Аляксандар Лукашэнка на паседжаньні Асноўнай групы Мюнхенскай канфэрэнцыі па бясьпецы 31 кастрычніка выступіў з шэрагам ініцыятываў дзеля ўрэгуляваньня сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны.
У прыватнасьці, ён прапанаваў пашыраць магчымасьці маніторынгавай місіі АБСЭ і Трохбаковай кантактнай групы, разьмясьціць на Данбасе міратворцаў супольнай місіі ААН і АБСЭ, ускласьці на Беларусь «адказнасьць за забесьпячэньне міру ва ўсходніх рэгіёнах Украіны і кантроль на расейска-ўкраінскай мяжы» і пры «суправаджэньні» Беларусі правесьці выбары на Данбасе.
Беларусь — ня ўзор для правядзеньня выбараў
Пра пэрспэктывы рэалізацыі гэтых прапановаў Свабодзе расказаў экспэрт Цэнтру імя Разумкова Аляксей Мельнік, які адказвае за праграмы зьнешняй палітыкі і міжнароднай бясьпекі.
«Лукашэнка спрабуе максымальна выкарыстоўваць сытуацыю, якая склалася. У гэтым яго нельга абвінавачваць, і відавочна, што ўсе ягоныя заклікі да ўсясьветнай супольнасьці, што трэба нешта тэрмінова рабіць, — абсалютна справядлівыя. Адзінае, што пры гэтым ён робіць адразу заўвагу — трэба, маўляў, не шукаць вінаватых, а вырашаць праблему. Але калі ня будуць прааналізаваныя прычыны гэтай сытуацыі, то цяжка прапанаваць сапраўды эфэктыўныя рашэньні гэтай праблемы. Ён кажа, што Расея не зацікаўленая ў вайне з Украінай. Прабачце, але Лукашэнка спрабуе адначасова не пакрыўдзіць і Пуціна, і сябе пазыцыянаваць як міратворца.
Адносна ягонай ініцыятывы забясьпечыць кантроль за выбарамі — Беларусь не дэманструе, або прынамсі ня можа лічыцца ўзорам правядзеньня выбараў, адпаведных дэмакратычным і эўрапейскім стандартам. Калі Беларусь будзе кантраляваць гэтыя выбары, то, відавочна, легітымнасьць такога кантролю таксама будзе пад пытаньнем.
У тым, што Беларусь ня раз заяўляла пра гатоўнасьць накіраваць сваіх міратворцаў, нічога дрэннага няма. Але ж, у прынцыпе, у Беларусі таксама такога досьведу няма. Хоць гэта адна з краін, якая можа разглядацца як мяжа кампрамісу, бо сёньняшняя пазыцыя ўкраінскай афіцыйнай улады заключаецца ў тым, што краіны, якія ёсьць хаўрусьнікамі Расеі, не павінны быць прадстаўленыя ў вайсковым кантынгенце. На мой погляд, Беларусь — якраз той выпадак, тая краіна, якая можа быць кампрамісам».
Беларусь нельга лічыць нэўтральнай пляцоўкай
Як вы думаеце, Лукашэнка агучыў у Менску свае ініцыятывы пасьля абмеркаваньня іх зь Пятром Парашэнкам у Гомлі?
«Тэма, канечне, абмяркоўвалася. Ня ведаю, ці абмяркоўвалі яны пэўныя дэталі. Але з усяго, што заявіў Лукашэнка,тое, што ня можа быць успрынята ня толькі прэзыдэнтам Украіны, але і Ўкраінай — гэта якраз ягоныя некаторыя высновы пра ролю Расеі ў гэтым канфлікце, пра шляхі разьвязаньня гэтага канфлікту, бо ён зноў узгадвае пра супольную місію АБСЭ і ААН. Гэта больш нагадвае „пуцінскі“ варыянт, які абмяркоўваецца ва Ўкраіне і партнэрамі Ўкраіны.
І яшчэ адзін момант, які мяне ўразіў, — гэта лічба ў 160 тысяч украінскіх уцекачоў, якія нібыта атрымалі цяпер прытулак у Беларусі. Я ўпершыню бачу такія лічбы. Мне падаецца, што Лукашэнка ўвесь час спрабуе сядзець на двух крэслах, або, як у нас было ў часы Кучмы — весьці шматвэктарную палітыку. Але цяжка дагадзіць адначасова і Пуціну, і Ўкраіне ў сёньняшняй сытуацыі.
Нагадаю, што Лукашэнка заяўляў, што Ўкраіна стала крыніцай паставак нелегальнай зброі ў Беларусь, хоць украінскія памежнікі гэта абвяргалі статыстыкай — ніякага павелічэньня такіх выпадкаў ці асаблівай нагоды для абвінавачваньня Ўкраіны ў нелегальным трафіку зброі няма. Прычым гэта былі агульныя дадзеныя нашых і беларускіх памежнікаў.
Лукашэнка спрабуе браць на сябе ролю ключавой дзяржавы, такога новага эўрапейскага цэнтру для напрацоўкі новай архітэктуры бясьпекі. Але наўрад ці хто гатовы дэлегаваць яму такія паўнамоцтвы. Бо лічыць Беларусь настолькі нэўтральнай пляцоўкай, як тая ж Швэйцарыя ці іншыя краіны — таксама будзе перабольшаньнем».
Украінскі цэнтар эканамічных і палітычных дасьледаваньняў імя Аляксандра Разумкова, заснаваны ў 1994 годзе, — недзяржаўная аналітычная ўстанова. Яна дасьледуе дзяржаўную палітыку ў эканоміцы, дзяржаўным кіраваньні, энэргетыцы, а таксама ў міжнароднай, рэгіянальнай і нацыянальнай бясьпецы. Ва Ўкраіне гэты цэнтар мае рэпутацыю найбольш уплывовай незалежнай аналітычнай установы.