Вынік працэсу, які працягваўся амаль тры месяцы, пачнуць агучваць у 17.00 у будынку суду Маскоўскага раёну Менску.
Коратка пра ход суду
Суд па справе аб сьмерці шарагоўца Аляксандра Коржыча пачаўся 8 жніўня. Паседжаньні па справе, якую разглядае Менскі абласны суд, праходзілі ў будынку Маскоўскага раённага суду Менску.
Чаго патрабуе пракурор
Абвінавачаныя па справе Коржыча — сяржанты Яўген Бараноўскі, Ягор Скуратовіч і Антон Вяжэвіч. Іх судзяць паводле частак 1 і 2 артыкула 430 і часткі 3 артыкула 455, ім пагражала да 12 гадоў пазбаўленьня волі. Сваю віну абвінавачаныя прызналі часткова. Яны адмаўляюць, што сваімі дзеяньнямі маглі справакаваць самагубства падначаленага ім Аляксандра Коржыча.
На думку пракурора, злачынныя дзеяньні траіх сяржантаў у выглядзе перавышэньня ўлады мелі цяжкія наступствы (а менавіта — давядзеньне шарагоўца да самагубства). Ён запрасіў для сяржантаў пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі з адбываньнем у калёніі ўзмоцненага рэжыму і пазбаўленьнем вайсковых званьняў. Для Яўгена Бараноўскага — 9 гадоў, для Антона Вяжэвіча — 7 гадоў, для Ягора Скуратовіча — 6 гадоў.
«Свае дзеяньні абвінавачаныя зьдзяйсьнялі па папярэдняй змове, дзёрзка і адкрыта», — заявіў пракурор Шарсьнёў. Таксама дзяржаўны абвінаваўца выказаў упэўненасьць, што на працэсе быў даказаны факт самагубства Аляксандра Коржыча, падставаў гаварыць пра забойства няма.
Працэс некалькі разоў перапыняўся. Перапынкі былі зьвязаныя зь неабходнасьцю даставіць на паседжаньне заяўленых сьведак, а таксама з праверкай заяваў абвінавачаных, што падчас папярэдняга сьледзтва ўсе яны зазнавалі фізычны і маральны ціск КДБ.
Праверку ініцыявала Генэральная пракуратура, працягвалася яна амаль месяц і пацьверджаньня словам абвінавачаных не знайшла. У адказ адвакаты абвінавачаных сяржантаў заявілі суду, што, нягледзячы на працягласьць праверкі, за ўвесь месяц ніводзін супрацоўнік Генпракуратуры не апытаў іх падабаронных асабіста.
Поўная храналёгія «справы Аляксандра Коржыча»
Першыя некалькі тыдняў працэсу амаль цалкам былі прысьвечаныя допыту пацярпелых — былых саслужыўцаў загінулага салдата. На суд іх прывозілі арганізавана, партыямі па некалькі дзясяткаў чалавек. Агулам судзьдзя і пракурор апыталі каля 60 салдат. Амаль усе яны расказалі пра пазастатутныя адносіны ў частцы, дзе служыў Коржыч. Найбольш частыя праявы — паборы за карыстаньне мабільнікамі і за дазвол наведваць краму, зьбіцьцё за нязначныя парушэньні дысцыпліны і правілаў зьнешняга выгляду, канфіскацыя перададзеных роднымі і сябрамі прадуктаў.
Допыт кожнага з пацярпелых працягваўся ад 30 хвілін да 3 гадзін. Ніхто з салдат ня выступіў з патрабаваньнем кампэнсаваць нанесеную яму маральную і матэрыяльную шкоду. Некаторыя з пацярпелых заявілі ў залі суду, што пацярпелымі сябе ня лічаць.
Коржыча саслужыўцы характарызавалі выключна станоўча.
Большасьць з пацярпелых расказалі, што зьмены ў яго настроі адбыліся прыкладна за месяц да сьмерці, пасьля наведваньня мэдычнай часткі, дзе Аляксандар Коржыч лячыўся ад прастуднага захворваньня. Ніхто з саслужыўцаў ня змог патлумачыць, што магло стаць прычынай самагубства. Па іх словах, «Коржыча ніхто зь сяржантаў больш за іншых салдат ня біў».
Афіцэры: гэта быў збой сыстэмы
На працэсе выступіла каля дзесяці афіцэраў, усіх іх дапытвалі ў якасьці сьведак. У тым ліку былога камандзіра роты Коржыча Паўла Сукавенку. Першапачаткова ён быў затрыманы па справе аб гібелі салдата, але пазьней яго справу выдзелілі ў асобную.
Акрамя Сукавенкі, у суд выклікалі былога камандзіра Аб’яднанага навучальнага цэнтру ў Печах палкоўніка Чарнецкага, камандзіра часткі Коржыча падпалкоўніка Чарнова, намесьніка камандзіра роты па ідэалягічнай працы капітана Чыркова і іншых.
Усе яны сказалі суду, што нічога ня ведалі пра факты пазастатутных адносін і пачулі пра іх упершыню альбо ад супрацоўнікаў Сьледчага камітэту, альбо ад маці Коржыча. Па словах афіцэраў, ім нічога не вядома пра прычыны сьмерці салдата. Падпалкоўнік Чарнецкі назваў трагічны выпадак «збоем сыстэмы».
Экспэрты: гэта магло быць самагубства
У якасьці экспэртаў на працэсе выступілі патолягаанатам, псыхіятры і псыхолягі. Па словах патолягаанатама, на целе Аляксандра Коржыча не было знойдзена сьлядоў барацьбы, а яго сьмерць была выкліканая мэханічнай асьфіксіяй у выніку павешаньня. Псыхіятры сказалі, што незадоўга да сьмерці ў Коржыча не было выяўлена псыхічных захворваньняў і суіцыдальных настрояў, аднак гэта не выключае таго, што салдат мог учыніць самагубства. Яго прычынай маглі быць як узаемаадносіны ўнутры вайсковай часткі, так і зьнешнія прычыны, не зьвязаныя з вайсковай службай.
Тое, што цела Аляксандра Коржыча знайшлі павешаным з завязанай на галаве майкай і зьвязанымі нагамі, адзін з экспэртаў (патолягаанатам) патлумачыў жаданьнем пазбавіць сябе магчымасьці выратавацца ў апошні момант альбо намерам выдаць суіцыд за забойства. У той жа час экспэрты-псыхіятры не змаглі адназначна ацаніць такія дзеяньні і назвалі выпадак Коржыча «вельмі ўскладненым» для шараговага самагубства.
Усе пашкоджаньні, заўважаныя на целе Аляксандра Коржыча яго роднымі і сябрамі, маюць, па словах экспэртаў, пасьмяротнае паходжаньне.
Маці Коржыча настойвае на вэрсіі аб забойстве сына
Сьвятлана Коржыч наведвала працэс з адвакаткай, якую дала дзяржава. Прыяжджала маці прыкладна на траціну паседжаньняў, актыўна ўдзельнічала ў допытах сьведак і абвінавачаных і падавала хадайніцтвы.
Яна па-ранейшаму настойвае, што яе сын стаў ахвярай забойства. Падчас працэсу не ўдалося высьветліць, якім чынам Аляксандар Коржыч змог трапіць у падвал мэдроты ў дзень сваёй выпіскі, чаму яго не шукалі на працягу тыдня пасьля зьнікненьня, якім чынам ён змог сам павесіцца ў поўнай цемры, бязь лесьвіцы або крэсла, прычым не пашкодзіўшы і ня выпацкаўшы формы. Паводле Сьвятланы Коржыч, усё гэта сьведчыць на карысьць вэрсіі аб гвалтоўнай сьмерці яе сына.
Яна таксама працягвае настойваць на прыцягненьні да адказнасьці ня толькі сяржантаў, але і афіцэраў, уключна з палкоўнікам Чарнецкім.
Справа Аляксандра Коржыча. Што важна ведаць
3 кастрычніка 2017 году 21-гадовага радавога Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і надзетай на галаву майкай ў склепе мэдроты вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Некалькі саслужыўцаў Коржыча на паседжаньні паведамілі, што чулі, быццам майка была абматаная скотчам.
5 кастрычніка ў якасьці першапачатковай вэрсіі сьледзтва назвала суіцыд, але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў.
Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?
Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве, яна знаходзілася на асабістым кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі. Расьсьледаваньне цягнулася каля 9 месяцаў.
У выніку сьледзтва прыйшло да высновы, што Аляксандра Коржыча давялі да самагубства таварышы па службе, абвінавачаньні прад’яўленыя больш як 15 асобам. Сьвятлана Коржыч катэгарычна ня згодная з высновамі сьледзтва. На думку жанчыны, яе сына забілі, а прычынай гэтага стала нежаданьне Коржыча плаціць таварышам па службе грошы.
Пацярпелымі ў справе, акрамя сваякоў Аляксандра Коржыча, прызнаныя больш за 50 яго былых саслужыўцаў.
Пяць рэчаў, якія трэба ведаць пра справу Аляксандра Коржыча
Гвалтоўная сьмерць у Печах салдата Аляксандра Коржыча атрымала ў грамадзтве вялікі рэзананс. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досьвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі сьмерці маладых салдат.
Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў войску.
У першым паўгодзьдзі ў Беларусі асудзілі 28 асобаў паводле крымінальных спраў аб нестатутных адносінах. Усе судовыя пастановы набылі законную сілу.