Саломенскі раённы суд горада Кіева дазволіў праваахоўным органам Украіны затрымаць былога міністра абароны Ўкраіны Міхаіла Ежаля, які атрымаў статус уцекача ў Беларусі пасьля працы тут амбасадарам Украіны, і даставіць яго ў суд для выбраньня меры папярэдняга стрыманьня ў межах крымінальнай справы аб злоўжываньні ўладаю і службовым становішчам.
Згодна з рашэньнем суду, Міхаіл Ежаль мае быць затрыманы пры першай жа спробе перасекчы мяжу Ўкраіны.
Раней суд дазволіў праводзіць у дачыненьні былога міністра працэдуру спэцыяльнага (завочнага) дасудовага расьсьледаваньня. Цяпер, як вынікае з рашэньня суду, сьледзтва завяршылася, а паводле яго вынікаў у суд накіраваны абвінаваўчы акт.
Міхаіла Ежаля ва Ўкраіне абвінавачваюць у неправамерным выкарыстаньні на працягу 2011–2012 гадоў амаль 43 мільёнаў грыўняў зь дзяржаўнага бюджэту на аплату паслуг прыватных кампаній у харчаваньні асабістага складу Ўзброеных сіл Украіны. На той момант гэта складала каля 5,5 мільёна даляраў.
Карэспандэнт Свабоды прасіў Міхаіла Ежаля адрэагаваць на гэтыя абвінавачаньні, але той адмовіўся камэнтаваць, заявіўшы, што лічыць іх «палітычным перасьледам».
Апошні раз Міхаіл Ежаль прыяжджаў ва Ўкраіну ў жніўні 2014 году і на допыце не прызнаў сваёй віны. У той жа час невядома, ці зьвярталіся ўлады Ўкраіны да Беларусі з просьбай аб выдачы былога чыноўніка.
Міхаіл Ежаль займаў пасаду кіраўніка Мінабароны Ўкраіны з сакавіка 2010 году па люты 2012-га. У красавіку 2013 году тагачасны прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч прызначыў Ежаля амбасадарам у Беларусі.
У жніўні 2014-га генпракурор Украіны Віталь Ярэма заявіў, што супраць Ежаля заведзена некалькі крымінальных спраў.
У канцы красавіка 2015 году Ежаля адклікаў зь Менску прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка, а ў траўні яго звольнілі з займанай пасады.
У красавіку 2016 году Міхаіл Ежаль прасіў Галоўную вайсковую пракуратуру Ўкраіны закрыць крымінальную справу супраць яго праз адсутнасьць складу злачынства, а сёлета ў ліпені стала вядома, што ён атрымаў у Беларусі статус уцекача і жыве ў Менску.