Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Янка Брыль: «Перш за ўсё прашу і патрабую больш не друкаваць...»


Янка Брыль. З фондаў БДАМЛМ
Янка Брыль. З фондаў БДАМЛМ

У кнігарнях зьявіўся першы том Збору твораў Янкі Брыля. Рыхтуюць выданьне Цэнтар дасьледаваньняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук і Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы, а ў сьвет яно выходзіць пад грыфам выдавецтва «Мастацкая літаратура». Усяго заплянавана выдаць дзесяць тамоў творчае спадчыны народнага пісьменьніка, які пайшоў з жыцьця 25 ліпеня 2006 году.

«Калі — магчыма і пажадана — дойдзе да пасьмяротнага выданьня майго Збору твораў, вельмі прасіў бы ўсіх, ад каго гэта будзе залежаць, улічыць мае нясьпешна прадуманыя меркаваньні наконт зьместу гэтага выданьня».

Гэтак пачынаецца «Завяшчаньне» Янкі Брыля, складзенае ім 23 лістапада 2004 году. Да яго народны пісьменьнік прыклаў яшчэ дадатак, датаваны 31 студзеня 2005 году. Абодва тэксты зьмешчаныя ў першым томе ягонага Збору твораў.

Вокладка першага тому і тэкст завяшчаньня Брыля
Вокладка першага тому і тэкст завяшчаньня Брыля

Запавет Янкі Брыля адносна пасьмяротнага выдавецкага лёсу сваіх твораў, што выходзілі з-пад пяра пісьменьніка ад 1937 году, — дакумэнт унікальны ў гісторыі беларускай літаратуры. Строга прадуманы ўвесь творчы набытак. Па жанрах указана, дзе, зь якіх прыжыцьцёвых выданьняў, зь якімі зьменамі і дадаткамі зьмясьціць у будучым Зборы твораў раманы, аповесьці, апавяданьні, нарысы, літаратурныя партрэты, публіцыстычныя артыкулы, лісты. У дадатку ж уся спадчына сплянаваная па тамах. Іх, дарэчы, пісьменьнік меркаваў, будзе восем.

Гэткі аўтарскі клопат пра дакладнасьць тэкстаў і структуру пасьмяротных кніг — сьведчаньне надзвычайнай адказнасьці за напісанае. Але яшчэ больш характарызуе асобу пісьменьніка ягоны пералік таго з напісанага, якому ён не знаходзіць месца ў вечнасьці.

«Апавяданьні. Перш за ўсё прашу і патрабую больш не друкаваць наступныя зь іх: „Хатка на ўскраіне“, „Сьвята трактарнай песьні“, „Іржавая стрэмка“, „У чыстым полі пад ракітай“, „Дзяўчынанька чарнаброва“, „Калгасная сіла“...»

Янка Брыль
Янка Брыль

Усяго ў гэтым пераліку — дваццаць два апавяданьні. Цэлы том. Але аўтар ня бачыць яго ў сваёй спадчыне. І тлумачыць, чаму.

«Усе яны друкаваліся або ў маіх кнігах, або толькі ў пэрыёдыцы, і гэтага зь іх цалкам дастаткова. Дарэчы, як і ўсім тым замалёўкам, фэльетонам ды вершыкам, што па журналісцкай службе друкаваліся ў партызанскай газэце „Сьцяг свабоды“ і ў сатырычным лістку „Партызанскае жыгала“, у той жа раёнцы „Сьцяг свабоды“ ў пасьляваенны 1944 год, у газэце-плякаце „Раздавім фашысцкую гадзіну“, у часопісе „Вожык“ або яшчэ недзе».

Гэтак жа строга Янка Брыль ацэньвае і будучую значнасьць некаторых сваіх нарысаў.

«Ня трэба больш друкаваць „Нёманскія казакі“, „На заходняй граніцы“, „Гэта было ў Рагачове“, „На нашым полі, полі калгасным“, „Сярод гаспадароў жыцьця“, „Яшчэ раз па шчырасьці“, „Як прывітаньне простым“. Яны свой век аджылі».

Першы том зьмяшчае апавяданьні і лірычныя замалёўкі Янкі Брыля 1937–1966 гадоў. Зьмест кнігі паказвае, што складальнікі ўлічылі творчы запавет аўтара. Якім, дарэчы, народны пісьменьнік пазбавіў сябе Поўнага збору твораў. Далёка ня кожнаму творцу такое пад сілу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG