Касьмічны зонд New Horizons пасьпяхова праляцеў міма самага аддаленага аб’екта ў Сонечнай сыстэме, які калі-небудзь дасьледавалі людзі, паведамілі ў амэрыканскім касьмічным агенцтве NASA.
Раніцай 1 студзеня апарат наблізіўся на 3,5 тысячы кілямэтраў да астэроіда Ultima Thule ў поясе Койпэра. Гэтая касьмічная вобласьць, разьмешчаная за арбітай найбольш аддаленай ад Сонца плянэты Нэптун, складаецца з дробных абломкаў, якія засталіся ад фармаваньня Сонечнай сыстэмы.
Каб наблізіцца да Ultima Thule, зонд выправіўся ў шлях у 2006 годзе і праляцеў за гэты час 6,5 мільярда кілямэтраў, што ў 44 разы больш за адлегласьць ад Зямлі да Сонца.
Пралятаючы міма астэроіда, New Horizons зрабіў гігабайты фатаграфіяў і атрымаў шмат навуковай інфармацыі. Аднак з прычыны значнай адлегласьці ад Зямлі і слабой сувязі (1 кілабіт / сэк), усе гэтыя дадзеныя будуць паступаць на Зямлю аж да вераснья 2020 году.
Першы радыёсыгнал NASA ўжо атрымалі праз адну з сваіх радыёантэнаў у Мадрыдзе. Сыгнал ад Ultima Thule да Зямлі 6 гадзін і 8 хвілін.
Першыя фатаздымкі, зробленыя ў напрамку астэроіда, маюць быць атрыманыя ўжо 2 студзеня.
У поясе Койпэра налічваюць сотні тысяч аб’ектаў, падобных на Ultima Thule. Яны могуць расказаць навукоўцам пра ўмовы, у якіх фармавалася наша зорная сыстэма 4,6 мільярда гадоў таму.
У 2015 годзе зонд дапамог атрымаць больш інфармацыі пра карлікавую плянэту Плютон.
Аднак рэкорд самых аддаленых ад Зямлі місій належыць двум іншым апаратам NASA: Voyager 1 і 2, якія стартавалі ў 1977 годзе і да гэтага часу выходзяць на сувязь.