У сувязі з захопам Расеяй трох украінскіх суднаў у Азоўскім моры Ўзброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць.
Гэта адбылося пасьля прапановы Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны ўвесьці прававы рэжым ваеннага становішча, паведаміла прэс-служба Міністэрства абароны Ўкраіны.
Служба бясьпекі Украіны таксама заявіла, што яе асабісты склад прыведзены ў поўную баявую гатоўнасьць з прычыны «агрэсіўных дзеяньняў Расейскай Фэдэрацыі ў Керчанскай пратоцы». У ведамстве адзначылі, што ўзмацнілі «захады для недапушчэньня на тэрыторыі Ўкраіны іншых правакацый спэцслужбаў РФ і дэстабілізацыі сытуацыі ўнутры краіны».
Вайскова-марскія сілы Ўкраіны заявілі, што расейскія памежнікі ўвечары 25 лістапада адкрылі агонь па ўкраінскай карабельнай групе, ад чаго шэсьць маракоў былі параненыя. У ВМС паведамілі пра тры захопленыя украінскія караблі. У Расеі заявілі аб «правакацыі Кіева», маракі якога нібыта «парушылі дзяржаўную мяжу Расеі».
У Генштабе Ўзброеных сіл Украіны паведамілі, што па стане на пачатак сутак 26 лістапада лёс украінскіх маракоў і караблёў невядомы. Расейскія марскія памежнікі і сілы спэцпрызначэньня напалі на тры ўкраінскія караблі, калі тыя вярталіся пасьля няўдалай спробы прайсьці праз Керчанскі праліў у Азоўскае мора. Пры гэтым, паводле зьвестак украінскага боку, напад адбыўся па-за 12-мільнымі межамі вод вакол акупаванага Крыму, на якія Расея прэтэндуе як на «свае тэрытарыяльныя воды». Перад тым Расея фізычна перакрыла Керчанскую пратоку для ўсяго суднаходзтва, паставіўшы папярок яе цывільнае судна.
Раніцай 26 лістапада па часе Нью-Ёрка (у 19.00 паводле Менску) Украіна склікала тэрміновае пасяджэньне Рады Бясьпекі ААН у сувязі з нападам Расеі на ўкраінскія вайсковыя караблі.
26 лістапада пасьля паўночы на пасяджэньні Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны было прынятае рашэньне аб падрыхтоўцы да ўвядзеньня ваеннага становішча ва Ўкраіне на 60 дзён з прычыны нападу Расеі. Гэтае пытаньне парлямэнт Украіны павінен разгледзець вечарам 26 лістапада на закрытым пасяджэньні, пачатак якога заплянавана на 16-ю гадзіну.