Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пікетоўцы спынілі будаўнічую тэхніку ў Курапатах. ФОТА І ВІДЭА

абноўлена

У Курапатах пачалі падрыхтоўчыя работы для ўстаноўкі афіцыйнага мэмарыяльнага знаку, праект якога перамог у конкурсе Міністэрства культуры. З раніцы 15 кастрычніка пачала працаваць будаўнічая тэхніка: экскаватар, пагрузчык і два самазвалы. Работы ішлі на ўваходзе ў мэмарыял, пад самай кальцавой дарогай.

​Экскаватары пачалі капаць траншэю для адводу вады і зьбіраюцца будаваць дарожку да Галгофы. Будаўнікі пракапалі некалькі мэтраў траншэі і запоўнілі зямлёй адзін з самазвалаў, але далейшыя работы давялося спыніць — на шляху тэхнікі сталі абаронцы Курапатаў. «Як працаваць, калі пад колы лезуць?» — абураўся кіроўца самазвала.

Паводле дырэктара Бараўлянскага спэцлясгасу Аляксандра Мірановіча, «траншэя патрэбна для адводу вады ад пляцоўкі на ўваходзе ў Курапаты. Выберуць пясок і засыплюць жвірам». Пры гэтым Мірановіч адмовіўся паказаць пікетоўцам праектную дакумэнтацыю для будаўнічых работ.

«Гэта вар’яцтва — капаць тут траншэю будаўнічай тэхнікай. Усе работы тут мусяць рабіцца ўручную і з удзелам спэцыялістаў, бо тут могуць быць косткі забітых», — патлумачыў Свабодзе Павал Севянынец, чаму абаронцы Курапат замінаюць будаўнікам.

Павал Севярынец
Павал Севярынец

Ён таксама настойвае на тым, што ўся праца ў Курапатах мусіць весьціся пасьля грамадзкага абмеркаваньня і са згоды прадстаўнікоў грамадзкасьці.

«Як вядома, адкрывальнік Курапатаў Зянон Пазьняк увогуле супраць устаноўкі ў Курапатах мэмарыяльнага знаку, прапанаванага дзяржаўнай камісіяй. Мяркую, ягонае слова тут мусіць быць вызначальным». Міліцыянты пакуль ня ўмешваюцца ў сытуацыю.

Таксама ўздоўж дарожкі да Галгофы ад уваходу будаўнікі нацягнулі вяроўку і праверылі, на якой глыбіні залягае газаправод. «Зьбіраюцца будаваць дарожку да ўзвышша», — сказаў карэспандэнту Свабоды адзін з будаўнікоў.

Павал Севярынец паведаміў Свабодзе, што абаронцы Курапатаў дамовіліся з будаўнікамі, што тыя выведуць сваю тэхніку, а валянтэры ад заўтра пачнуць уручную капаць траншэю для дрэнажу пад назіраньнем археолягаў.

Супраціў як штуршок да афіцыйнага мэмарыялу ў Курапатах

У лютым 2017 году на вуліцы Мірашнічэнкі, якая мяжуе з ахоўнай зонай Курапатаў, паўстаў кругласутачны лягер супраць будаўніцтва тут офіснага цэнтру. Дзякуючы неабыякавым людзям урочышча ўдалося абараніць ад камэрцыялізацыі.

Неўзабаве курапацкая тэма знайшла працяг на дзяржаўным узроўні. У рэдакцыі газэты «Советская Белоруссия» прайшоў круглы стол пад назвай «Гісторыя, якая павінна нас аб’ядноўваць», а празь нейкі час Аляксандар Лукашэнка заявіў, што неўзабаве ў Курапатах створаць мэмарыяльны комплекс. Праўда, да «комплексу» справа не дайшла, летась у сакавіку Міністэрства культуры абвясьціла конкурс на «памятны знак».

Амаль год не было ніякіх зрухаў, хоць ініцыятар удзелу дзяржавы ў мэмарыялізацыі Курапатаў, тагачасны галоўны рэдактар газэты «СБ. Беларусь сегодня» Павал Якубовіч абяцаў, што на ўсіх этапах будуць далучаныя прадстаўнікі грамадзкасьці, якія доўгія гады апекаваліся Курапатамі. Насуперак заявам, працэс адбору прэтэндэнтаў і вызначэньня лепшых работ прайшоў кулюарна.

У чэрвені 2018 году журы на чале з рэктарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаілам Баразной абнародавала тры эскізныя праекты, адабраныя ў фінал. Выбар праектаў адбываўся без удзелу грамадзкасьці. У жніўні быў вызначаны пераможца — праект скульптараў Вольгі Нячай і Сяргея Аганава, архітэктараў Марыі Маркаўцовай і Вольгі Ярмолінай, які ў народзе ўжо назвалі «прышчэпкай».

Праект-пераможца
Праект-пераможца

Грамадзкасьць не прызнала вынікаў конкурсу па мэмарыялізацыі Курапатаў. Ніводзін з варыянтаў не задаволіў незалежных экспэртаў. Альтэрнатыўныя прапановы, выставу якіх ладзіла мастацкая суполка «Пагоня», Міністэрства культуры не разглядала.

Урэшце грамадзкая дырэкцыя Народнага мэмарыялу ў Курапатах прапанавала кампрамісны варыянт разьмяшчэньня мэмарыяльнага знаку «памяці і прымірэньня», які зьбіраюцца паставіць улады, «каб не было новых канфліктаў і боек, каб годна захаваць памяць аб ахвярах рэпрэсіяў». ​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG