Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча зрабіла выходным панядзелак пасьля Сьвята Незалежнасьці, дазволіла марш нацыяналістаў


Таксама апублікавалі падрабязныя пляны прэзыдэнта на дзень 100-й гадавіны аднаўленьня незалежнасьці Польшчы. А ў Варшаве суд скасаваў забарону кіраўніцы гораду на марш нацыяналістаў.

Сьвяткаваньне 100-й гадавіны аднаўленьня незалежнасьці Польшчы пройдзе ў нядзелю, 11 лістапада. Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда падпісаў указ аб прызначэньні выходнага дня на наступны панядзелак, 12 лістапада. Звычайна выходным днём зьяўляецца само сьвята, 11 лістапада (ды сёлета гэта нядзеля, выходны).

Прэзыдэнт мае дакладныя пляны на выходныя: па гадзінах расьпісаныя імша, маршы, звароты, канцэрты. Прэс-служба прэзыдэнта асобна паведаміла, што Дуда ня возьме ўдзелу ў Маршы незалежнасьці, які польскія нацыяналісты ладзяць штогод ад 2010-га.

Мэрыя Варшавы спачатку забараніла марш зь меркаваньняў бясьпекі (прэзыдэнтка сталіцы казала: «Варшава ўжо ня раз пацярпела ад агрэсіўнага нацыяналізму»). Празь некалькі гадзінаў пасьля забароны прэзыдэнт Анджэй Дуда сустрэўся з прэм'ерам Матэвушам Маравецкім і абвясьцілі, што тым самым маршрутам і ў той самы час пройдзе арганізаваны імі Бела-чырвоны марш. Але на другі дзень Варшаўскі акруговы суд скасаваў забарону: мэрыя ня мае права скасоўваць «цыклічныя акцыі». Пакуль невядома, ці ў той самы дзень у сталіцы адбудуцца два маршы, ці будуць аб'яднаныя ў адзін.

Але марш — далёка не адзінае мерапрыемства з нагоды сьвята. Канцэрты цыклю «100 па 100. Музычныя дэкады свабоды» пройдуць па ўсіх буйных гарадах краіны, а таксама ў Лёндане, Парыжы, Нью-Ёрку, Мэльбурне, Токіё, Львове і іншых гарадах са значнай польскай дыяспарай. У межах кампаніі «Рэкорд для Незалежнай» плянуецца, што 9 лістапада аб 11-й гадзіне ў 16 тысячах польскіх школаў адначасова засьпяваюць дзяржаўны гімн. Пляны культурных і адукацыйных падзей з нагоды 100-й гадавіны аднаўленьня незалежнасьці расьпісаныя да 2021 году.

***

Пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай, у якую ўваходзілі Каралеўства Польскае і Вялікае Княства Літоўскае, Польшча трапіла ў склад Расейскай імпэрыі, заставалася залежным царствам да 1918 году. 11 лістапада 1918 году маршал Юзэф Пілсудзкі сфармаваў першы дэмакратычны ўрад Польшчы (дзяржаву тых часоў, з 1918 году да 1945-га, ў Польшчы называюць «Другой Рэччу Паспалітай»), у склад якой да Другой усясьветнай вайны ўваходзілі заходнія часткі Беларусі і Ўкраіны.

Сьвята аднаўленьня незалежнасьці афіцыйна існавала ў 1937–1945 гадах (да таго былі ўрачыстасьці вайскоўцаў), але не адзначалася ў камуністычнай Польшчы. У 1989 годзе адзначэньне было адноўленае – у тым жа годзе Польшча стала фактычна незалежнай ад СССР (сучасную дзяржаву палякі называюць адпаведна «Трэцяй Рэччу Паспалітай»).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG