Мір і правы чалавека — два ўрокі, якія трэба вынесьці з Кастрычніцкай рэвалюцыі. Пра гэта 6 кастрычніка заявіў Аляксандар Лукашэнка падчас адкрыцьця рэканструяванага моста праз Прыпяць.
Што сказаў Лукашэнка?
- «Галоўны ўрок, які мы мусім вынесьці з гісторыі 1917 году, — гэта мір, мір і яшчэ раз мір. Мір мусіць быць для таго, каб людзі маглі нармальна жыць».
- Парушэньні правоў чалавека спарадзілі Кастрычніцкую рэвалюцыю.
«Людзі ішлі незразумела на якую вайну і гінулі. Права чалавека на жыцьцё было зруйнавана, а таксама права на працу — людзі ня мелі працы, кавалка хлебу. Як яны маглі жыць і карміць свае сем’і?»
- «Менавіта таму Кастрычніцкая рэвалюцыя — гэта сьвята міру і правоў чалавека».
Ці спрыяла Кастрычніцкая рэвалюцыя міру?
7 лістапада 1917 году ў Расеі пачаўся бальшавіцкі пераварот, які ўвайшоў у гісторыю як Кастрычніцкі. На наступны дзень 8 лістапада ІІ Усерасейскі зьезд саветаў, большасьць дэлегатаў якога былі бальшавікі і левыя эсэры, прыняў «Дэкрэт аб міры». Аўтары дакумэнту заклікалі краіны-удзельніцы Першай усясьветнай вайны заключыць «дэмакратычны мір». Савецкая Расея выйшла зь Першай усясьветнай вайны паводле Берасьцейскага міру 3 сакавіка 1918 году.
Паводле розных ацэнак падчас Першай усясьветнай вайны загінулі ад 38 да 22 мільёнаў чалавек. З каля 3 мільёнаў грамадзян Расейскай імпэрыі.
Кастрычніцкая рэвалюцыя выклікала Грамадзянскую вайну ў Расеі. Цягам 1917-1923 гадаў прадстаўнікі Белага руху спрабавалі адхіліць ад улады бальшавікоў. Паводле расейскага гісторыка Вадзіма Эрліхмана, падчас грамадзянскай вайны агулам загінула 10 500 чалавек. Яшчэ 2000 чалавек эмігравалі.
А што з правамі чалавека?
Усеагульную дэклярацыю правоў чалавека прыняла ў 1948 годзе Арганізацыя аб'яднаных нацый. Паводле дэклярацыі:
- Усе людзі нараджаюцца свабоднымі і роўнымі ў сваёй годнасьці і правах.
- Не павінна быць ніякага адрозьненьня на падставе палітычнага, прававога ці міжнароднага статуса краіны ці тэрыторыі, да якой чалавек належыць.
- Кожны чалавек мае права на жыцьцё, на свабоду і асабістую недатыкальнасьць.
- Ніхто ня мусіць утрымлівацца ў рабстве ці паднявольным стане.
- Усе людзі роўныя перад законам і маюць права на роўную абарону закона. Усе людзі маюць права на роўную абарону ад дыскрымінацыі.
- Ніхто ня можа быць адвольна арыштаваны.
- Кожны мае права валодаць маёмасьці як пэрсанальна, так і супольна зь іншымі. Ніхто ня можа быць адвольна пазбаўлены сваёй маёмасьці.
- Кожны мае права на свабоду думкі, сумленьня, рэлігіі. Кожны мае права на свабоду перакананьняў і на свабоднае іх выказваньне.
- Кожны мае права прымаць удзел у кіраваньні сваёй краінай непасрэдна ці праз свабодна абраных прадстаўнікоў. Кожны чалавек мае права роўнага доступу да дзяржаўнай службы ў сваёй краіне.
- Воля народу мусіць быць асновай улады.
- І іншыя.
Якія правы чалавека дэкляраваліся савецкай уладай?
- Юрыдычная роўнасьць усіх грамадзянаў. У лістападзе 1917 году савецкая ўлада прыняла «Дэкрэт аб зьнішчэньні саслоўяў і грамадзянскіх чыноў»
Дэ-юрэ Канстытуцыі СССР 1936 і 1977 гадоў гарантавалі грамадзянам:
- Усеагульнае, роўнае і прамое выбарчае права пры таемным галасаваньні;
- права на працу і адпачынак, матэрыяльнае забесьпячэньне ў старасьці і хваробе;
- свабоду сумленьня, слова, друку, сходаў і мітынгаў;
- недатыкальнасьць асобы;
- таямніцу ліставаньня.
Дзе савецкая ўлада парушыла правы чалавека?
- У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі 600 тысяч — 1,4 мільёна чалавек. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.
- Падчас Грамадзянскай вайны Чырвоная Армія праводзіла чырвоны тэрор — рэпрэсіі супраць рэальных і патэнцыйных праціўнікаў. У выніку чырвонага тэрору загінула 1200 чалавек, паводле гісторыка Вадзіма Эрліхмана.
- Дэпартацыя этна-нацыянальных, канфэсійных і сацыяльных катэгорый пачалася ў Савецкай Расеі ў 1918 годзе. Дэпартаваным надаваўся статус «спэцперасяленцаў».
- Цягам 1928-1937 гадоў у СССР праводзілася калектывізацыя — аб’яднаньне індывідуальных сялянскіх гаспадарак у калектыўныя (калгасы і саўгасы). Калектывізацыя спарадзіла раскулачваньне — масавы перасьлед сялянаў паводле маёмаснага становішча. Раскулачваньне прадугледжвала канфіскацыю маёмасьці, расстрэлы, перасяленьне «кулакоў» і іх семʼяў.
- Сыстэма папраўча-працоўных лягераў ГУЛАГ дзейнічала ў СССР цягам 1934–1960 гадоў. Усяго налічвалася звыш 30 000 месцаў заключэньня.