На сайце Petitions.by апублікаваны адказ намесьніка старшыні адміністрацыі Маскоўскага раёну Менску Ўладзімера Танкевіча на зварот аб захаваньні зялёнай зоны ля вуліц Рафіева і Гарэцкага, які падпісалі 670 карыстальнікаў.
Менчукі зьвярталі ўвагу на тое, што ў праекце дэталёвага плянаваньня раёну яблыневага саду прадугледжанае будаўніцтва «шматфункцыянальнага культурна-відовішчнага цэнтру з паркоўкай». Аўтары пэтыцыі сьцьвярджалі, што актыўнае будаўніцтва ў раёне ўжо нашкодзіла зялёнай зоне: зьменшылі плошчу парку, павысякалі дрэвы, зьнішчылі глебу, забрудзілі вадаём.
У пэтыцыі згадалі таксама скандальнае будаўніцтва фізкультурнага цэнтру на вуліцы Рафіева — у справе аб крадзяжы і перавышэньні паўнамоцтваў падчас будаўніцтва быў затрыманы бацька сьпявачкі Ксеніі Сітнік.
«Яблыневы сад па дыяганалі можна прайсьці ўсяго за восем хвілінаў, — пісалі ў звароце. — Гэта ня тыя плошчы, на якіх варта дадаткова разьмяшчаць культурна-відовішчныя цэнтры, паркоўкі і канатныя дарогі. Сад мае зусім іншую функцыянальнасьць. Жыхары прыходзяць сюды адпачыць ад бэтонных сьцен і дарог з асфальтавым пакрыцьцём, паслухаць сьпевы птушак, а ня роў атракцыёнаў».
Праект канатнай дарогі абурыў жыхароў сумнеўнай акупнасьцю: «знойдзецца мала ахвочых плаціць 2-4 рублі за сумнеўную асалоду зрабіць вельмі кароткае падарожжа, аглядаючы тыпавыя шматпавярхоўкі і трубы ЦЭЦ-4».
Адміністрацыя раёну разглядзела зварот і пастанавіла выключыць з праекту «шматфункцыянальны цэнтар» у сувязі зь «незабясьпечанасьцю насельніцтва раёну азялененымі тэрыторыямі агульнага карыстаньня», а таксама наяўнасьцю аналягічных забаўляльных аб’ектаў паблізу і «адсутнасьцю зацікаўленасьці жыхароў раёну» ў разьмяшчэньні аб’екту. Таксама пастаноўлена «мінімізаваць і пры магчымасьці выключыць» у парку аб’екты добраўпарадкаваньня кшталту спартовых пляцовак, атракцыёнаў і «зялёнага тэатру».
Праект дэталёвага плянаваньня саду вырашылі дапоўніць згадкай пра неабходнасьць пляцоўкі для выгулу сабак, а таксама прадугледзіць максымальнае захаваньне расьлінаў; пры «адсутнасьці вострай неабходнасьці» выключыць з праекту дарогу.
Тым часам жыхары іншага раёну Менску — Цэнтральнага — зьбіраюць подпісы за «Нямігу без галёшаў»: за вырашэньне праблемы з пастаяннымі вялікімі лужынамі ў самым цэнтры сталіцы. На момант публікацыі набралася 144 подпісы.