Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Белпошта» аднавіла прыём карэспандэнцыі ва Ўкраіну


22 сьнежня РУП «Белпошта» спыніла прыём і перасылку паштовых адпраўленьняў ва Ўкраіну. 27 сьнежня Свабодзе паведамілі, што ўсе паштовыя адпраўленьні на адрас суседняй краіны зноў прымаюцца.

У адным з абласных філіялаў карэспандэнту Свабоды сказалі, што раніцай 22 сьнежня зь менскай «Белпошты» паступіў ліст аб закрыцьці міжнародных паштовых адпраўленьняў ва Ўкраіну. У ім гаварылася, што згодна з паведамленьнем «Укрпошты» трэба «часова закрыць прыём усёй пошты, лістоў, пасылак, EMS ва Ўкраіну да далейшага паведамленьня». «Інфармуйце кліентаў пра тое, што з 22 сьнежня спынены прыём паштовых адпраўленьняў адрасатам Украіны», — адзначалася ў паведамленьні.

Позна ўвечары 22 сьнежня прыйшла ўжо новая тэлеграма з галаўнога офіса «Белпошты» — пра аднаўленьне прыёму паштовых адпраўленьняў з прызначэньнем ва Ўкраіну.

Карэспандэнт Свабоды спрабаваў высьветліць, зь якой прычыны было прынятае такое распараджэньне.

«Я не валодаю такой інфармацыяй, — сказала Свабодзе начальнік упраўленьня маркетынгу «Белпошты» Натальля Федарэц. — Па паштовых правілах грамадзяне, якім вярнулася карэспандэнцыя, могуць зьвярнуцца па тлумачэньні асабіста да нас».

На «Ўкрпошце» Свабодзе сказалі, што не было ніякіх абмежаваньняў на ўзроўні дачыненьняў зь «Белпоштай».

Але там зьвяртаюць увагу, што ўскладнілася апрацоўка міжнародных адпраўленьняў у аэрапорце «Барыспаль», празь які прымаецца і адпраўляецца за мяжу значная колькасьць грузаў.

Аэрапорт нават увёў эмбарга на імпартныя грузы ў пэрыяд з 24 сьнежня па 4 студзеня з прычыны вялікіх аб‘ёмаў грузаў і ў сувязі з кепскім надвор’ем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG