У Парыжы ў суботу зноў адбыліся сутыкненьні паміж паліцыяй і так званымі «жоўтымі камізэлькамі» — удзельнікамі дэманстрацый супраць павышэньня падатку на дызэльнае паліва.
У раёне Трыюмфальнай аркі паліцыя ўжыла сьлезацечны газ і вадамёт супраць агрэсіўна наладжаных маніфэстантаў, частка якіх спрабуе прарвацца на Элізэйскія палі і будуе барыкады.
Кіраўнік МУС Францыі Крыстоф Кастанэр абвінавачвае ў беспарадках леварадыкальных і праварадыкальных актывістаў. Ён сьцьвярджае, што ў дэманстрацыях удзельнічае 1500 «падбухторшчыкаў». Паведамляецца аб затрыманьні каля 100 чалавек.
Дэманстрацыі супраць павышэньня падатку працягваюцца па ўсёй Францыі ўжо некалькі тыдняў. Паводле дадзеных уладаў, колькасьць іх удзельнікаў ідзе на зьмяншэньне, аднак у Парыжы сутыкненьні з паліцыяй адбываюцца ўжо другую суботу запар. У мінулую суботу былі затрыманыя больш за 100 чалавек. Кастанэр раніцай у суботу асабіста пабываў на Элізэйскіх палях і пагутарыў з паліцыянтамі, запэўніўшы іх у поўнай падтрымцы.
Паводле прэм’ер-міністра Францыі Эдуара Філіпа, у суботніх дэманстрацыях па ўсёй краіне бяруць удзел больш за 35 тысяч чалавек, у Парыжы — каля 5 тысяч.