Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта будзе выдатнай падставай Расеі для ўварваньня ва Ўкраіну»: расейскі экспэрт аб украінскай аўтакефаліі 


Да чаго можа прывесьці наданьне аўтакефаліі і стварэньне новай кананічнай Украінскай праваслаўнай царквы? Ці рушыць усьлед за гэтым гаспадарча-маёмасны канфлікт і ці сапраўды, як гаворыць пра гэта большасьць праўладных расейскіх СМІ, сусьветнае праваслаўе чакае глябальны раскол?

Камэнтуе экспэрт у пытаньнях праваслаўя, навуковы супрацоўнік Унівэрсытэту Ўсходняй Фінляндыі Мікалай Мітрохін.

Мікалай Мітрохін
Мікалай Мітрохін

— Расейскія СМІ, а за імі і асобныя ўкраінскія, палохаюць свае аўдыторыі расколам у сусьветным праваслаўі. Наколькі апраўданыя такія сьцьвярджэньні, ці няма тут элемэнту нагнятаньня?

— Ужо існуюць два лягеры ў сусьветным праваслаўі, якія даволі выразна паказалі сябе падчас Крыцкага сабору 2016 году: РПЦ, Сэрбская і Грузінская цэрквы з аднаго боку, і астатнія цэрквы — з другога боку.

Цалкам магчыма, што ў выніку канфлікту праз Украіну адбудзецца выключэньне Канстантынопальскага патрыярхату з кола зносін згаданых цэркваў, але захаваньне сувязі Масквы зь іншымі праваслаўнымі цэрквамі, усімі або часткай зь іх.

Раскол у сусьветным праваслаўі — гэта нейкая прапагандысцкая трошкі тэрміналёгія, але даволі востры канфлікт паміж Канстантынопалем, які спрабуе адыгрываць у сусьветным праваслаўі ролю лідэра і каардынатара, і блёкам прамаскоўскіх цэркваў, несумненна, будзе.

«Украінская аўтакефалія можа адмоўна паўплываць на Беларусь»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:35:30 0:00

— Украінскія мэдыя малююць аўтакефалію адказам на «грамадзкі запыт», «народу патрэбная ўласная царква». Ці сапраўды грамадзтва хвалюе гэтая тэма?

— З майго пункту гледжаньня, асноўная частка праваслаўных наагул ня вельмі разумее, аб чым ідзе гаворка, ня вельмі разьбіраецца, і для іх важны іх уласны храм, уласны сьвятар, а ўсё астатняе для іх незразумела і ня мае такой значнасьці.

— Калі парафіянам усё роўна, да якога патрыярхату належаць, то, можа, прызнаньне Ўкраінскай царквы пройдзе безбалесна, альбо варта чакаць сур’ёзных фізычных сутыкненьняў паміж вернікамі розных цэркваў?

— Чаму я, напрыклад, лічу, што аўтакефалія заўчасная, — гэта, перш за ўсё, таму, што якія б сьветлыя ідэі ні мелі галовы кіраўнікоў працэсу, на мясцовым, на лякальным узроўні мы маем поўную практыку трансфармацыі гэтага ў сілавыя дзеяньні, калі кіраўнікі сельсаветаў будуць абвяшчаць, што «зараз храм належыць не да гэтага патрыярхату, а да гэтага».

Зразумела, усё гэта будзе прыводзіць да сутыкненьняў. УПЦ Маскоўскага патрыярхату здольная мабілізаваць даволі шмат людзей, гэта буйная структура. Зь іншага боку, ёсьць украінскія нацыяналісты, даволі рашуча настроеныя.

Гэта будзе выдатнай падставай для Расеі для ўварваньня на тэрыторыю Ўкраіны. Гэта будзе прадметам шырокай кампаніі антыўкраінскай і ў Эўрапейскім зьвязе.

Легітымнасьць украінскага ўраду і рацыя ўкраінскага ўраду ў глябальным супрацьстаяньні з Расеяй будзе ставіцца пад сумнеў. У Расеі вельмі вялікі досьвед правядзеньня падобнага роду кампаніяў.

Мікалай Мітрохін — расейскі сацыёляг, гісторык, публіцыст, «дасьледчык актуальнага становішча і дзейнасьці Рускай праваслаўнай царквы як сацыяльнага і эканамічнага інстытуте ў Расеі і іншых краінах СНД». Быў дырэктарам грамадзкай арганізацыі «Інстытут вывучэньня рэлігіі ў краінах СНД і Балтыі», навуковым супрацоўнікам цэнтру вывучэньня Эўропы пры Брэмэнскім унівэрсытэце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG