Беларускі дзяржаўны і Беларускі дзяржаўны мэдычны ўнівэрсытэты здалі пазыцыі ў рэйтынгах RUR World University і RUR Subject па большасьці паказьнікаў.
У рэйтынгу ўнівэрсытэтаў сьвету ў параўнаньні 2017 годам сёлета БДУ спусьціўся на 40 пазыцыяў і цяпер знаходзіцца на 706 месцы, усяго ў рэйтынгу 783 пазыцыі. БДМУ спусьціўся на 27 пазыцый — на 772 месца. Сёлета ўпершыню ў рэйтынг патрапіў Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы, які займаецца павышэньнем кваліфікацыі і перападрыхтоўкай кадраў. Інстытут уваходзіць у структуру БДУ і заняў 731 месца ў рэйтынгу.
У рэйтынг RUR Subject, які ацэньвае ВНУ паводле сфэраў вывучэньня ўвайшоў 761 унівэрсытэт, зь беларускіх — патрапіў толькі БДУ паводле 4 з 6 прадметаў вывучэньня:
- Гуманітарныя навукі — 570 месца (за год страціў 68 пазыцый);
- «Навукі пра жыцьцё» — 555 месца (за год −18 пазыцый);
- Прыродазнаўчыя дысцыпліны — 531 месца (за год −21 пазыцыя);
- Сацыяльныя навукі — 477 месца (за год +73 пазыцыі).
Беларускія ўнівэрсытэты не былі прадстаўлены ў мэдычнай і тэхнічнай сфэрах.
Найлепшым унівэрсытэтам, паводле RUR World University, сёлета стаў Гарвардзкі ўнівэрсытэт, закрыла рэйтынг — Расейская дзяржаўная акадэмія юстыцыі.
Round University Ranking — міжнародная рэйтынгавая сыстэма, якая ацэньвае эфэктыўнасьць 850 унівэрсытэтаў з 80 краін. Рэйтынг складаюць з 2010 году. Вынікі дасьледаваньня прэзэнтуе RUR-агенцыя, заснаваная ў 2013 годзе ў Маскве.
Паводле QS World University Rankings, БДУ сёлета заняў 354-е месца адразу пасьля Лёнданскага ўнівэрсытэту. За БДУ ў рэйтынгу Маскоўскі інстытут міжнародных адносін і Oxford Brookes University, вядомы як Оксфардзкая палітэхніка. У мінулым годзе БДУ быў на 334 месцы. Першае месца заняў — Масачусэцкі тэхналягічны інстытут.