Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка — гэта ня ўзровень перамоўных фарматаў», — Сяргей Тарута пра лёс менскіх перамоваў вакол Данбасу


Сяргей Тарута, архіўнае фота
Сяргей Тарута, архіўнае фота

Кіраўнік украінска-нямецкай парлямэнцкай групы, дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Сяргей Тарута сказаў у інтэрвію карэспандэнту Свабоды, што для вырашэньня сытуацыі на Данбасе трэба стварыць у Вене дадатковы перамоўны фармат са спэцпрадстаўнікоў, якія маюць спэцыяльны статус ад кіраўніцтва краіны.

Сяргей Тарута ў Менску бярэ ўдзел у працы асноўнай групы Мюнхенскай канфэрэнцыі па бясьпецы.

Паводле Таруты, Менск застанецца пляцоўкай, але тут, апроч гуманітарных і некаторых эканамічных пытаньняў, нічога не вырашаецца.

«Палітычная падгрупа не працуе. Мандат у тых, хто сёньня знаходзіцца ў палітычнай групе, недастатковы для таго, каб вырашаць пытаньні. Вырашаць пытаньні трэба не з прадстаўнікамі баевікоў, бо яны ўсе стаўленікі Расеі. Трэба непасрэдна з Расеяй. І ня толькі ў фармаце спэцпрадстаўнікоў Амэрыкі і Расеі, а трэба пашырыць: спэцпрадстаўнік з Украіны, спэцпрадстаўнік з Францыі, Нямеччыны, таксама туды далучыць Эўрапейскі Зьвяз. І тады весьці на сталай аснове пад эгідай АБСЭ ў Вене. Гэта будзе проста пашырэньне. Бо без дыпляматычнага дыялёгу вырашыць праблему немагчыма. А сёньня практычна няма дыялёгу», — сказаў карэспандэнту Свабоды Сяргей Тарута.

Тое, што да вырашэньня пытаньня падключаецца Аляксандар Лукашэнка, гэта добра і важна, кажа Сяргей Тарута.

«Але ўсё роўна гэта ўзровень першых асобаў, гэта ня ўзровень перамоўных фарматаў», — сказаў Сяргей Тарута.

Дарэчы, Юлія Цімашэнка, якая мелася ўзяць удзел у працы асноўнай групы Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы, у Менск не прыехала. Паводле Таруты, прыезд прэзыдэнта Пятра Парашэнкі на канфэрэнцыю не разглядаўся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG