Лялечны тэатар з этнаграфічнай калекцыі музыкі канфіскавалі на беларускай мяжы, бо аказаўся цяжэйшым за 35 кг, а грошай на мыта не было.
Батлейка Івана Кірчука будзе прададзеная ў дзяржаўнай сыстэме крамаў канфіскату, піша «Эўрарадыё».
Беларускія мытнікі канфіскавалі батлейку з 28 пэрсанажамі, якую вырабілі ў Беларусі ў 1996 годзе і зь якой музыкі вандравалі па сьвеце з 1999 году, у канцы жніўня. Варшаўскую этнаграфічную калекцыю Кірчука, у складзе якой была тая батлейка, узяўся вывезьці ў Беларусь генэральны прадусар «Эўрарадыё» Яўген Калмыкоў.
Ён сьцьвярджае, што меў натарыяльна аформленую даверанасьць ад Кірчука і дакумэнты са штэмпэлямі з дазволам на ўвоз і вываз. Польскай мытні дакумэнтаў хапала. А на беларускай выявілася, што лялечны тэатар важыць 64 кг — а ўвозіць бяз мытаў можна толькі «непадзельныя рэчы» да 35 кг. За «залішнюю вагу» давялося б заплаціць 1200 эўра.
Спробы пераканаць мытнікаў у тым, што батлейка не «непадзельная» (і што «нельга аб’ядноўваць Пекла, Чысцец і Рай у адно цэлае») не дапамаглі, а грошай на мыта проста не хапіла. Батлейку канфіскавалі, а астатнюю калекцыю давялося везьці назад (большая частка цяпер у Музэі беларускай этнаграфіі ў Гайнаўцы).
Калекцыю меркавалі паказаць на менскай выставе з нагоды 60-годзьдзя Кірчука. Ці атрымаецца вярнуць батлейку, невядома. Як расказаў Кірчук Свабодзе, вярнуць яе прынамсі паспрабуюць, «ёсьць людзі, якія ў Берасьці ўжо займаюцца гэтым».