Сэрбская праваслаўная царква падрывае незалежнасьць Чарнагорыі, таму чарнагорскія ўлады дабіваюцца аднаўленьня аўтакефальнай Чарнагорскай праваслаўнай царквы.
Пра гэта ў інтэрвію тэлепраграме «Жывая праўда» заявіў прэзыдэнт Чарнагорыі Міла Джуканавіч, інфармуе RTCG.
«Сэрбская праваслаўная царква вельмі настойліва падрывае чарнагорскую незалежнасьць. Я лічу, што неабходна працягнуць працу па аднаўленьні аўтакефальнай Чарнагорскай праваслаўнай царквы, і дзяржава будзе займацца гэтым і несьці за гэта адказнасьць», — сказаў Джуканавіч.
Сэрбская праваслаўная царква (СПЦ) дамінуе ў Чарнагорыі, тым часам як Чарнагорская праваслаўная царква ня мае кананічнага прызнаньня.
Чарнагорская праваслаўная царква, якая абвясьціла сябе аўтакефальнай ў 1993 годзе, падобна Ўкраінскай царкве змагаецца за міжнароднае прызнаньне.