Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яшчэ адны аршанскія Курапаты»: пад Воршай паставілі крыж памяці ахвярам сталінізму, цяпер у Харкаўскім лесе


Шыльда на крыжы
Шыльда на крыжы

Пад Воршай ёсьць два вядомыя месцы сталінскіх расстрэлаў: урочышча Кабыляцкая гара і Харкаўскі лес каля Магілёўскай шашы.

На Кабыляцкай гары яшчэ ў 1990 годзе паставілі помнік ахвярам сталінізму, вакол якога цяпер ствараецца народны мэмарыял. А ў Харкаўскім лесе першы крыж ад сучасьнікаў зьявіўся толькі цяпер.

Хто паставіў крыж, невядома. Надпіс на шыльдзе па-беларуску

Крыж у лесе
Крыж у лесе

Крыж на ўзьлеску па левым баку шашы Ворша — Магілёў, за якую сотню мэтраў ад гарадзкой мяжы, заўважыў мясцовы прыхільнік беларушчыны Генадзь Шэпелеў. Ён разьмясьціў допіс пра гэта на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку». Але хто паставіў крыж, спадар Генадзь ня ведае.

«Надпіс на шыльдзе па-беларуску: „Ахвярам сталінскага тэрору, расстраляным тут у 1930-я гады“. Значыць, зрабіў нейкі нацыянальна сьвядомы чалавек. А ўвогуле, зрабіць гэта было варта ўжо даўно! Пра Кабыляцкую гару ведае, пэўна, уся Беларусь. А расстрэльны лес каля Воршы чамусьці застаецца па-за ўвагай», — кажа Генадзь Шэпелеў.

Аршанцы ня раз зьвярталіся да ўладаў, каб у гэтых мясьцінах правялі раскопкі і надалі ім ахоўны статус. Ніякай рэакцыі на гэтыя звароты няма. Але й спробаў ушанаваць памяць ахвяраў сталінізму з боку грамадзкасьці дагэтуль таксама не было.

Пра Харкаўскі лес згадваецца ў кнізе «Памяць»

Фрагмэнт старонкі з кнігі «Памяць»
Фрагмэнт старонкі з кнігі «Памяць»

Аршанскія чыноўнікі згадвалі пра трагічныя падзеі ў гэтым лесе толькі ў пачатку 1990-х, калі хваля асуджэньня сталінскіх рэпрэсій на постсавецкай прасторы была на ўздыме. Пра гэтыя мясьціны ёсьць запіс і ў кнізе «Памяць» Аршанскага раёну, выдадзенай у 1999 годзе. Але гэта была, бадай што, апошняя афіцыйная згадка пра расстрэлы пад Воршай: улады пачалі ігнараваць тэму сталінскіх рэпрэсій.

У разьдзеле «Вернутыя імёны» ёсьць асабістыя зьвесткі некалькі соцень рэпрэсаваных з Воршы і Аршанскага раёну, але месца расстрэлу ніводнага зь іх ня ўказана. Тым ня менш на Кабыляцкай гары пэрыядычна зьбіраюцца мясцовыя актывісты і сваякі рэпрэсаваных — прыбіраюць там, ладзяць памінальныя імпрэзы. А Харкаўскі лес выпаў з-пад увагі грамадзкасьці, і ёсьць пагроза, што мэмарыяльныя мясьціны могуць увогуле зьнікнуць: да яго ўжо падступаюць гарадзкія новабудоўлі.

Мяжа гораду — каля самага лесу
Мяжа гораду — каля самага лесу

Крыж тут ставілі яшчэ да вайны, але яго ўжо няма

Шмат зьвестак пра тое, дзе ў раёне Магілёўскай шашы адбываліся масавыя забойствы, сабралі мясцовыя краязнаўцы. Частка зь іх надрукаваная.

Калісьці нехта спрабаваў адзначыць пахаваньне ў лесе
Калісьці нехта спрабаваў адзначыць пахаваньне ў лесе

Аповед аршанскага гісторыка Юрыя Копціка пра падзеі ў Харкаўскім лесе ўвайшоў у дакумэнтальны фільм «Чацьвёрты аргумэнт супраць сьмяротнага пакараньня».

Фрагмэнт артыкулу Юрыя Копціка ў «Аршанскай газеце»
Фрагмэнт артыкулу Юрыя Копціка ў «Аршанскай газеце»

Дасьледчык апытаў жыхароў суседніх вёсак. Паводле рэспандэнтаў, расстрэлы ўзбоч Магілёўскай шашы праводзіліся круглы год, пахаваньні было відаць з дарогі. Апытаныя прыгадвалі, што яшчэ да Другой сусьветнай вайны былі спробы ўшанаваць памяць бязьвінных ахвяраў: у лесе заўважалі запаленыя сьвечкі, і да апошняга часу захаваўся фрагмэнт даўняга жалезнага крыжа, пастаўленага шмат дзесяцігодзьдзяў таму.

Новы крыж, які зьявіўся ў гэтых мясьцінах, нагадаў пра неабходнасьць стварэньня новага мэмарыялу ў Воршы, лічаць тутэйшыя актывісты.

Усё, што засталося ад даваеннага крыжа
Усё, што засталося ад даваеннага крыжа

Аршанскія курапаты: што важна ведаць

  • У 1982 годзе, калі будавалі чыгунку ва ўрочышчы Кабыляцкая гара, знайшлі чалавечыя парэшткі. Створаная ў Воршы адмысловая камісія афіцыйна прызнала, што гэта парэшткі ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Кабыляцкая гара была прызнана месцам масавых расстрэлаў упершыню ў Беларусі — раней за менскія Курапаты.
  • Першы помнік ахвярам сталінскіх рэпрэсій зьявіўся тут у 1990 годзе, яшчэ ў часы СССР. Паводле распараджэньня тагачасных уладаў Воршы тут паставілі стандартную жалезную «тумбачку» — сапраўдны помнік меліся зрабіць пазьней.
Часовы помнік на Кабыляцкай гары, усталяваны ў 1990г. ( фота з архіву Віктара Андрэева)
Часовы помнік на Кабыляцкай гары, усталяваны ў 1990г. ( фота з архіву Віктара Андрэева)
  • У 1994 годзе на прапанову аршанскага гісторыка Юрыя Копціка замест помніка на Кабыляцкай гары паставілі камень-валун, а на ім — шыльду з радкамі Ганны Ахматавай: «Хотелось бы всех поименно назвать, да отняли список и негде узнать». Неўзабаве шыльду скралі вандалы, сьледам за ёй і наступную.
Помнік-камень прастаяў без шыльды 24 гады
Помнік-камень прастаяў без шыльды 24 гады
  • Пасьля 1994 году мясцовыя ўлады забыліся на помнік. Чыноўнікі сюды не зьяўляліся ні разу, але грамадзкія актывісты штогод зьбіраліся на Дзяды і займаліся добраўпарадкаваньнем гэтых мясьцін. У сярэдзіне 1990-х тут пачаў стыхійна стварацца самаробны мэмарыял: нашчадкі рэпрэсаваных пачалі ставіць крыжы і помнікі ў памяць пра сваіх родных.
Самаробны мэмарыял у лесе
Самаробны мэмарыял у лесе
  • Кабыляцкая гара — не адзінае месца сталінскіх расстрэлаў, вядомае аршанцам. Старажылы кажуць, што ў 1930-я гады расстрэлы адбываліся і ў Харкаўскім лесе каля магілёўскай шашы, і ў мясцовай турме, якую зрабілі ў мурах езуіцкага калегіюму. Нашчадкі рэпрэсаваных і мясцовыя актывісты хочуць паставіць памятныя знакі і ў гэтых месцах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG