Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш як 200 тыс людзей пратэстуюць у Францыі супраць падаражаньня бэнзіну. Падчас маніфэстацыі загінула жанчына


Пазнаць адзін аднаго ўдзельнікі пратэсту павінны па жоўтай аварыйнай камізэльцы
Пазнаць адзін аднаго ўдзельнікі пратэсту павінны па жоўтай аварыйнай камізэльцы

17 лістапада ў Францыі праходзіць маніфэстацыя так званых «жоўтых камізэлек» — аўтамабілістаў, незадаволеных ростам цэн на паліва. МУС Францыі ўжо раніцай абвясьціла, што ў арганізацыі блякады на дарогах краіны ўзялі ўдзел каля 50 тысяч чалавек. Да поўдня іх колькасьць дасягнула 214 тысяч. У Савоі на кантрольна-прапускным блёку, арганізаваным «жоўтымі камізэлькамі», у выніку наезду загінула ўдзельніца маніфэстацыі.

У Пон-дэ-Бовуазан (Савоя) жанчына, якая везла дачку да доктара, запанікавала, калі пратэстоўцы сталі грукаць у шыбы яе машыны. Яна стала наяжджаць на маніфэстантаў і зьбіла пяцідзесяцігадовую ўдзельніцу акцыі, якая памерла на месцы. Жанчына, што сядзела за рулём, дастаўленая ў паліцыю ў стане шоку, паведамляе RFI.

Міністар унутраных справаў Крыстоф Кастанэр заклікаў пратэстоўцаў выконваць усе магчымыя захады «засьцярогі і бясьпекі».

«Права на дэманстрацыі мае важнае значэньне ў нашай краіне, яго варта абараняць, але мы таксама павінны забясьпечыць, каб арганізацыя мерапрыемстваў дазволіла пазьбегнуць падобных драм», — заявіў міністар.

Улады таксама асьцерагаюцца сутыкненьняў удзельнікаў акцыі з паліцыяй. На блёк-пасьце на ўезьдзе на віядук Эграц (дэпартамэнт Верхняя Савоя) паліцыя ўжыла сьлезацечны газ для разгону дэманстрантаў.

Рух «жоўтых камізэлек» — гэта стыхійны рух, які ўзьнік у сацыяльных сетках. Пазнаць адзін аднаго ўдзельнікі пратэсту павінны па жоўтай аварыйнай камізэльцы. «Жоўтыя камізэлькі» пратэстуюць супраць павышэньня коштаў на паліва, экалягічнага падатку, а таксама супраць «несправядлівай палітыкі ўраду», якая падрывае пакупніцкую здольнасьць насельніцтва.

Паколькі рух разьвіваецца спантанна, сапраўдны яго размах пакуль цяжка ацаніць. «Гэты рух апалітычны, ня мае ніякага дачыненьня да прафсаюзаў, гэта сапраўднае народнае абурэньне», — заявіў журналістам адзін з удзельнікаў руху ў Калэ.

Маніфэстацыя «жоўтых камізэлек» праходзіць на тле падзеньня рэйтынгу прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона пад 30%. Паводле сацыялягічнага апытаньня, 73% французаў падтрымліваюць рух «жоўтых камізэлек», сярод іх і выбарцы, якія галасавалі за Макрона.

У Парыжы ўдзельнікі акцыі забракавалі Елісейскія палі з боку Трыўмфальнай аркі. Яшчэ каля сотні маніфэстантаў знаходзяцца каля Елісейскага палацу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG