13 студзеня на плошчы Леніна ў Берасьці зноў сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага 2018 года, перадае БелаПАН.
Па дадзеных праваабаронцы Ўладзіміра Вялічкіна, у 12.20 на плошчы знаходзілася каля 200 чалавек.
Як паведаміў актывіст Дзям'ян Лепясевіч, у канцы сьнежня прыйшоў адказ Мінпрыроды аб тым, што 21 сьнежня дапрацаваны праект будаўніцтва завода, адкліканы раней праектыроўшчыкам з паўторнай дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, ізноў паступіў на экспэртызу.
Але прадстаўнікі грамадзкасьці не змаглі атрымаць а ТАА «АйПауэр» гэтую праектную дакумэнтацыю з унесенымі зьменамі.
«У дадзеным выпадку »АйПауэр« парушыў закон аб дзяржаўнай экалягічнай экспэртызе, у адпаведнасьці зь якім распрацоўшчык праекта абавязаны прадстаўляць грамадзянам і юрыдычным асобам магчымасьць азнаямленьня з дакумэнтацыяй, што накіроўваецца на дзяржаўную экалягічную экспэртызу», – заявіў Лепясевіч.
Будаўніцтва акумулятарнага завода ТАА «АйПауэр» вядзецца на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» ў свабоднай эканамічнай зоне «Брэст». На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасьці сьвінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Берасьця і Берасьцейскага раёну лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэньняў і дамагаюцца спыненьня будаўніцтва.