16-18 студзеня адбудзецца афіцыйны візыт у Беларусь прэзыдэнта Зымбабвэ Эмэрсана Мнангагвы. Летась ён замяніў на найвышэйшай пасадзе Робэрта Мугабэ, які нязьменна кіраваў краінай амаль 40 гадоў.
Летась у верасьні ў Зымбабвэ езьдзіў кіраўнік спраў прэзыдэнта Беларусі Віктар Шэйман. Там ён сустрэўся з прэзыдэнтам, кіраўніком Рэзэрвовага банку, міністрамі, якія адказваюць за міжнародны гандаль, сельскую гаспадарку, транспарт і інфраструктуру. Былі абмеркаваныя пытаньні вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва і пастаўкі беларускай тэхнікі.
Акрамя таго, беларускі бок хоча ўдзельнічаць у будаўніцтве ў Зымбабвэ чыгункі, аўтамабільных дарог, стварэньні лягістычных цэнтраў. Паводле Віктара Шэймана, кантракты на пастаўкі лесанарыхтоўчай, дарожна-будаўнічай, грузавой тэхнікі ў Зымбабвэ могуць перавысіць 60 мільёнаў даляраў.
На працягу дзесяцігодзьдзяў Мнангагва быў верным саюзьнікам Мугабэ і адказваў за ўнутраную бясьпеку ў сярэдзіне 1980-х гадоў, калі праваабаронцы сьцьвярджалі, што ў Зымбабвэ ў выніку рэпрэсіяў загінулі 20 тысяч жыхароў.
Аднак у 2017 годзе Мугабэ звольніў Мнангагву з пасады віцэ-прэзыдэнта, каб адкрыць шлях сваёй жонцы Грэйс у пераемніцы. Мнангагва ўцёк з краіны, баючыся за сваю бясьпеку, а вайскоўцы пачалі пераварот, чым сур’ёзна пахіснулі аўтарытэт Мугабэ. Ён пайшоў у адстаўку пасьля таго, як парлямэнт пачаў працэс імпічмэнту.
Год таму Эмэрсан Мнангагва прынёс прысягу ў якасьці новага прэзыдэнта Зымбабвэ, завяршыўшы 37-гадовы пэрыяд аўтарытарнага праўленьня Робэрта Мугабэ.
1. Рост спажывецкіх цэнаў застаецца найвышэйшым пасьля гіпэрінфляцыі дзесяць гадоў таму. Рост цэнаў на працягу апошніх месяцаў склаў 200%. Літар алею на вуліцы каштуе $12, у той час як раздробная цана — $3,70. Гадавая інфляцыя перавышае 20%.
2. З моманту падзеньня Мугабэ павялічыўся недахоп тавараў першай неабходнасьці, такіх як хлеб, кураціна, масла і бэнзін, паколькі ў краіне не хапае замежнай валюты для куплі імпартных тавараў.
Доўгія чэргі за межамі заправачных станцый і пустых крамаў ня зьніклі. Цэны на мэдыкамэнты павялічыліся, а выбар стаў меншым. Беспрацоўе складае каля 90%.
3. Партыя Zanu-PF Мугабэ лёгка выйграла мінулагоднія ліпеньскія выбары, цьвёрда трымаючыся за парлямэнт.
Лідэр Партыі Эмэрсан Мнангагва, якога падтрымліваў Мугабэ, выйграў прэзыдэнцкую гонку з крыху больш як 50%. Ён перамог Нэльсана Шаміса з галоўнага апазыцыйнага MDC. Апазыцыя заявіла, што выбары былі фальсыфікаваныя.
4. Мнангагва абяцаў свабодны і адкрыты Зімбабвэ пасьля Мугабэ, але палітычныя апанэнты, пратэстоўцы і актывісты па-ранейшаму сутыкаюцца з рэпрэсіўным рэжымам. Летась 1 жніўня сілы бясьпекі адкрылі агонь і шэсьць чалавек былі забітыя ў Харарэ падчас дэманстрацый, паколькі абвяшчэньне вынікаў выбараў было адкладзенае.
5. Міжнародная дапамога заблякаваная. Зымбабвэ павінна пагасіць сваю запазычанасьць да таго, як яна зможа прыцягнуць больш крэдытаў, неабходных для аднаўленьня краіны. Пры агульным доўгу ў $16,9 млрд яна заявіла, што да кастрычніка 2019 году будзе пагашаная запазычанасьць у памеры амаль 2 млрд з Афрыканскім банкам разьвіцьця і Сусьветным банкам.
Але санкцыі ЗША, якія застаюцца ў сіле з прычыны адсутнасьці рэформаў, могуць блякаваць новыя крэдыты.