Францускі ўрад паведаміў аб тым, што рух «жоўтых камізэлек» атрымлівае падтрымку з-за мяжы. Пра гэта заявіў у сераду, 9 студзеня, у Парыжы прэс-сакратар кабінэта міністраў Бэньямін Грыву, паведамляе Deutsche Welle.
Паводле яго, некаторыя дэманстранты, якія праяўляюць гвалт, адносяцца да лягеру ультралевых, іншыя — да лягеру ўльтраправых. «Толькі з таго, што нехта апрануў жоўтую камізэльку, не вынікае, што ён падзяляе тыя ж ідэі», — падкрэсьліў Грыву.
Прэс-сакратар ураду, у прыватнасьці, крытычна выказаўся з нагоды асьвятленьня дэманстрацый расейскім тэлеканалам RT. «Вядома і ўхваленьне (пратэстаў. — РС) некаторымі інструмэнтамі прапаганды, якія я не хачу называць СМІ, такімі, як Russia Today», — сказаў ён, зазначыўшы, што для некаторых дэманстрантаў гэта, наадварот, «адзіныя свабодныя мэдыя».
Падтрымка «жоўтых камізэлек» у Італіі
Акрамя таго, Грыву зьвярнуў увагу на тое, што некаторыя чальцы ўраду Італіі адкрыта выказалі маральную падтрымку пратэстоўцам. 7 студзеня сябра правапапулісцкага руху «5 зорак», які ўваходзіць у кіроўную кааліцыю Італіі, Люіджы ды Маё выказаў салідарнасьць з дэманстрантамі ў жоўтых камізэльках. Іх партнэр ва ўрадзе — правая партыя «Ліга», чальцом якой зьяўляецца кіраўнік МУС Італіі Матэа Сальвіні, — асудзіла праявы гвалту, аднак у цэлым падтрымала пратэсты.
Выступленьні руху «жоўтых камізэлек», распачатага як пратэст супраць падвышэньня тарыфаў на паліва, перарасьлі ў масавыя беспарадкі. Нягледзячы на тое, што ўлады пайшлі на саступкі мітынгоўцам, дэманстрацыі не спыніліся і прадоўжыліся ўжо ў якасьці нязгоды з агульнай палітыкай Эманюэля Макрона. Кіраўніцтва краіны заявіла, што пратэст «апанавалі» радыкальныя актывісты правага і левага кірунку.