Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Парыжы акцыя «жоўтых камізэлек» перарасла ў беспарадкі. Дзесяткі чалавек затрыманыя. ФОТА, ВІДЭА


У суботу ў Францыі прайшлі акцыі пратэсту супраць падвышэньня падатку на паліва і эканамічнай палітыкі прэзыдэнта Макрона. Усяго на вуліцы выйшла больш за 80 тысяч чалавек. У Парыжы ў акцыі пратэсту ўдзельнічалі каля васьмі тысяч чалавек.

Дэманстранты зладзілі беспарадкі ў раёне Елісейскіх палёў: яны ламалі аўтобусныя прыпынкі, разьбівалі вітрыны, закідвалі паліцыянтаў камянямі і бутэлькамі, паведамляе BFM.

30 чалавек затрыманыя. Больш за 20 удзельнікаў акцыі, а таксама шасьцёра паліцыянтаў атрымалі раненьні, паведамляе Ledauphine.

Паліцыя ўжыла сьлезацечны газ і вадамёты супраць дэманстрантаў, якія спрабавалі прарвацца да прэзыдэнцкага палацу.

Пратэстоўцы, апранутыя ў жоўтыя камізэлькі, несьлі плякаты з надпісамі «Макрон — у адстаўку», «Макрон злодзей», сьпявалі дзяржаўны гімн.

Чакалася, што ў акцыі возьмуць удзел каля 30 тысяч чалавек. Для падтрыманьня парадку на вуліцы гораду вывелі больш за тры тысячы паліцыянтаў.

У пятніцу ўвечары ў горадзе Анжэ на захадзе Францыі паліцыя затрымала 45-гадовага мужчыну, які патрабаваў сустрэчы «жоўтых камізэлек» з прэзыдэнтам Эманюэлем Макронам. У яго ў руках была граната, як паведамляе BBC. Пасьля некалькіх гадзін перамоваў мужчына здаўся паліцыі.

Пратэсты праходзяць у Францыі ўжо тыдзень. Прычынай стала рашэньне францускіх уладаў павысіць у 2019 годзе падаткі на дызэльнае паліва і бэнзін. У Парыжы гэты крок патлумачылі барацьбой з забруджваньнем паветра і заявілі, што ня маюць намеру адмяняць рашэньне аб павышэньні падаткаў.

У мінулую суботу ў пратэстах па ўсёй краіне ўдзельнічалі каля 300 тысяч чалавек. Удзельнікі акцый у жоўтых камізэльках блякавалі ўчасткі дарог і доступ да заправачных станцый. Тады ня менш 409 чалавек пацярпелі, 282 былі затрыманыя і двое загінулі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG