Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд адмовіўся разглядаць пазоў супраць будоўлі пастарунку ў менскім двары


Схема будоўлі
Схема будоўлі

Справа непадведамная суду, пастанавіў судзьдзя Аляксандар Кузьміч і спаслаўся на 37-ы артыкул Грамадзянска-працэсуальнага кодэксу.

Сутнасьць справы

У двары на вуліцы Данілы Сердзіча, 12 узводзяць будынак для пракуратуры, ДАІ і гарадзкога аддзелу міліцыі. Паводле Дзяніса Тушынскага з экалягічнай арганізацыі «Зялёны дазор», жыхары выказаліся супраць разьмяшчэньня тут аддзелу міліцыі і будоўлі вялікай паркоўкі побач зь ім. Але гэтыя і большасьць іншых заўваг улады праігнаравалі, а праект зьмянілі бязь ведама жыхароў, кажа Тушынскі. Таму ён падаў у суд на адміністрацыю Фрунзенскага раёну, каб спыніць будоўлю і правесьці паўторнае абмеркаваньне.

9 студзеня на папярэднім паседжаньні суд вызначыў у якасьці другога адказьніка Менгарвыканкам.

14 студзеня прадстаўнік Менгарвыканкаму ў суд не зьявіўся. Прадстаўнік жа адміністрацыі Фрунзенскага раёну Павал Тумас падаў хадайніцтва аб спыненьні разгляду справы на падставе яе непадведамнасьці. Судзьдзя Аляксандар Кузьміч з хадайніцтвам пагадзіўся і справу спыніў.

Дзяніс Тушынскі
Дзяніс Тушынскі

Дзяніс Тушынскі плянуе абскардзіць гэтае рашэньне ў Менскім гарадзкім судзе.

«Лічу, адбылася змова зь Менгарвыканкамам, таму яны нават не даслалі ў суд свайго прадстаўніка, а праінструктавалі адміністрацыю Фрунзенскага раёну, як трэба дзейнічаць, на што трэба спасылацца», — кажа эколяг і тлумачыць, чаму ня згодны з прысудам:

«Па-першае, яўна парушана маё права на абскарджваньне дзеяньняў адміністрацыі раёну. Па-другое, так і не вырашаецца асноўнае пытаньне — пра будоўлю, якая вядзецца з парушэньнем закону і супраць якой выступаюць мясцовыя жыхары, чые правы былі парушаныя. Дарэчы, гэта ўжо ня першы выпадак, калі скаргі людзей на незаконныя будоўлі адкідаюць, спасылаючыся на непадведамнасьць», — сказаў у камэнтары Свабодзе эколяг Дзяніс Тушынскі.

Ён мяркуе, што яшчэ рэальна дамагчыся, каб у будынку ня месьціўся пастарунак.

«Лічу, яшчэ магчыма зьмяніць тут хаця б аднаго гаспадара — гарадзкі аддзел міліцыі. У цокальным паверсе заплянаваныя падземныя камэры, значыць, вакол пляцоўкі будзе калючы дрот, аўтазакі дзень і ноч будуць езьдзіць. А гэта нікому з жыхароў ня трэба», — кажа Тушынскі.

Прадстаўнік адміністрацыі Фрунзенскага раёну Павал Тумас ня згодны, што грамадзкае абмеркаваньне праекту будоўлі на вуліцы Данілы Сердзіча, 12, якое праводзілі ў 2016 годзе, было арганізавана з парушэньнямі.

Паводле чыноўніка, інфармацыя пра абмеркаваньне была разьмешчаная ў патрэбныя тэрміны, вытрыманыя ўсе іншыя «працэдурныя патрабаваньні».

Ён дадаў, што раённая адміністрацыя праводзіць грамадзкае абмеркаваньне не са сваёй ініцыятывы, а на загад Менгарвыканкаму.

«Новае грамадзкае абмеркаваньне аб’екта можа прызначыць Менгарвыканкам, ягоны Камітэт па архітэктуры і будаўніцтве, туды вам і трэба зьвяртацца. Таксама вы можаце дамагацца правядзеньня будаўнічай экспэртызы», — раіў Павал Тумас Дзянісу Тушынскаму 9 студзеня, на папярэднім паседжаньні.

Будоўлю плянуюць завяршыць у верасьні 2019 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG