ўсю пяцігадовую гісторыю конкурсу. Намесьніца старшыні Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч, якая адсочвае ўдзельнікаў Global Teacher Prize, кажа, што беларусы туды не падаваліся. Гэта зьвязана з сыстэмай, якая не шануе ініцыятыву, лічыць Мацкевіч.

«Калі ў нас настаўнік робіць нешта ня толькі для школы, але і для грамадзтва, то гэта не вітаецца. Нашых настаўнікаў трымаюць у чорным целе, у іх нізкая самаацэнка. Гэта асноўныя прычыны, чаму яны не падаюцца. Сочаць не за інавацыямі, а каб у настаўніка самаацэнка раптам не павысілася», — кажа Тамара Мацкевіч.

На яе думку, настаўнікі зь Беларусі маглі б паўдзельнічаць у такім конкурсе. І таленавітых настаўнікаў хапае.

«У нас вельмі шмат настаўнікаў, якія мелі б шанцы на перамогу ў гэтым конкурсе, але гэтага не дазваляе атмасфэра. Мы заўзелі за нашу знаёмую польку на гэтым конкурсе ў 2016 годзе, яна выйшла ў фіналісты», — узгадвае Тамара Мацкевіч.

«Ня ў курсе», «чулі, але няма часу»

Свабода зьвярнулася да некалькіх пераможцаў рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік году». Яны пра конкурс «нешта чулі», але «падавацца не зьбіраліся».

Настаўніца Смалявіцкай гімназіі Ганна Севярынец пра конкурс ня чула і падавацца не зьбіраецца, але думае, што іншым настаўнікам такі конкурс мог бы быць цікавы.

«Навошта мне сусьветнае прызнаньне, калі мне патрэбнае прызнаньне ў клясах? Я нават не цікаўлюся конкурсамі. Але ёсьць настаўнікі, якім было б гэта цікава. Але ўдзел у конкурсах адбірае час ад заняткаў», — кажа Ганна Севярынец.

А што ў суседзяў?

Для ўдзелу ў Global Teacher Prize ня трэба праходзіць ніякага нацыянальнага адбору, але нацыянальныя варыянты прэміі існуюць шмат у якіх краінах, напрыклад, ва Ўкраіне. У межах прэміі абіраюць пераможцу, які пасьля ўдзельнічае ва ўсясьветнай прэміі Global Teacher Prize.

У 2017 годзе ў ТОП-50 удзельнікаў Global Teacher Prize увайшла ўкраінская настаўніца ангельскай мовы Ганна Дудзіч. Тады яшчэ ва Ўкраіне не было нацыянальнай прэміі Global Teacher Prize, дакумэнты на ўдзел настаўніца падавала сама. А летась нацыянальную прэмію выйграў настаўнік інфарматыкі Аляксандар Жук і атрымаў 250 тысяч грыўняў. Пры гэтым ва Ўкраіне, як і ў Беларусі, існуе конкурс «Настаўнік году».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG