Каля дзесяці чалавек прыйшлі ўвечары 26 лістапада да амбасады Расеі ў Менску з папяровымі караблікамі, афарбаванымі ў колеры ўкраінскага сьцяга.
Як паведамляе сайт Naviny.by, удзельнікі акцыі — прыхільнікі «Моладзі БНФ» і іншыя грамадзяне — паклалі караблікі на парапет і разышліся.
Паводле іх, гэтай акцыяй яны выказалі спачуваньне украінскім маракам у канфлікце з расейскімі памежнікамі каля Керчанскай пратокі.
Каля амбасады знаходзіліся каля дзясятка сілавікоў і мікрааўтобус. Яны здымалі тое, што адбываецца на відэакамэру, але ня ўмешваліся.
25 лістапада акцыя пратэсту ў сувязі з захопам Расеяй трох украінскіх вайсковых караблёў прайшла ў Кіеве. Людзі, якія сабраліся, патрабавалі ад Расеі неадкладна вызваліць украінскіх маракоў. 26 лістапада акцыі супраць агрэсіі Расеі ў Чорным моры прайшлі ля расейскіх консульстваў у іншых украінскіх гарадах — Львове, Харкаве і Адэсе, а таксама ў іншых краінах, у прыватнасьці ў Літве, Чэхіі, Польшчы, Грузіі.
Што трэба ведаць пра канфлікт Украіны і Расеі ў Азоўскім моры
Расея 25 лістапада заблякавала выхад украінскіх караблёў, якія плылі да Марыюпалю праз Керчанскі праліў, каб трапіць у Азоўскае мора. Тры ўкраінскія караблі і больш за 20 украінскіх маракоў захопленыя расейскімі вайскоўцамі.
- Раніцай 25 лістапада расейскі сухагруз перагарадзіў Керчанскую пратоку перад трыма ўкраінскімі суднамі, якія ажыцьцяўлялі плянавы пераход з порту Адэсы ў порт Марыюпаль Азоўскага мора. Пазьней расейскі пагранічны карабель пратараніў буксір Вайскова-марскіх сіл Узброеных сіл Украіны.
- Расейскія вайсковыя караблі з дапамогай авіяцыі і спэцназу атакавалі і захапілі пашкоджаны ўкраінскі буксір і два малыя браняваныя артылерыйскія катэры. Шэсьць украінскіх маракоў былі параненыя, двое зь іх у цяжкім стане.
- Паводле Расеі, украінскія караблі спрабавалі прайсьці празь Керчанскую пратоку незаконна. Украіна адкідае гэтае абвінавачваньне, спасылаючыся на міжнародныя і міжурадавыя пагадненьні.
- Ці праўда, што ўкраінскія караблі парушылі расейскую мяжу ў Азоўскім моры?
- Ва Ўкраіне абʼявілі ваеннае становішча з 28 лістапада да 27 сьнежня. Узброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць.
- Канфлікт у Азоўскім моры паміж Украінай і РФ узьнік пасьля ўвядзеньня ў эксплюатацыю моста ў анэксаваны Крым. Украіна заяўляе, што Расея на падставе праверак затрымлівае дзясяткі суднаў, якія ідуць ва ўкраінскія азоўскія парты. Паводле Масквы, праверкі ўкраінскіх суднаў законныя.
- Рада Бясьпекі ААН склікала 26 лістапада экстранае паседжаньне ў сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Керчанскім праліве, шэраг эўрапейскіх краінаў асудзілі дзеяньні Расеі ў Азоўскім моры.
- Суд Сімферопаля на два месяцы арыштаваў 24 украінскіх маракоў, захопленых расейскімі сілавікамі. Украінская пракуратура прызнала іх ваеннапалоннымі.
- Украіна на час дзеяньня ваеннага становiшча забараніла ўезд у краіну мужчынам – грамадзянам Расеі ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў.
- У верасьні 2019 году адбыўся абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, падчас якога захопленыя маракі вярнуліся ва Ўкраіну.