Канчаткова зацьвердзілі пытаньні для чарговага перапісу насельніцтва Беларусі, які пройдзе з 4 да 30 кастрычніка 2019 году.
Пытаньні пра мову
Падчас перапісу ў апытальным лісьце будуць два пытаньні пра мову, сказала старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі Іна Мядзьведзева:
- «Ваша родная мова (мова, засвоеная першай у раньнім дзяцінстве)?»
- «На якой мове вы звычайна размаўляеце дома?»
Такім чынам, моўныя пытаньні застануцца ў той жа фармулёўцы, у якой яны задаваліся на пробным перапісе насельніцтва ў Маладэчанскім раёне летась і на папярэднім на перапісе 2009 году.
Сваё рашэньне беларускія статыстыкі абгрунтоўваюць рэкамэндацыямі «Канфэрэнцыі эўрапейскіх статыстыкаў». На ёй былі прапанаваныя чатыры канцэпцыі моўнага пытаньня пры перапісе.
- А — родная мова, якая вызначаецца як першая мова, засвоеная ў раньнім дзяцінстве.
- В — асноўная мова, якая вызначаецца як мова, якой асоба валодае лепш за ўсё.
- С — звычайна ўжываная мова, якая вызначаецца як тая, што найчасьцей ужываецца дома, на працы.
- D — веданьне мовы (моваў), што вызначаецца як уменьне размаўляць, пісаць на адной або некалькіх мовах.
Кожная краіна можа выбіраць альбо ўсе чатыры канцэпцыі, альбо дзьве. Беларусь выбрала дзьве пазыцыі — А і С.
У перапісе 2009 году роднай мовай беларускую назвалі 53,2% насельніцтва Беларусі. У часе перапісу 1999 году роднай мовай беларускую назвалі 73,6%.
Што новага ў перапісе?
Будуць падчас перапісу і новыя пытаньні. Сярод іх:
- высьвятленьне пазыцыі насельніцтва да працоўнай міграцыі (хочуць ці не людзі зьяжджаць зь Беларусі, а таксама што падштурхнула іх працаваць за межамі Беларусі);
- дэмаграфічнае пытаньне (у жанчын будуць пытаць, колькі дзяцей яны плянуюць нараджаць);
- пытаньне пра сельскагаспадарчы падворак (будзе запісвацца колькасьць ягадных кустоў, пладовых дрэваў і гэтак далей. Дагэтуль невядома, колькі людзі вырошчваюць ягад і пладоў на лецішчах, асабістым падворку ці ўчастках у межах гораду).
Апошняга пытаньня яшчэ ні разу наагул не было ў перапісе.
На якой мове адказваць
Паводле жаданьня чалавека, які ўдзельнічае ў перапісе, ён можа адказваць на пытаньні на беларускай альбо расейскай мове.
Перапіс прафінансуюць дзяржава і спонсары
Паводле Іны Мядзьведзевай, грошы на перапіс закладзеныя ў праект дзяржаўнага бюджэту на 2019 год. Апрача таго, 1,9 мільёна даляраў выдае Усясьветны банк. Сярод спонсараў — Беларускі калійны камбінат, Менскі трактарны завод. Дасягнутая дамова пра тое, што спонсарскія пляншэты, якія будуць скарыстаныя падчас перапісу, затым перададуць міністэрствам аховы здароўя і адукацыі.
За адмову ад перапісу караць ня будуць
Падчас пробнага перапісу ў Маладэчанскім раёне адмовіліся даваць адказы 1,7% насельніцтва. Як заявіла Іна Мядзьведзева, эўрапейскія стандарты дапускаюць адмову ад перапісу да 10% насельніцтва.
Ні крымінальнай, ані адміністрацыйнай адказнасьці за адмову ад удзелу ў перапісе не прадугледжана.
Папярэднія вынікі перапісу стануць вядомыя на пачатку 2020 году, а канчатковыя табліцы зьявяцца ў канцы таго ж году.