9 студзеня ў гатэлі DoubleTree by Hilton прайшла адкрытая сустрэча з нобэлеўскай ляўрэаткай Сьвятланай Алексіевіч, якую ініцыявала ІТ-кампанія Andersen People. Першапачатковай умовай для ўдзелу журналістаў было патрабаваньне ўзгадняць матэрыялы перад публікацыяй. Гэта вызвала абурэньне журналісцкай супольнасьці і самой літаратаркі.
Свабода расказвае, як арганізатары ажыцьцяўлялі цэнзуру і пра што казала Сьвятлана Алексіевіч на сустрэчы.
Храналёгія падзей
- 4 студзеня — арганізатары патрабуюць ад журналістаў узгадняць матэрыялы, якія яны падрыхтуюць у выніку сустрэчы. Гэта абавязковая ўмова ўдзелу прадстаўнікоў СМІ ў мерапрыемстве.
- 5 студзеня — Сьвятлана Алексіевіч называе абсалютным глупствам патрабаваньне арганізатараў сустрэчы да журналістаў узгадняць матэрыялы да публікацыі.
- 8 студзеня — арганізатары выбачаюцца «за сумбур». Кажуць, што ня маюць дастаткова практыкі правядзеньня такіх імпрэзаў і анансуюць жывую трансьляцыю падзеі ў «Фэйсбуку», дзе кожны зможа пакінуць камэнтар з пытаньнем.
- 9 студзеня — У дзень сустрэчы арганізатары працягваюць настойваць на абмежаваньнях для журналістаў. «Трансьляцыю падзеі вядзём толькі мы. Усе пытаньні Сьвятлане Аляксандраўне падаюцца праз камэнтары да трансьляцыі. Папярэджваем, што складаную апаратуру (акрамя кішэнных дыктафонаў, фотаапаратаў і пераносных відэакамэр) ахова гатэлю не прапусьціць».
Як было на справе
Арганізатары загадзя папярэдзілі, што «складаную апаратуру ахова не прапусьціць», аднак на месцы рэчы не правяралі. На стойцы рэгістрацыі СМІ акрэдытаваным журналістам нічога не казалі. Арганізатары ніяк не камэнтавалі скандалу вакол цэнзуры.
Спачатку пытаньні Сьвятлане Алексіевіч задаваў уладальнік і дырэктар кампаніі Andersen People Аляксандар Хоміч, які мадэраваў сустрэчу. Пасьля з залі спыталі, калі дадуць слова грамадзкасьці. Далі праз гадзіну.
Пытаньні з залі задавалі ў свабодным парадку. Адна глядачка спытала, як Алексіевіч ацэньвае сучасны стан Беларусі, на што мадэратар адказаў: «Мы сабраліся тут гаварыць пра літаратуру». Аднак Сьвятлана Алексіевіч усё адно адказала на пытаньне жанчыны.
Што казала Сьвятлана Алексіевіч
Пра прызначэньне
«Я не адчуваю сябе вялікім чалавекам. Паднялася такая раніцай і адчуваеш сябе нобэлеўскім ляўрэатам? Не. Я звычайны чалавек».
Пра сучасную Беларусь
«Беларусь — чалавек, які сьпіць. Што яго абудзіць, пакуль невядома. Павінна быць нейкае ўзрушэньне».
Пра беларускую адукацыю
«Я б не вучылася ў Беларусі».
Пра нацыянальную ідэю
«Стаць беларусамі — наша нацыянальная ідэя».
Пра вайну
«Я была на вайне ў Аўганістане і магу сказаць: вайна бывае неверагодна прыгожай, і гэта жахліва. Самае цяжкае на вайне — застацца чалавекам».
Пра кошт чалавечага жыцьця
«Чалавечае жыцьцё сёньня стала даражэйшым. Палітыкі мусяць рабіць так, каб нам ня трэба было класьціся на кулямёт ці абуваць боты і ісьці на фронт забіваць людзей. Таму для мяне, напрыклад, вайна ў Сырыі — вар’яцтва».
Пра помнік у Курапатах
«Мне казалі, што я павінна ўзначаліць камісію ў пытаньнях помніка ў Курапатах. Я засьмяялася і сказала: помнік у Курапатах — гэта не паставіць камень або забіць крыж. Гэта значыць стварыць дыскусію, абмеркаваць, адказаць на пытаньні, адкрыць архівы. А паставіць помнік — прасьцей простага».
Пра будаўніцтва атамных электрастанцый
«Будаваць атамныя электрастанцыі сёньня — амаль злачынства. Дай Бог закрыць старыя».
Пра свабоду слова
«Мы ўсе мусім будаваць сваю дзяржаву. Я супраць любых абмежаваньняў свабоды слова. Мы павінны быць у дыскусіі».
Пра «рускую душу»
«Гэта такая ж чалавечая душа, як ва ўсіх. У ёй шмат жорсткасьці праз гісторыю, якую пражыў расейскі народ». Забіваць — не такая простая справа. Трэба генэтычнае назапашваньне агрэсіі і нянавісьці».
Пра сьветапогляды
«Я люблю рускага чалавека. Я чалавек рускай культуры. Я склалася на Талстым, Дастаеўскім, Чэхаве — вось дзе мае сьветапогляды, мае карані».
Пра тое, што не падабаецца ў сучаснай Беларусі
«Няма свабодных людзей і свабоднай краіны. Не падабаецца глухое сялянства, зь якога мы з такой цяжкасьцю выпаўзаем. Не падабаюцца гэтыя каштоўнасьці — сядзець ціхенька на канапе і нікуды не вылазіць».
Пра зьмены
«Існуе наіўнае ўяўленьне, што прыйдзе новы чалавек — і ўсё імгненна зьменіцца. А хто памяняе мільёны людзей, якія адпавядаюць гэтаму чалавеку наверсе? Яны ж адмыслова падабраныя за гэты час на свае месцы.
Лябедзька хоча, каб прыйшла Алексіевіч, і тады нібыта стане іншая краіна. Ну ня стане! Зьмены — гэта не прыход Алексіевіч ці кагосьці яшчэ, а вялікая праца ўсіх людзей. Вялікая і цяжкая праца ўсіх нас на тое, каб краіна зьмянілася».
Пра мінуўшчыну і сучаснасьць
«У нас ёсьць мінулае, якое мы вынесьлі зь цемры, але мы зусім бездапаможныя ў сучаснасьці».
Пра беларускую моладзь
«Грэх кепска думаць пра моладзь. Жыцьцё не зьмянілася. Прыйшлі нашы клоны, і яны таксама баяцца. Але я веру ў ініцыятывы зьнізу. У моладзі ўсё ж больш біялягічнага часу».
Бліц-апытаньне
— Колькі моваў вы ведаеце?
— Ніводнай мовы добра ня ведаю.
— Якія пяць кніг вы можаце парэкамэндаваць?
— Я б параіла лекцыі Пруста.
— Як быць шчасьлівым у Менску?
— Мне тут добра. Я хацела жыць дома, сярод сваіх людзей і краявідаў.
— Калі выйдзе ваша кніга пра каханьне?
— Ня ведаю. Я доўга пішу.
— Дзе знаходзіцца ваша радзіма?
— Вядома, гэта Беларусь.
— Чаго бракуе беларусам?
— Тэмпэрамэнту.
— Улюбёны літаратурны герой?
— Князь Андрэй Балконскі з рамана «Вайна і мір».
— Улюбёныя месцы ў Менску?
— Я жыву, прабачце, у доме Чыжа. І я люблю від на Сьвіслач і на маленькі парк побач.
— Кім вы хочаце застацца ў памяці?
— Мне не падабаецца гэтая валтузьня зь целам. Лепш проста зьнікнуць. Я прасіла, каб мой прах разьвеялі. Ды і навошта сьпяшацца? Жыць цікава.
— Вы сталі чалавекам сьвету. А які гэта сьвет?
— Сёньня сьвет розны. Можна сказаць, узьняўся сярэдні чалавек. Татальнае панаваньне сярэдняга чалавека — адваротны бок дэмакратыі.