Канадзкі суд вызваліў пад заклад памерам сем з паловай мільёнаў даляраў дачку заснавальніка кітайскай кампаніі Huawei Ванчжоў Мэн, якая працуе фінансавым дырэктарам гэтай кампаніі.
Суд абавязаў Мэн насіць электронны бранзалет і быць дома з 11-й вечара да 6-й раніцы. Яна была вымушаная здаць свой пашпарт і ня можа пакінуць краіну.
За некалькі гадзін да слуханьняў у Кітаі затрымалі былога канадзкага дыплямата, паведамляе агенцтва AP.
Мэн арыштавалі ў Ванкувэры 1 сьнежня падчас перасадкі з аднаго рэйса на іншы, аднак пра гэта стала вядома толькі 6 сьнежня. У ЗША, куды яе могуць экстрадаваць з Канады, яе абвінавачваюць у парушэньні гандлёвых санкцый ЗША супраць Ірану.
У эксклюзіўным інтэрвію агенцтву Reuters прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што можа ўмяшацца ў справу, калі гэта можа дапамагчы заключыць гандлёвую зьдзелку з Пэкінам.
Амбасада Кітаю ў Канадзе выказала пратэст у сувязі з арыштам жанчыны і запатрабавала яе неадкладнага вызваленьня. У самой Huawei заявілі, што іх топ-мэнэджэр не зрабіла нічога супрацьзаконнага. Дзярждэпартамэнт ЗША ад камэнтараў па справе адмовіўся.
Упершыню пра расьсьледаваньне ЗША ў дачыненьні да кампаніі Huawei напісала газэта The Wall Street Journal у красавіку 2018 году. Паводле дадзеных выданьня, улады ЗША вывучалі пастаўкі кампаніі Huawei прадукцыі амэрыканскага паходжаньня ў Іран і іншыя краінв з парушэньнем экспартнага заканадаўства ЗША і законаў пра санкцыі: кампанія нібыта займалася гэтым пачынаючы з 2016 году.
У цяперашні час адносіны ЗША і Кітаю напружаныя з прычыны «гандлёвай вайны» і патрабаваньняў прэзыдэнта Трампа да Кітаю зьняць мыта як мінімум з часткі амэрыканскага экспарту ў Кітай.
У ліпені ЗША ўвялі загараджальнае мыта на некаторыя кітайскія тавары, а Кітай адказаў падобнымі захадамі. Аднак на саміце «вялікай дваццаткі» ў Аргентыне 1-2 сьнежня бакі, на першы погляд, змаглі дамовіцца аб часовым спыненьні гандлёвай вайны і трохмесячным мараторыі на ўвядзеньне новага мыта. Ці будзе гэты мараторый адменены пасьля арышту Мэн — пакуль невядома.