Госьць «Інтэрвію тыдня» — лідэр незалежнага беларускага прафсаюзу работнікаў Радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) Генадзь Фядыніч. Ён заяўляе, што новы варыянт дэкрэту аб дармаедах — гэта вялікая памылка ўлады, лічыць, што сацыяльнае напружаньне нарастае, і заклікае «дармаедаў» не плаціць.
Хто недаацэньвае беларускі народ, той моцна памыляецца
— Як вам жывецца ў новым статусе — асуджанага? Нагадаю, што 9 лістапада Менскі гарадзкі суд пакінуў бязь зьменаў рашэньне суду Савецкага раёну сталіцы, які вынес вырак лідэрам незалежнага беларускага прафсаюзу работнікаў Радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) — вам і Ігару Комліку — у выглядзе чатырох гадоў «хатняй хіміі». Як на вашым жыцьці адбіваецца гэты статус?
— Мы атрымалі рашэньне гарадзкога суду. У ім столькі недарэчнасьцяў, што бярэ жах. Мы будзем гэтае рашэньне абскарджваць. Што тычыцца працы, то цяпер я не магу фармальна падпісваць нейкія паперы. Але працы ў мяне не паменела.
— На пасадзе старшыні РЭП вас замяніла Галіна Міхнюк. Гэты крок зьвязаны выключна з рашэньнем суду? Калі не сакрэт — дэ-факта вы застаяцеся лідэрам прафсаюзу?
— Так, гэта зьвязана выключна з прысудам. Таму рашэньнем Рады Галіна Міхнюк цяпер выконвае абавязкі старшыні прафсаюзу. Але можна сказаць, што я застаюся лідэрам прафсаюзу.
— Цяпер у СМІ і сацыяльных сетках актыўна абмяркоўваецца новая рэдакцыя Дэкрэту аб дармаедах. Атрымліваецца, што пасьля сацыяльнага выбуху 2017 году, пасьля ўсёй барацьбы супраць Дэкрэту ўлада не адступіла ад свайго намеру зьбіраць грошы зь людзей, якія з той ці іншай жыцьцёвай прычыны не знаходзяцца на сталай працы?
— Так, улады нічому не навучыў 2017 год, і цяпер сьпісы дармаедаў нават пашырыліся. Але самае галоўнае, што калі раней тыя сьпісы рыхтавалі ўлады зьверху — то цяпер гэта аддадзена на водкуп раённым уладам. Як яны іх складалі, чаму так атрымалася? Сёньня ў людзей пытаньняў больш, чым будзе адказаў ва ўлады. Хай улады рыхтуюцца.
— Адно з тлумачэньняў суду над вамі — менавіта ў тым, што ваш прафсаюз шмат дзе ў рэгіёнах фактычна ўзначаліў пратэсты «дармаедаў» у 2017 годзе. Ці згодныя вы з такой вэрсіяй?
— Безумоўна. 175 сутак нашы актывісты паадседжвалі і выплацілі вялікія штрафы. Калі мы зьвярнуліся да народу і папрасілі скінуцца на аплату штрафаў, то людзі за 2 тыдні сабралі больш як 4 тысячы эўра. Хто недаацэньвае беларускі народ, той моцна памыляецца. Беларусы могуць доўга запрагаць, але хутка ехаць.
Але народ ужо стаў іншым, чым нават у 2017 годзе
— Ці лічыце вы тады, што калі людзі пачнуць атрымліваць жыроўкі за камунальныя паслугі, калі разьбяруцца — то, магчыма, пачнуцца новыя сацыяльныя пратэсты? Ці два разы ў адну раку ўвайсьці немагчыма?
— Пры нашай уладзе можна і чатыры разы ўваходзіць у адну раку, калі яна будзе рабіць тыя самыя памылкі. Людзі павінны вырашыць самі, але ж мы павінны ім дапамагчы. Гэта сацыяльнае пытаньне ў першую чаргу. І людзі прыйдуць па дапамогу найперш да тых, хто можа дапамагчы адкрыта і даступна, да прафсаюзаў. Бо тое, што зрабіла ўлада, — гэта вельмі вялікая памылка. І навошта гэта рабіць, калі наперадзе 2019–20 гады? Трэба спытаць ва ўлады.
— Паспрабую адказаць за ўладу на вашае пытаньне. Яны пабачылі, што пратэсты можна заціснуць пернікам і пугай, часткова адмяніўшы дэкрэт, часткова заціснуўшы самых актыўных. І тады можна працягваць наступ на сацыяльныя правы.
— РЭП не здушылі. Нашы актывісты зараз будуць праводзіць маніторынг у кожным раёне. Найперш у тых, дзе ў 2017 годзе адбыўся выхад людзей на вуліцы. І будуць працаваць. Ніякага «перніка» няма, улада працуе як заўжды і думае, што гэта ім сыдзе з рук. Але народ ужо стаў іншым, чым нават у 2017 годзе.
— Вы лічыце, што сацыяльнае напружаньне павялічылася. Але ці ёсьць у вас нейкія сацыялягічныя ці іншыя доказы? Ці толькі свае ўласныя адчуваньні?
— Я кажу толькі пра сваё самаадчуваньне. Вы паглядзіце, колькі сёньня людзі недаплочваюць за ЖКГ. Гэта вялікія грошы. А за ацяпляльны пэрыяд яшчэ большыя.
Дзе вы бачылі такую дзяржаву, дзе людзі зьехалі за мяжу, шлюць адтуль грошы, каб утрымліваць сваю сям’ю, — а за гэта ім ня «дзякуй», а павелічэньне платы за камунальныя паслугі? Ня можаце сёньня даць у краіне людзям добры заробак — дык скажыце ім дзякуй, што яны там зарабляюць і сюды прывозяць.
Папярэдзіць уладу, што калі гэтая несправядлівасьць ня будзе скасаваная — тады чакайце выбуху
— Дык можна сказаць, што, адчуваючы пэўную сацыяльную тэмпэратуру, варта ставіць пытаньне пра масавыя акцыі пратэсту?
— Спачатку трэба ставіць пытаньне, каб скасавалі гэтыя дэкрэты. Мы ня ведаем, якая будзе рэакцыя ўладаў — можа, ніякая, як заўжды. Але тады ўлада бярэ на сябе вельмі цяжкі груз. І ў тых раёнах, дзе адбудуцца сацыяльныя выбухі — іхнія кіраўнікі павінны ведаць, што шлях у іх адзін. Ужо не на працу, а ў іншае месца.
— Можа, улады лічаць, што зараз усё ўлагодзіцца, і да выбараў ёсьць час, каб зьняць праблему?
— Як улагодзіцца, калі ў людзей у рэгіёнах няма грошай і адзінае, на што яны спадзяюцца, — выплаты з-за мяжы ад чалавека, які там працуе? Калі б быў нармальны сярэдні кляс, разьвітае прадпрымальніцтва — тады б улада спакойна сябе магла адчуваць. Але яны, здаецца, робяць усё, каб людзі яшчэ горш да ўлады ставіліся.
Калі стварылі камісіі, дык паслухайце людзей на месцах, і тады ў вас будзе зусім іншая думка, якім павінен быць дэкрэт. Ці наадварот — даслаць у цэнтар сваю думку і сказаць, што дэкрэт ня можа выконвацца такім чынам, як вы нам прадпісваеце зьверху.
— Думаеце, улада можа пачуць людзей без радыкальных праяваў нязгоды — бязь мітынгаў, акцыяў пратэсту?
— Тут усё ў комплексе. Калі РЭП сабраў 45 тысяч подпісаў супраць Дэкрэту нумар тры — то гэта таксама паўплывала. Але ж выхад людзей на вуліцы дапоўніў гэта. Я думаю, што рабіць трэба ўсё ўзважана, адкрыта. І каб гэта ведала ўлада. Папярэдзіць яе, што калі гэтая несправядлівасьць ня будзе скасаваная — тады чакайце выбуху.
— Ваш прагноз? Калі дэкрэт застанецца ў той форме, якую мы маем на сёньня, калі ўлада яго ня зьменіць — ці прагназуеце вы сацыяльныя ўзрушэньні, стыхійныя альбо арганізаваныя масавыя акцыі пратэсту?
— Сама ўлада зараз ня ведае, што рабіць з тымі людзьмі, якія ня будуць гэтыя спагнаньні плаціць. Таму я ўсім раю — не плаціць. Нічога не плаціць. У кожным канкрэтным выпадку будзем разьбірацца. Бо калі ўлада думае, што так тупа людзей прымусіць плаціць тое, што яны прыдумалі — я думаю, што зь беларусамі ў гэтым выпадку ня пройдзе.
Я скажу, што да Новага году мы нічога не чакаем. Зараз толькі пайшлі першыя «лісты шчасьця», шлюць нават тым людзям, якія за мяжой працуюць. Гэта будзе настолькі моташная праца ў саміх прадстаўнікоў улады на месцах... А ў лютым мы пабачым вынікі сваіх маніторынгаў — і будзем вырашаць, што з гэтым рабіць.
Галоўнае пра «дармаедзкі» дэкрэт
Дэкрэт «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва», падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам у студзені 2018 году, абавязаў усіх «не занятых у эканоміцы» грамадзян Беларусі ў поўным аб’ёме плаціць за датаваныя дзяржавай паслугі ЖКГ, пачынаючы з 2019 году.
7 пытаньняў і адказаў пра новы «дармаедзкі» дэкрэт
Пазьней 10 сьнежня Лукашэнка пазбавіў семʼі, дзе ўсе працаздольныя — «дармаеды», права на атрыманьне дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве жытла.
- У «базу дармаедаў» занесьлі каля 425 тысяч чалавек. У іх лік трапілі, напрыклад, грамадзяне, якія сплацілі падаходны падатак, а таксама частка тых, хто стала пражывае за мяжой.
- Каб давесьці ўладам памылковасьць занясеньня ў базу, неабходна зрабіць шэраг бюракратычных захадаў.
Імаверна, пастанову Саўміну аб «дармаедах» ад 31 сакавіка прынялі задняй датай. Вядома, што 4 красавіка гэтай пастановы яшчэ не было.
Папярэдні «дармаедзкі» дэкрэт перапісалі
Першы дакумэнт аб «дармаедах» — дэкрэт № 3 ад 2015 году — абавязваў грамадзян, якія пастаянна пражываюць у Беларусі і ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічалі менш за паўгода, сплачваць збор памерам 20 базавых велічыняў. Інакш ім пагражаў штраф або адміністрацыйны арышт.
У 2017 годзе збор сплацілі больш за 54 тысячы чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленьні, казалі ў Міністэрстве падаткаў і збораў.
Дзеяньне дэкрэту прыпынілі пасьля пратэстных «Маршаў недармаедаў», якія праходзілі ў гарадах Беларусі ўвесну 2017 году.