Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Выпрабаваньне для пакліканьня». Будучых сьвятароў зноў забіраюць у войска


Студэнты каталіцкай сэмінарыі на занятках
Студэнты каталіцкай сэмінарыі на занятках

Двое першакурсьнікаў зь Пінскай і Горадзенскай каталіцкіх сэмінарый павінны зьявіцца з рэчамі ў прызыўныя пункты 28 лістапада. Цяпер першыя курсы абедзьвюх сэмінарый, усяго 10 чалавек, займаюцца ў Менску.

Паўтараецца вясновая гісторыя з прызывам у войска навучэнцаў духоўных сэмінарый Беларусі. У траўні 2018 году позвы ў ваенкаматы атрымалі каля 20 клерыкаў каталіцкай вышэйшай духоўнай сэмінарыі ў Горадні, некалькі выхаванцаў каталіцкай сэмінарыі ў Пінску, дзясяткі студэнтаў праваслаўнай духоўнай сэмінарыі ў Жыровіцах.

Пасьля розгаласу ў СМІ сэмінарыстаў і сьвятароў вярнулі на вучобу. Калі яны ўжо з рэчамі прыехалі на зборныя пункты, зьявіўся ўказ, які даў ім адтэрміноўку.

Паводле закону аб праходжаньні вайсковай службы адтэрміноўку даюць студэнтам прафэсійных вучэльняў, ВНУ, а таксама магістратуры, асьпірантуры і дактарантуры. Духоўная сэмінарыя ў гэты сьпіс ня трапіла.

Раней сэмінарыстаў і сьвятароў у войска ня бралі: сьпіс усіх, каму няма 27 гадоў, падавалі Ўпаўнаважанаму па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў, той зьвяртаўся ў Мінабароны і адміністрацыю прэзыдэнта, дзе рыхтаваўся ўказ аб адтэрміноўцы. Сёлета восеньню такога ўказу яшчэ не было.

У войска ўжо заўтра

Марцін Лудзіч і Аляксей Заічанка — два першакурсьнікі з каталіцкай сэмінарыі, якіх хочуць забраць у войска. За дзень да прызыву карэспандэнты Свабоды засьпелі іх абодвух яшчэ на занятках у менскай сэмінарыі.

Навучэнцы сэмінарыі Аляксей Заічанка і Марцін Лудзіч
Навучэнцы сэмінарыі Аляксей Заічанка і Марцін Лудзіч

​«Яшчэ ў жніўні ўзяў даведку ў сэмінарыі пра тое, што я там вучуся, але ў ваенкамаце сказалі, што гэта не дае адтэрміноўкі. Пры гэтым сьпісы нашых навучэнцаў праз упаўнаважанага па справах рэлігій падалі ў Мінабароны. Але заўтра раніцай трэба быць у пункце, дзе ўжо забіраюць у войска», — кажа Аляксей Заічанка.

Студэнты сэмінарыі Аляксей Заічанка і Марцін Лудзіч
Студэнты сэмінарыі Аляксей Заічанка і Марцін Лудзіч

«Калі давядзецца пайсьці ўсё ж, то будзе для мяне такое выпрабаваньне майго пакліканьня. Гэта ж толькі першы навучальны год, калі навучэнцы даведваюцца, што такое жыцьцё ў сэмінарыі», — кажа Аляксей.

Раней ён пасьпеў скончыць унівэрсытэт і магістратуру і толькі пасьля вырашыў, што хоча стаць сьвятаром. Але войска паклікала служыць у артылерыі.

BСтудэнт каталіцкай сэмінарыі, якога прызываюць у войска Аляксей Заічанка
BСтудэнт каталіцкай сэмінарыі, якога прызываюць у войска Аляксей Заічанка

Увечары 27 лістапада яму трэба ехаць у родны Пінск на прызыўны пункт. З гэтага гораду паходзіць Аляксандар Коржыч, які загінуў у войску. Хлопцы нават ведалі адзін аднаго ў твар.

Сэмінарыст Марцін толькі скончыў школу, ён таксама ўжо ўвечары мусіць ехаць зь Менску ў Горадню, каб назаўтра ісьці да прызыўнога пункту, а пасьля «ў боты».

«У жніўні мяне выклікалі і сказалі, што я трапляю пад прызыў. Пасьля ўжо была мэдкамісія, а пару дзён таму сказалі, каб я прыбыў. Прычым сказалі на словах, позвы не прыслалі. Дзе буду служыць — невядома», — кажа Марцін.

Студэнт каталіцкай сэмінарыі, якога прызываюць у войска Марцін Лудзіч
Студэнт каталіцкай сэмінарыі, якога прызываюць у войска Марцін Лудзіч

Яшчэ адзін сэмінарыст-прызыўнік Яраслаў Казлоўскі пакуль атрымаў адтэрміноўку да лютага.

«Сьвятароў у Беларусі і так не хапае»

Найбольш складана сэмінарыстам будзе аднавіцца пасьля войска, бо тады першы курс давядзецца пачынаць наноў, яны адарвуцца ад навучаньня, кажа ў інтэрвію Свабодзе прэс-сакратар Рыма-каталіцкай царквы ў Беларусі ксёндз Юры Санько.

«Цяжка сказаць, чаму так адбываецца і хто ў гэтым вінаваты. Незразумела, чаму юнакоў трэба адрываць ад адукацыйнага працэсу. У нас сэмінарысты праходзяць чатыры ступені фармацыі: інтэлектуальная, духоўная, пастырская і чалавечая. Калі чалавек вырываецца з гэтай сыстэмы навучаньня будучых сьвятароў — гэта ненармальна».

Айцец Юры Санько наракае, што сьвятароў у Беларусі не хапае і так, а з сэмінарыі забіраюць будучых, якія ўжо пачалі навучацца.

Ці закранула гэтая праблема навучэнцаў праваслаўных сэмінарый, афіцыйны прадстаўнік БПЦ Сяргей Лепін адказаць ня змог, абяцаў удакладніць.

Пазыцыя Мінабароны

«Гэтым мусіць займацца ўпаўнаважаны па справах рэлігій», — каротка адказаў Свабодзе прэс-сакратар Мінабароны Ўладзімір Макараў. Па яго словах, пытаньне прызыву ў войска вырашае камісія, куды ўваходзяць ня толькі прадстаўнікі Мінабароны.

«Сябры камісіі высьвятляюць, ці дастаткова падставаў, каб даць адтэрміноўку», — сказаў Макараў. Але прозьвішчы сэмінарыстаў-прызыўнікоў прадстаўнік Мінабароны сабе пазначыў і паабяцаў разабрацца ў сытуацыі.

Адказ Гулякі

Карэспандэнт Свабоды патэлефанаваў у прыёмную Ўпаўнаважанага па справах рэлігій Леаніда Гулякі з просьбай аб камэнтары. Сакратарка спачатку абяцала зьвязаць зь ім, а потым перадала ягоны адказ: «Сьпісы на адтэрміноўку складае Міністэрства абароны».

«Гэта ўсё, — сказала сакратарка, — больш мне няма чаго дадаць».

Працяг сюжэту: Сэмінарыстам-каталікам, якіх забіралі ў войска, усё ж далі адтэрміноўку да лютага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG