Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Туркмэністану яшчэ раз абвясьціў прыватызацыю і паварот да рынкавай эканомікі


Прэзыдэнт Туркмэністану Гурбангулы Бэрдымухамэдаў заявіў 4 сьнежня на пасяджэньні ўраду аб тым, што у 2019 годзе краіне неабходна:

  • паскорыць прыватызацыю дзяржаўных прадпрыемстваў,
  • умацаваць рынкавыя інстытуты,
  • стымуляваць прыватны сэктар.

Прэзыдэнт таксама сказаў, што асноўнымі мэханізмамі прыватызацыі зьяўляецца арганізацыя фондавага рынку і адкрытыя канкурэнтныя таргоў, на якіх будуць прадавацца акцыі дзяржпрадпрыемстваў.

«Для інвэстараў гэта выдатная магчымасьць для пашырэньня ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва», — падкрэсьліў Бэрдымухамэдаў на пасяджэньні ўраду.

Прагучалі таксама новыя для Туркмэністану словы «разьвіцьцё свабоднай канкурэнцыі» і «стымуляваньне прыватнай дзелавой ініцыятывы», цытуе заяву прэзыдэнта Інтэрфакс. У паведамленьні дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва «Туркмэністан сёньня» словы пра рынкавую эканоміку і прыватызацыю прадпрыемстваў згаданыя ў самым канцы доўгай стэнаграмы пасяджэньня.

Нягледзячы на тое, што Бэрдымухамэдаў казаў аб прыватызацыі 27 дзяржаўных аб’ектаў яшчэ ў 2016 годзе, усе пералічаныя пункты наўпрост процілеглыя эканамічнай палітыцы, якую ўлады Туркмэністану праводзілі апошнія гады. Замест продажу дзяржаўнай уласнасьці яны нарошчвалі долю дзяржавы ў эканоміцы і ўводзілі ўсё новыя абмежаваньні для прыватнага прадпрымальніцтва. Прыватызаваныя былі толькі асобныя прадпрыемствы: у кастрычніку 2017 году — дзяржаўнае аб’яднаньне «Туркмэнхалы», якое вырабляе дываны, а ў красавіку 2018 году — сыстэма спажывецкіх саюзаў.

Пасяджэньне 4 сьнежня было прысьвечана вынікам эканамічнага разьвіцьця Туркмэністану за 11 месяцаў 2018 году. І хоць слова «крызіс» ні разу не прагучала, а ўлады Туркмэністану настойваюць, што ВУП краіны вырас па выніках 11-ці месяцаў 2018 году на 6,2%, як неаднаразова паведамляў тэлеканал «Настоящее Время», эканоміка Туркмэністану перажывае вялікія складанасьці.

У краіне даўно назіраецца дэфіцыт мукі, цукру і іншых прадуктаў харчаваньня, што прывяло да росту цэнаў. Людзі з раніцы да вечара тоўпяцца ў чэргах, спрабуючы «дастаць» хоць што-небудзь зь ежы, і гатовыя браць нават вотруб’е, якое раней ішло на корм хатняй жывёлы.

У банкаматах практычна немагчыма зьняць грошы, адменены дзяржаўныя субсыдыі на газ, ваду, электрычнасьць і соль. З прычыны росту беспрацоўя масавы характар набыла працоўная міграцыя ў іншых краінах, у першую чаргу, у Турэччыну. Нядаўна ўлады ўскосна прызналі наяўнасьць праблемы: абмежавалі практычна да забароны выезд з краіны спачатку людзей да 30 гадоў, а потым да 40.

«На пытаньне пра прычыну забароны сказалі, што ў вобласьці не засталося нікога, здольнага працаваць. Сказалі: «Калі вы ўсё паедзеце, хто ж працаваць будзе?» — распавёў 36-гадовы жыхар, які ня змог выехаць за мяжу.

Якія менавіта дзяржаўныя прадпрыемства будуць прыватызаваныя — пакуль невядома, як і тое, на якіх умовах улады будуць прыцягваць інвэстараў у краіну. На дадзены момант Туркмэністан займае вельмі нізкія пазыцыі ва ўсіх міжнародных рэйтынгах, якія ацэньваюць становішча з грамадзянска-прававымі свабодамі ў краіне, у тым ліку і ў галіне эканомікі.

Freedom House у сваёй штогадовай справаздачы называе Туркмэністан «несвабоднай» краінай і асабліва адзначае карумпаванасьць Дзяржаўнага агенцтва кіраваньня вуглевадародамі. Рэйтынг эканамічнай свабоды ад Heritage таксама ставіць Туркмэністан на адно з апошніх месцаў у Азіі па гэтым паказчыку і адзначае неабароненасьць інвэстыцый у Туркмэністане, аўтакратычны рэжым, высокі ўзровень карупцыі і велізарныя выдаткі бюджэту, якія не пакрываюць страты ад зьніжэньня цэн на нафту і слабы фіскальны кантроль.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG