Беларускі журналіст Зьміцер Галко, асуджаны на 4 гады «хіміі» за «напад на міліцыянта», расказаў на Facebook пра вынікі разгляду апэляцыі. Ён сьцьвярджае, суд абышоўся зь ім «з асаблівым цынізмам»: пастанавіў зьнізіць кампэнсацыю за судовыя выдаткі з 18 рублёў 18 капеек да 18 капеек, а ў астатнім пакінуць усё, як было.
Зьмітра Галко, вядомага па супрацы зь «Беларускім партызанам» ды іншымі выданьнямі, 17 ліпеня асудзілі на 4 гады абмежаваньня волі за «напад на міліцыянта». Сам Галко назваў прысуд палітычна матываваным, не прызнаў віны і заявіў, што ня біў міліцыянта, а толькі спрабаваў вывесьці яго з кватэры, у якую той трапіў незаконна.
Перад разглядам апэляцыі Галко наракаў, што праз забарону абмяркоўваць справу ў перапісцы падчас зьняволеньня ён ня мог даць слушнае заданьне адвакату, таму запозна даведаўся пра важныя акалічнасьці справы, а таксама расказваў аб дэпрэсіі ад «несправядлівасьці сыстэмы».
***
Шэраг праваабарончых арганізацыяў Беларусі і Беларуская асацыяцыя журналістаў 26 ліпеня прынялі сумесную заяву аб справе Галко.
Яны не выключаюць, што крымінальная справа супраць яго — помста органаў унутраных справаў за публічную крытыку.
На думку падпісантаў, у судзе не была даказаная законнасьць дзеяньняў міліцыі:
- уваходу міліцыянтаў у кватэру,
- відэаздымкі ў кватэры,
- працяглага знаходжаньня там без працэсуальных дзеяньняў.
«Ёсьць усе падставы меркаваць, што гэтыя дзеяньні парушалі недатыкальнасьць жыльля і суправаджаліся ўмяшаньнем у асабістае жыцьцё. І расцэньваліся такімі Дзьмітрыем Галко», адзначаецца ў заяве.
Адпаведна і прысуд за перашкоду законнай дзейнасьці міліцыянтаў выглядае неабгрунтаваным, вынікае з тэксту заявы.
Аўтары заявы адзначаюць, што ў справах, зьвязаных з публічнай крытыкай прадстаўнікоў улады, расьсьледаваньне павінна быць бездакорным — як у працэдуры, так і ў высновах.
«На нашу думку, у гэтым выпадку яно такім не зьяўляецца. Многія пытаньні, істотныя для справы (і для далейшай практыкі ўзаемадачыненьняў грамадзян і супрацоўнікаў міліцыі), не былі вырашаныя судом», — сказана ў заяве.
25 лістапада 2017 году ў менскай кватэры сын журналіста зь сябрамі-падлеткамі адзначаў свой дзень народзінаў. У кватэры знаходзіўся і Зьміцер Галко. Супрацоўнікі міліцыі, як мяркуе журналіст, незаконна ўварваліся ў кватэру, дзе без дазволу пачалі праводзіць відэаздымку і затрыманьні. Паводле міліцыянта Юрыя Чыркова, Галко аказваў яму супраціў, разьбіў мабільны тэлефон і двойчы ўдарыў. Сам Галко гэта адмаўляе.
Паводле сьведак, некаторыя ўдзельнікі адзначэньня дня народзінаў, у тым ліку непаўналетнія, былі нападпітку. Міліцыянты сьцьвярджалі, што нецьвярозы быў і Галко, чаго сам ён у судзе не прызнаў.