Пакрысе разгараецца скандал: прыватная кампанія па дамове з Мінадукацыі зьбірае адбіткі пальцаў у школьнікаў дзесяці менскіх школаў.
Называецца ўсё прыгожа: інавацыйны праект, які рэалізуецца ў цесным супрацоўніцтве Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру спартовай і прафэсійнай арыентацыі і Міністэрства адукацыі.
Мэта ў гэтай кампаніі прыкольная: па адбітках пальцаў высьветліць, да якога зь відаў спорту схільнае дзіця. Міністэрства спорту ад гэтай ініцыятывы, між тым, адхрысьцілася: дэрматагліфічныя тэсты — паранавука. Але ж калі Мінадукацыі баялася паранавукі! Пхе! Калі яно наогул чаго-небудзь баялася!
Фінансавы бок справы мне невядомы, але, крыху паразважаўшы, можна ўявіць, якія выгады ўтрымлівае такое супрацоўніцтва. М-м-м-м-м, салодка нават проста фантазіраваць пра гэта.
І каб жа гэта была першая такая салодкая ініцыятыва простага, непрыкрытага нажываньня на дзецях! Лоўкасьць рук, ніякага махлярства! Прыкладам, бясконцыя фатографы ў дзіцячых садках і школах. Увосень і ўлетку, з кацянятамі і ў касьцюмах піратаў, з залатымі літарамі і далікатным дарэвалюцыйным правапісам — божа ж ты мой! А як адмовіць дзіцяці? Усе фатаграфуюцца — а ты ня будзеш. Гэта трэба асаблівая моц.
Ці — тэатар. Гэта шчэ страшней за фатографаў. Купалаўцы і ТЮГ — яны ж па садках не езьдзяць. Езьдзяць нейкія незразумелыя людзі, паказваюць нейкія сьцэнкі, дзіця нават успомніць ня можа потым, што там было, а каштуе — па тры рублі з носу! І ня даць нельга! Уся група пойдзе — а твой, на якога пашкадавалі тры рублі, адзін у групе будзе сядзець? Шчэ як у садок хадзілі мае старэйшыя — тэатры прыяжджалі недзе раз на два месяцы. Як хадзіў малодшы — кожны тыдзень!
Ці — кіслародны кактэйль. Здавалася б — нішто сабе справа! Плаціш паўтары рублі — і на перапынку табе цёценька ў белым халаціку налье вады з сыропам і забацае ўсё гэта пухіркамі. Паўтары рублі! Тыдзень цёценька сядзіць у адной школе, тыдзень — у другой, шчэ па тыдні — у садках, ага. І зноў жа — стаўка на дзяцей: як усе будуць піць, дык кожны падцягнецца.
Маючы трох дзяцей, як пракарміць усю гэтую плойму дзялкоў? І, здаецца, нічога благога людзі ж ня робяць. Проста прапануюць няякасныя паслугі па астранамічным кошце неразборлівай мэтавай аўдыторыі, маніпулюючы псыхалягічнымі асаблівасьцямі кліентаў.
А што такога? Паўсьвету так жыве. Адно радуе: мае дзеці зь дзіцячага садку ўмеюць не фатаграфавацца, калі ўсе фатаграфуюцца, не хадзіць у тэатар, калі ўсе ідуць, і піць кіслародны кактэйль толькі тады, калі няма куды дзець кішэнныя паўтары рублі. Спадзяюся, і ў спорт яны пойдуць у той, да якога ляжыць душа, а ня ў той, да якога схільныя адбіткі пальцаў.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.