Адзін з самых знаных вазочнікаў Беларусі Саша Аўдзевіч разам з камандай паплечнікаў прыдумалі, як ператварыць продаж красовак у дабрачынны праект.
2 кастрычніка яны сустрэліся з дырэктарам Лідзкай абутковай фабрыкі Ўладзімерам Чыжыкам, і ён пагадзіўся падтрымаць стартап.
Праект назвалі «Дзьве палоскі» — менавіта столькі будзе на баках «дабрачыннай» мадэлі лідзкіх красовак.
Ідэя праекту ў тым, каб усе да капейкі грошы, якія пакупнік заплаціць за красоўкі, ішлі на дабрачыннасьць:
- пашырэньне безбарʼернага асяродзьдзя,
- усталёўку пандусаў,
- мэдычную дапамогу людзям з абмежаванымі магчымасьцямі,
- догляд за самотнымі старымі і падобнае.
Але хто ў такім разе аплоціць выраб абутку? Аўтары ідэі мяркуюць, што выкупляць партыі красовак будуць бізнэсоўцы. Узамен на язычках красовак разьмесьцяць іхны лягатып. Саша Аўдзевіч тлумачыць, чаму гэтая схема павінна спрацаваць:
«Дапусьцім, вы — нейкая кампанія і хочаце зрабіць сабе рэкляму. Замаўляеце сабе білборд. Ён каштуе ў Менску 1000 даляраў за месяц. А мы вам прапаноўваем на гэтыя грошы купіць 50-60 параў красовак і піярыцца на язычках».
Красоўкі зь дзьвюма палоскамі будуць прадавацца ня толькі ў крамах, але і ў кавярнях ды гатэлях. Іх можна будзе пазнаць па QR-кодзе на задніку, у якім будзе «зашыта» спасылка на сайт праекту.
«Замест нікому не патрэбнай бірулькі, якую табе даюць за дапамогу дзецям-сіротам, ты атрымліваеш адэкватную рэч, якой ты карыстаесься, якая модная і ў трэндзе — хіпстэрскія красоўкі», — кажа Саша Аўдзевіч.
Праект «Дзьве палоскі» будзе ўдзельнічаць у конкурсе сацыяльных стартапаў Social Weekend. Але аўтары поўныя рашучасьці рэалізаваць праект незалежна ад вынікаў конкурсу.
Першую партыю пачнуць распрацоўваць неўзабаве. Вырабіць яе абяцаюць да канца году. Красоўкі плянуюць выпускаць розных колераў і памераў, для дарослых і дзяцей. Прадаваць іх хочуць за дасяжную цану — 25-30 рублёў.
Заяўкі на дапамогу будуць прымаць на сайце праекту. А наведнікі сайту змогуць за тую ці іншую заяўку галасаваць.