Міністар абароны Турэччыны Хулусі Акар падчас форуму па бясьпецы ў Канадзе расказаў, што людзі, якія забілі ў кастрычніку ў Стамбуле саудаўскага журналіста Джамаля Хашокджы, маглі вывезьці яго цела з Турэччыны ў валізках.
«У дадзеным выпадку можна казаць пра розныя варыянты. Адзін з іх, што [ўдзельнікі забойства] пакінулі Турэччыну ў пэрыяд паміж трыма і чатырма гадзінамі пасьля забойства. Яны таемна правезьлі разьдзеленае цела Хашокджы ў валізках без аніякіх праблемаў дзякуючы дыпляматычнаму імунітэту», — прыводзіць ягоныя словы выданьне Yeni Safak.
Журналіст Джамаль Хашокджы рэзка выступаў супраць палітыкі Саудаўскай Арабіі. У пачатку кастрычніка ён зьнік у савудаўскім консульстве ў Стамбуле. Празь некалькі тыдняў Эр-Рыяд прызнаў, што журналіста забілі. Ягоныя парэшткі дагэтуль ня знойдзеныя.
Саудаўскі пракурор заявіў, што загад аб забойстве Хашокджы аддаў кіраўнік перамоўнай групы, якая выправілася ў Стамбул, каб вярнуць Хашокджы на радзіму. Пры гэтым Эр-Рыяд адмаўляе датычнасьць да злачынства вышэйшага кіраўніцтва краіны.
Краіны Захаду і спэцслужбы Турэччыны з гэтым ня згодныя. Яны падазраюць, што заказчыкі забойства Хашокджы могуць быць зьвязаныя з насьледным прынцам Салманам.