Анансаванага некаторымі СМІ зьніжэньня цэнаў на аўтамабільнае паліва 2 студзеня не адбылося. Аднак канцэрн «Белнафтахім» абяцае, што бэнзін днямі ўсё ж патаньнее.
У гэтым запэўніла Свабоду прадстаўніца канцэрну Марына Касьцючэнка.
«Я ня ведаю, хто каму абяцаў, што менавіта 2 студзеня бэнзін патаньнее. Старшыня канцэрну Андрэй Рыбакоў, наведваючы „Нафтан“ 30 сьнежня, сказаў, што 2-3 студзеня будзем абмяркоўваць гэтае пытаньне. Калі вырашым — так, панізім. Дакладна не плянавалася ад 2 студзеня паніжаць. Але сапраўды мы прапанавалі крыху зьнізіць цэны. Чакаем, што неўзабаве такое рашэньне будзе прынятае», — удакладніла Марына Касьцючэнка.
30 сьнежня кіраўніцтва канцэрну «Белнафтахім» унесла прапановы аб зьніжэньні цэнаў на маторнае паліва на ўнутраным рынку. Пра гэта заявіў старшыня канцэрну Андрэй Рыбакоў падчас наведваньня ААТ «Нафтан».
«Калі фактычная цана барэля нафты ў студзені 2019 году будзе захоўвацца ў дыяпазоне 52-55 даляраў, разглядаецца зьніжэньне кошту на 1 капейку для дызэльнага паліва і на 2 капейкі для бэнзіну. Таксама прадугледжваецца сьвяточная зьніжкавая кампанія», — цытуе Андрэя Рыбакова БелТА.
У 2018 годзе цэны на паліва мяняліся 27 разоў. Увесь час у бок падвышэньня.