Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як перастаць быць «дармаедам», патраціўшы ня больш як 30 рублёў


«Марш недармаедаў» у Менску, 15 сакавіка 2017
«Марш недармаедаў» у Менску, 15 сакавіка 2017

Радыё Свабода сабрала 20 спосабаў, як стаць занятым у беларускай эканоміцы, патраціўшы ня больш як 30 рублёў.

Спойлер: фактычна займацца адпаведнай дзейнасьцю не абавязкова. Галоўнае — сплачваць неабходныя зборы ці адзіны падатак.

Варыянт 1. Стаць рамесьнікам за 26,97 рубля на год

Савет Міністраў лічыць рамесьнікаў занятымі ў беларускай эканоміцы.

Каб аформіць рамесную дзейнасьць, трэба прыйсьці з пашпартам у падатковую па месцы рэгістрацыі і паразмаўляць з інспэктарам.

Праца рамесьнікаў рэгулюецца ўказам № 364 і прадугледжвае выраб неядомых рэчаў. За выраб ядомых прадуктаў трэба плаціць адзіны падатак.

26,97 рубля на год. Заяву на афармленьне рамеснай дзейнасьці прымуць бясплатна, але трэба сплаціць збор – 1 базавую велічыню (24,5 рубля). У падатковай трэба набыць «Кнігу ўліку праверак», яна каштуе 2,47 рубля.

Перавагі

Плаціць за ліквідацыю рамесьніцкай дзейнасьці ня трэба.

Недахопы

  • Рамесьнікам нельга выкарыстоўваць у сваіх прадуктах каштоўныя камяні і мэталы, зубы ўсіх жывёлаў, біўні ці клыкі слана, бэгемота і іншых.
  • Рэклямаваць прадукцыю ў сацыяльных сетках нельга. Прадаваць тавар можна праз уласны сайт, выставы ці на кірмашах.

Варыянт 2. Плаціць адзіны падатак да 30 рублёў на месяц

Тыя, хто сплаціў адзіны падатак, — не «дармаеды». Гэта тычыцца як фізычных асоб, так і прадпрымальнікаў, сказана ў пастанове Савету міністраў.

Каб перайсьці на адзіны падатак, трэба зьвярнуцца ў падатковую інспэкцыю. Сплата адзінага падатку адбываецца да пачатку ажыцьцяўленьня дзейнасьці.

Нюансы:

  • Плаціць адзіны падатак трэба толькі за месяцы, калі названая падатковай дзейнасьць ажыцьцяўлялася. Але пастанова Саўміну не вызначае, колькі разоў на год трэба сплачваць адзіны падатак, каб удзельнічаць у эканоміцы.
  • Стаўкі адзінага падатку пэрыядычна павялічваюцца.

Традыцыйна найвышэйшыя стаўкі адзінага падатку — у Менску. Тут і ніжэй — штомесячныя стаўкі адзінага падатку, якія дзейнічаюць у сталіцы ад 17 лістапада:

  1. Пілаваньне і колка дроваў — 5 рублёў.
  2. Пагрузка і разгрузка грузаў — 5 рублёў.
  3. Аказаньне паслугаў з дапамогай аўтаматаў для вымярэньня росту і вагі — 11 рублёў.
  4. Догляд, утрыманьне і дрэсіроўка хатніх жывёлаў (акрамя сельскагаспадарчых) — 11 рублёў.
  5. Рэалізацыя хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў, гатовай кулінарнай прадукцыі — 16 рублёў.
  6. Догляд за дарослымі і дзецьмі — 22 рублі.
  7. Праньне і прасаваньне рэчаў — 22 рублі.
  8. Закупляньне прадуктаў — 22 рублі.
  9. Мыцьцё посуду — 22 рублі.
  10. Гатаваньне ежы — 22 рублі.
  11. Дапамога па сплочваньні паслуг ЖКГ — 22 рублі.
  12. Касьба травы — 22 рублі.
  13. Прыборка тэрыторыі — 22 рублі.
  14. Спальваньне сьмецьця — 22 рублі.
  15. Вырошчваньне сельскагаспадарчай прадукцыі — 28 рублёў.
  16. Драбненьне зерня — 28 рублёў.
  17. Выпас жывёлы — 28 рублёў.
  18. Наладка музычных інструмэнтаў — 25 рублёў.
  19. Рэпэтытарства — 30 рублёў.

Галоўнае пра «дармаедзкі» дэкрэт

Дэкрэт «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва», падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам у студзені 2018 году, абавязаў усіх «не занятых у эканоміцы» грамадзян Беларусі ў поўным аб’ёме плаціць за датаваныя дзяржавай паслугі ЖКГ, пачынаючы з 2019 году.

7 пытаньняў і адказаў пра новы «дармаедзкі» дэкрэт

Пазьней 10 сьнежня Лукашэнка пазбавіў семʼі, дзе ўсе працаздольныя — «дармаеды», права на атрыманьне дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве жытла.

  • У «базу дармаедаў» занесьлі каля 425 тысяч чалавек. У іх лік трапілі, напрыклад, грамадзяне, якія сплацілі падаходны падатак, а таксама частка тых, хто стала пражывае за мяжой.
  • Каб давесьці ўладам памылковасьць занясеньня ў базу, неабходна зрабіць шэраг бюракратычных захадаў.

Імаверна, пастанову Саўміну аб «дармаедах» ад 31 сакавіка прынялі задняй датай. Вядома, што 4 красавіка гэтай пастановы яшчэ не было.

Папярэдні «дармаедзкі» дэкрэт перапісалі

Першы дакумэнт аб «дармаедах» — дэкрэт № 3 ад 2015 году — абавязваў грамадзян, якія пастаянна пражываюць у Беларусі і ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічалі менш за паўгода, сплачваць збор памерам 20 базавых велічыняў. Інакш ім пагражаў штраф або адміністрацыйны арышт.

У 2017 годзе збор сплацілі больш за 54 тысячы чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленьні, казалі ў Міністэрстве падаткаў і збораў.

Дзеяньне дэкрэту прыпынілі пасьля пратэстных «Маршаў недармаедаў», якія праходзілі ў гарадах Беларусі ўвесну 2017 году.

ТЭСТ: Даведайцеся, ці вы «дармаед»?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG