Якія міжнародныя законы, канвэнцыі і дамоўленасьці парушылі стваральнікі «дармаедзкіх» дэкрэтаў? Якія ёсьць мэханізмы аспрэчваньня «дармаедзкага статусу» у беларускіх і міжнародных інстанцыях? Тлумачыць магістар юрыдычных навук, прадпрымальнік Антон Ермачонак, які апошнія пяць гадоў жыве ў Флорыдзе, ЗША.
«Гэта імідж, інвэстыцыйны клімат і індыкатар надзейнасьці краіны як міжнароднага партнэра»
— Антон, як вы ацэньваеце новую рэдакцыю «дармаедзкага дэкрэту» з пункту гледжаньня іміджу Рэспублікі Беларусь у сьвеце?
— Неўзабаве паўмільёна беларусаў пачнуць атрымоўваць касьмічныя паводле сваіх памераў жыроўкі толькі таму, што браць адказнасьць за свой непрафэсіяналізм і службовую неадпаведнасьць у вышэйшых эшалёнах улады — гэта ў Беларусі мавэтон. Дый увогуле, навошта?! Калі гэтую самую адказнасьць найхутчэй возьмуць тыя, каго і вырашылі пакараць. Напэўна, так думалі чыноўнікі і два гады таму, калі распрацавалі дэкрэт № 3. Перакананы, што і цяпер іх думкі рухаюцца прыблізна ў тым жа напрамку.
Пытаньне «дармаедзтва» у Беларусі зь першых дзён дзеяньня дэкрэтаў № 3 і № 1 акрэсьліла эканамічныя і сацыяльныя аспэкты. Улады пасягнулі на кішэню, а кішэня — гэта сьвятое, асабліва тады, калі там і так няшмат. У такія моманты словы «права», «Канстытуцыя», «міжнародныя абавязкі» і «міжнародныя канвэнцыі» зьнікаюць зь лексыкону большасьці грамадзянаў. «Проста не забірайце амаль апошняе!» — кажуць у такія моманты людзі і маюць рацыю.
Аднак пытаньне міжнароднай адказнасьці і выкананьня прынятых на сябе абавязкаў у рамках розных уплывовых арганізацый — вельмі важнае. Гэта імідж, інвэстыцыйны клімат, увогуле паказьнік цывілізаванасьці і індыкатар надзейнасьці краіны як міжнароднага партнэра. І тут вялікія праблемы. З тым, што ўлады час ад часу робяць «палітычнае сада-маза» з уласнай Канстытуцыяй, людзі ўжо маўкліва звыкліся. Цяперашняе парушэньне міжнародных абавязкаў у галіне правоў чалавека і працоўных адносін — беспрэцэдэнтна новы паводле маштабаў этап усталяваньня паўнавартаснай дыктатуры.
«Паводле артыкулу 8 Пакту, ніхто і ніколі ня можа быць прымушаны да любой працы»
— Якія нормы міжнароднага права парушае гэты дэкрэт?
— У 1976 годзе Беларусь ратыфікавала адзін з асноўных і фундамэнтальных дакумэнтаў, які забясьпечвае гарантыю асноўных правоў чалавека — Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах. Паводле артыкулу 8 гэтага пакту, ніхто і ніколі ня можа быць прымушаны да любой працы. Сярод юрыстаў увесь гэты час ідзе дыскусія, што зьяўляецца прымусам і ці можна лічыць прымусам цяперашні шантаж з боку ўлады. Насамрэч, пытаньне было дыскусійным да 10 сьнежня. Абавязак плаціць 100% камуналкі можна было разглядаць як ня надта выяўную прыкмету прымусу.
Цяпер прэзыдэнт падпісаў указ, паводле якога людзям са сьпісу «дармаедаў» атрымаць дзяржаўную падтрымку ў набыцьці жыльля становіцца значна цяжэй, а ў некаторых выпадках і ўвогуле нерэальна. Бліжэйшым часам могуць быць новыя пазбаўленьні льгот людзей, не задзейнічаных у эканоміцы. Такім чынам, гэта ўжо комплекс квазі-пакараньняў, якія будуць вымушаць «дармаедаў» пагаджацца на любую працу, толькі каб канчаткова дэ-факта не перайсьці ў катэгорыю плебеяў.
Акрамя Пакту, Усеагульная дэклярацыя правоў чалавека артыкулам 23 забясьпечвае права кожнага чалавека на вольны выбар працы ці адмаўленьне ад яе. Больш дэтальна і комплексна праблематыка прамусовай працы апісаная ў Канвэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы ад 1930 году. Беларусь стала ўдзельнікам гэтай Канвэнцыі ў 1956 годзе. Паводле Канвэнцыі, прымусовая праца — гэта патрабаваньне кампэтэнтных органаў улады працаваць пад пагрозай пакараньня (артыкул 2). Мы ўжо вызначылі, што комплекс (верагодна, яшчэ ня поўны) пазбаўленьняў, якія, як ужо вядома, будуць прымяняцца да «дармаедаў», гэта ні што іншае, як пакараньне. Артыкул 8 гэтай жа Канвэнцыі ўстанаўлівае поўную адказнасьць вышэйшых уладаў за ўсялякія намаганьні ўвесьці прымусовую працу.
— Якім чынам магчыма аспрэчыць гэтыя парушэньні?
— Мэханізм абароны ўласных правоў у кантэксьце дэкрэту для грамадзянаў Беларусі ня вельмі разнастайны. Эўрапейскі суд правоў чалавека дагэтуль застаецца мэханізмам, якім беларусы скарыстацца ня могуць, калі справа ідзе пра скаргу на сваю дзяржаву. Апошняя перашкода да ўваходу ў Раду Эўропы і аўтаматычнага прызнаньня юрысдыкцыі Эўрапейскага суду правоў чалавека — сьмяротнае пакараньне — застаецца прадметам шматлікіх спэкуляцый. Цяжка сказаць, калі пачнецца працэс прыняцьця мараторыя ці адмены сьмяротнай кары. Магчыма, нейкія палітычныя падзеі (напрыклад, хуткая перадвыбарчая кампанія) і змогуць паўплываць на аксэлерацыю гэтага працэсу, але ня будзем гадаць на кававай гушчы.
Міжнародная арганізацыя працы не разглядае адзіночныя скаргі ад фізычных асобаў, захоўваючы такое права толькі для прафэсійных аб’яднаньняў і нацыянальных прафсаюзаў. У дадзены момант праца ў гэтым накірунку вядзецца з боку незалежнага прафсаюзу РЭП пры вялікай падтрымцы калегаў са шматлікіх краінаў, якія выказалі салідарнасьць зь беларускім народам.
«2019 год можа стаць рэкордным для Беларусі паводле колькасьці зарэгістраваных скаргаў у Камітэце ААН па правах чалавека»
— Дык атрымліваецца, што дзейсных мэханізмаў для аспрэчваньня ў звычайнага чалавека практычна няма?
— Адзіным і галоўным мэханізмам абароны ўласных правоў для грамадзянаў Беларусі застаецца Камітэт ААН па правах чалавека. Мяркуецца, што 2019 год стане рэкордным для Беларусі паводле колькасьці зарэгістраваных Камітэтам скаргаў. Я лічу, што нават складаны альгарытм дзеяньняў (спачатку абавязкова трэба прайсьці ўсе нацыянальныя судовыя інстанцыі) дзеля рэгістрацыі скаргі ня стане праблемай, і Беларусь захавае месца ў першай тройцы краінаў, грамадзяне якіх часьцей за астатніх зьвяртаюцца ў Камітэт па дапамогу.
Асноўнай праблемай можа стаць нежаданьне беларускіх уладаў адэкватна і ў канструктыўным ключы рэагаваць на гэтыя скаргі. Рашэньні Камітэту ААН МЗС Беларусі і па сёньняшні дзень не прызнае абавязковымі для выкананьня, а ў фармальных адпісках улады ўсе часьцей абвінавачваюць грамадзянаў у тым, што яны злоўжываюць правам зьвяртаньня ў Камітэт, якое, дарэчы, замацаванае ў артыкуле 61 Канстытуцыі Беларусі. Фармальна — можна. Але так шмат — не. Такая лёгіка ўладаў.
— І якая ваша парада?
— Я лічу, што ня трэба разважаць пра тое, як абыйсьці дэкрэт альбо даказаць недармаедзтва. Існаваньне такога дэкрэта ў 21 стагодзьдзі на тэрыторыі цывілізаванай Эўропы — часовая гістарычная памылка і барбарства. Пакуль незразумела, ці мабілізуецца насельніцтва вясной на пратэст, як гэта было два гады таму. Магчыма, што і не. У гэтых умовах уплыў міжнародных арганізацый, асабліва Міжнароднай арганізацыі працы, і вялікая колькасьць скаргаў у камітэт ААН па правах чалавека, магчыма, змогуць, як і два гады таму, скасаваць гэтыя, мякка кажучы, непапулярныя дзеяньні ўладаў.
— Ці самі вы падпадаеце пад новую рэдакцыю «дармаедзкага дэкрэту»?
— Як і большасьць эмігрантаў зь беларускім пашпартам, я даведаюся аб гэтым толькі пасьля таго, як сваякі прышлюць фотаздымак наступнай жыроўкі. Аднак, у мяне амаль няма сумневу, што я сярод тых паўмільёна грамадзянаў. Два гады таму я ўжо быў у «дармаедах», але тады я адносна лёгка пазбавіўся абавязку плаціць падатак. Зараз працэдуру зрабілі значна цяжэйшай. І ўвогуле, пэрспэктыва дзяліцца ўсімі пэрсанальнымі дадзенымі — гэта так сабе.
Канчаткова яшчэ ня вызначыў для сабе плян дзеяньняў. Дакладна ведаю, што плаціць ня буду. А летам, калі прылячу, магчыма, вырашу і па судах пахадзіць і дайсьці да Камітэту ААН, калі атрымаецца.
Галоўнае пра «дармаедзкі» дэкрэт
Дэкрэт «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва», падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам у студзені 2018 году, абавязаў усіх «не занятых у эканоміцы» грамадзян Беларусі ў поўным аб’ёме плаціць за датаваныя дзяржавай паслугі ЖКГ, пачынаючы з 2019 году.
7 пытаньняў і адказаў пра новы «дармаедзкі» дэкрэт
Пазьней 10 сьнежня Лукашэнка пазбавіў семʼі, дзе ўсе працаздольныя — «дармаеды», права на атрыманьне дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве жытла.
- У «базу дармаедаў» занесьлі каля 425 тысяч чалавек. У іх лік трапілі, напрыклад, грамадзяне, якія сплацілі падаходны падатак, а таксама частка тых, хто стала пражывае за мяжой.
- Каб давесьці ўладам памылковасьць занясеньня ў базу, неабходна зрабіць шэраг бюракратычных захадаў.
Імаверна, пастанову Саўміну аб «дармаедах» ад 31 сакавіка прынялі задняй датай. Вядома, што 4 красавіка гэтай пастановы яшчэ не было.
Папярэдні «дармаедзкі» дэкрэт перапісалі
Першы дакумэнт аб «дармаедах» — дэкрэт № 3 ад 2015 году — абавязваў грамадзян, якія пастаянна пражываюць у Беларусі і ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічалі менш за паўгода, сплачваць збор памерам 20 базавых велічыняў. Інакш ім пагражаў штраф або адміністрацыйны арышт.
У 2017 годзе збор сплацілі больш за 54 тысячы чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленьні, казалі ў Міністэрстве падаткаў і збораў.
Дзеяньне дэкрэту прыпынілі пасьля пратэстных «Маршаў недармаедаў», якія праходзілі ў гарадах Беларусі ўвесну 2017 году.