Расейская праваслаўная царква створыць экзархат (намесьніцтва) у Заходняй Эўропе. Рашэньне аб гэтым было прынятае ў пятніцу на Сынодзе царквы ў Маскве.
Піша карэспандэнт Радыё Свабода ў Парыжы Раман Магучы.
Адказ Масквы Канстантынопалю
Новы эўрапейскі экзархат з цэнтрам у Парыжы стане адказам Масквы на дзеяньні Канстантынопальскай праваслаўнай царквы ва Ўкраіне. Канстантынопаль стварыў новую ўкраінскую праваслаўную царкву і рыхтуецца надаць ёй незалежнасьць — што выклікае рэзкае непрыманьне ў РПЦ.
Новы экзархат будзе аб’ядноўваць прыходы РПЦ у краінах Заходняй Эўропы — Андоры, Бэльгіі, Вялікабрытаніі, Ірляндыі, Гішпаніі, Італіі, Ліхтэнштэйне, Люксэмбургу, Манака, Нідэрляндах, Францыі і Швэйцарыі. Цэнтар экзархату будзе ў Парыжы — цытуе «Інтэрфакс» прэсавага сакратара патрыярха Кірыла (Гундзяева) айца Аляксандра Волкава.
У лістападзе Канстантынопальскі патрыярхат расфарміраваў экзархат расейскіх прыходаў у краінах Эўропы. Ён быў створаны ў 1931 годзе для эмігрантаў з Расеі.
Той экзархат аб’ядноўваў прыкладна 80 прыходаў у каталіцкіх і пратэстанцкіх краінах Заходняй Эўропы. У гэтых грамадах захоўваюцца службы на царкоўнаславянскай мове, большая частка прыхаджан і духавенства выводзіць сваю пераемнасьць ад белай эміграцыі.
У Канстантынопалі рашэньне патлумачылі жаданьнем «умацаваць сувязь» расейскіх прыходаў з патрыярхатам.
РПЦ заклікае Канстантынопальскія прыходы далучыцца да яе
Духавенства распушчанага расейскага экзархату абвясьціла аб скліканьні агульнага сходу кіруючага эпархіяльнага аб’яднаньня праваслаўных расейскіх асацыяцый у Заходняй Эўропе, дзе будзе абмяркоўвацца рашэньне аб роспуску.
Частка прыходаў экзархату нязгодная з рашэньнем аб роспуску і абмяркоўвае магчымасьць далучыцца да РПЦ. Два сьвятары з Флярэнцыі, якія адкрыта абвясьцілі аб пераходзе ў РПЦ, ужо забароненыя ў служэньні.
Пасьля пасяджэньня Сыноду ў Маскве кіраўнік аддзелу зьнешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага патрыярхату мітрапаліт Іларыён (Алфееў) заявіў, што ведае, што многія абшчыны Канстантынопаля ў Заходняй Эўропе жадаюць далучыцца да РПЦ. Ён сказаў, што Масква гатовая да гэтага.
РПЦ і Канстантынопаль канфліктуюць з прычыны стварэньня новай праваслаўнай царквы ва Ўкраіне
15 сьнежня на саборы ў Кіеве была створана Праваслаўная царква Ўкраіны. Цяпер яна падпарадкоўваецца Канстантынопальскай царкве, але ў студзені павінна атрымаць ад яе аўтакефалію — незалежнасьць.
Пры гэтым большасьць прыходаў ва Ўкраіне па-ранейшаму належаць Украінскай праваслаўнай царке Маскоўскага патрыярхату і падпарадкоўваюцца патрыярху Кірылу.
Пытаньне аб стварэньні царквы застаецца вельмі палітызаваным — прэзыдэнт Украіны Пётар Парашэнка на саборы ў Кіеве называў стварэньне новай структуры «геапалітычная катастрофа тысячагодзьдзе» для Ўладзіміра Пуціна.
Ва Ўкраінскай праваслаўнай царкве Маскоўскага патрыярхату асьцерагаюцца, што прыхаджан і духавенства будуць змушаць пераходзіць у новую царкву.
Што важна ведаць пра раскол праваслаўных цэркваў
Патрыярх Кірыл прыляцеў у Менск 13 кастрычніка, каб правесьці 15 кастрычніка сынод Расейскай праваслаўнай царквы. Па выніках сыноду РПЦ спыніла эўхарыстычную лучнасьць з Канстантынопалем.
- Вернікам РПЦ забаронена маліцца ў турэцкіх Стамбуле і Анталіі, грэцкіх Крыце, Родасе, астравах архіпэлягу Дадэканэс, а таксама ў манастырах на грэцкім Афоне.
- «Раскол» тычыцца і беларускіх вернікаў РПЦ. Але, як тлумачыла Свабодзе тэоляг Натальля Васілевіч, кожны вернік сам можа вырашыць, як ставіцца да рашэньня РПЦ.
- За адмову трымацца рашэньня Сыноду РПЦ духавенству пагражае звальненьне з пасады, часовая або пажыцьцёвая забарона служыць, пазбаўленьне сану і адлучэньне ад царквы.
- 13 кастрычніка ля сабора Сьвятога Духа патрыярха Кірыла сустракалі хлебам з сольлю, але ён прайшоў міма. Звычайныя вернікі глядзелі набажэнства на экране.
- Гэта скрытыкаваў у сваім фэйсбуку сьвятар менскага прыходу Аляксандар Шрамко. 16 кастрычніка сьвятара звольнілі зь менскай эпархіі за крытыку патрыярха.
- Кірыл заявіў, што Беларусь — асаблівая частка Русі, а Белай яе назвалі, мабыць, таму, што яна ніколі не падпадала «пад залежнасьць іншаземных і іншаверных урадаў». Што трэба разумець пад словам «Русь», герарх не патлумачыў.
- На фоне візыту расейскі дыякан Андрэй Кураеў заўважыў, што скасаваньне Канстантынопалем патрыяршай граматы 1686 году аб пераходзе Кіеўскай мітраполіі пад Маскву тычыцца як Украіны, так і Беларусі. Бо тады, у XVII ст., да Кіеўскай мітраполіі належала і беларуская тэрыторыя.