Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чытачка Янкута: Фэмінісцкая оптыка пазбаўляе чытаньне клясыкі ранейшай прыемнасьці


Ганна Янкута
Ганна Янкута

У рубрыцы «Варта» на выходных мы публікуем адказы на анкету пра чытацкія звычкі беларусаў. 20 пытаньняў пра тое, як файна чытаць файную літаратуру. Сёньня на нашу чытацкую апытанку адказвае перакладчыца Ганна Янкута.

Якія кнігі вы чытаеце цяпер?

Дачытваю раман «Хроніка ў камені» альбанскага пісьменьніка Ісмаіля Кадарэ ў беларускім перакладзе Максіма Мудрова (калі чытала пра аўтара, то была ўражаная, даведаўшыся, што яго жонка, Хелена Кадарэ, зрабілася першай жанчынай, якая выдала па-альбанску раман, і адбылося гэта ў 1970 годзе) і пачынаю чытаць «Шчыгла» Донны Тарт. Таксама на стале ляжаць кнігі, якія я чытаю досыць даўно і паволі: праца беларускага антраполяга Сьцяпана Стурэйкі «Беспокойные камни: 9 эссе о новом измерении архитектурного наследия» і «Тэорыі літаратуры ХХ стагодзьдзя» Анны Бужыньскай і Міхала Паўла Маркоўскага (пераклалі Т. Нядбай, М. Пушкіна, С. Рогач і М. Шода). Даўно пачала і ўсё ніяк не знайду часу дачытаць раман «Жыткаўскія багіні» чэскай пісьменьніцы Катэржыны Тучкавай, перакладзены С. Рогач.

Якую выдатную кнігу вы прачыталі апошнім часам?

Толькі скончыла кнігу Эвы Томпсан «Песьняры імпэрыі: Расейская літаратура і каляніялізм», перакладзеную з ангельскай Т. Нядбай. Дасьледчыца прапануе аналіз вядомых нам са школы клясычных твораў праз прызму посткаляніяльнай тэорыі і даводзіць, што нават найлепшыя ўзоры расейскай літаратуры прапагандуюць перавагу расейскага народу над зьняволенымі нацыямі і прасоўваюць імпэрскія інтарэсы дзяржавы. Паколькі я даўно не перачытвала расейскую клясыку, такая інтэрпрэтацыя была для мяне адкрыцьцём.

Што ўплывае на ваша рашэньне прачытаць кнігу: рэцэнзія, парада сяброў, атрыманьне прэміі кнігай, нешта іншае?

Калі вядзецца пра беларускую літаратуру, то я стараюся быць у курсе навінак і сачыць за выхадам як арыгінальных твораў, так і перакладаў (перадусім цікаўлюся тым, што выходзіць у недзяржаўных выдавецтвах). Безумоўна, за доўгія гады працы ў гэтай сфэры ў мяне склалася пэўнае ўяўленьне пра тых ці іншых аўтараў, і я ўжо ведаю, што мне будзе цікава, а што лепш у рукі ня браць. Што да літаратуры замежнай, якую я чытаю па-расейску, па-польску і па-ангельску, то тут маюць значэньне і парады сяброў, і рэцэнзіі, і кніжныя агляды. Раней старалася сачыць за творчасьцю ляўрэатаў Нобэлеўскай і Букераўскай прэмій (і такім чынам пазнаёмілася, напрыклад, з раманамі Жузэ Сарамагу ці Марыё Варгаса Льёсы). Нон-фікшн выбіраю пераважна з дапамогай аглядаў, часам нешта падказваюць выпадковыя згадкі ў кнігах і артыкулах. Калі прыяжджаю ў Польшчу, то ўважліва знаёмлюся з асартымэнтам кніжных крамаў і ледзь не інтуітыўна шукаю тое, што можа зацікавіць.

Самая цікавая рэч, пра якую вы даведаліся з кнігі апошнім часам…

Паколькі апошнім часам я чытаю шмат навуковых і навукова-папулярных выданьняў, то адказваць на гэтае пытаньне магу доўга. Мастацкую літаратуру я стараюся разбаўляць працамі па біялёгіі, генэтыцы, фізыцы, антрапалёгіі (хай сабе і прызначанымі для шырокага чытача), каб хоць трошкі разумець навакольны сьвет і сучасную навуку. Кнігі такога кшталту, безумоўна, даюць шмат надзвычай цікавай інфармацыі. Так, клясычная праца біёляга Рычарда Докінза «Эгаістычны ген» дала ўяўленьне пра эвалюцыю генаў і іх барацьбу за выжываньне, кніга Юваля Ноя Харары «Sapiens. Кароткая гісторыя чалавецтва» ўразіла думкай, што калісьці на Зямлі жыло некалькі відаў людзей, а кніга Браяна Кокса і Джэфа Форшаў «Чаму E=mc2? І чаму гэта павінна нас хваляваць» дапамагла ўпарадкаваць веды пра тэорыю прасторы-часу Айнштайна.

Адну з гісторый, якая ўразіла мяне найбольш, я прачытала ў кнізе «Цар усіх хвароб: Біяграфія раку» Сідхартхі Мукерджы, за якую ён атрымаў у 2011 годзе Пулітцэраўскую прэмію. У гэтай кнізе ў бэлетрыстычнай форме разглядаецца гісторыя дасьледаваньняў раку і эвалюцыя мэтаду яго лячэньня, і адзін з разьдзелаў прысьвечаны таму, якім чынам навукоўцы вызначылі сувязь паміж ракам лёгкіх і курэньнем. Паколькі доўгі час гэтая сувязь здавалася невідавочнай, прайшло некалькі дзесяцігодзьдзяў (якія забралі безьліч жыцьцяў), перш чым яе намацалі, і тытунёвыя фабрыкі ўкладалі шмат грошай у тое, каб схаваць інфармацыю пра наступствы курэньня ад грамадзкасьці. Спатрэбілася некалькі гучных судовых спраў, каб праўда адкрылася, але нават пасьля гэтага тытунёвае лобі не аслабла. Калі ў ЗША ўвялі абмежаваньні на рэкляму цыгарэт, вялікія кампаніі ўзмацнілі наступ на рынкі іншых краін (у тым ліку постсавецкіх), усяго за некалькі гадоў істотна павялічыўшы там колькасьць курцоў. Сідхартха Мукерджы апісаў гісторыю гэтых адкрыцьцяў (асабліва мне спадабаўся той факт, што навукоўцы, якія над імі працавалі, адзін за адным кідалі курыць, хоць, на жаль, не ўсіх гэта ўратавала) і судовых спраў так ярка, што цяпер, калі я бачу сяброў і сваякоў, якія выцягваюць цыгарэту, я рэагую на гэта досыць эмацыйна, бо думаю пра карпарацыі, якія прасоўваюць у сьвеце атруту, а людзі яшчэ і плацяць за яе грошы, забясьпечваючы гандлярам звышпрыбыткі.

А вось у кнізе «Дальняе чытаньне» італьянскага літаратуразнаўцы Франка Марэці мастацкія творы аналізуюцца з дапамогай Big Data. Дасьледчык прыходзіць да высновы, што сярод мора дэтэктыўных твораў, якія запаланілі брытанскі рынак на мяжы ХІХ і ХХ стст., у гісторыі літаратуры застаўся толькі Артур Конан Дойл, бо ён бліжэй за ўсіх падышоў да адкрыцьця такой важнай для дэтэктыўнага твора рэчы, як доказ («улика»), а ў п’есе Ў. Шэксьпіра «Гамлет» гінуць толькі тыя героі, якія зьвязаныя адначасова і з Гамлетам, і з Клаўдыем, то бок аказваюцца паміж двума полюсамі канфлікту.

Які клясычны раман вам давялося прачытаць апошнім часам упершыню?

У апошнія гады я чытаю досыць мала клясычных раманаў, хоць раней аддавала ім шмат часу. Фэмінісцкая оптыка пазбаўляе чытаньне клясыкі ранейшай прыемнасьці, бо калі бачыш, якім чынам пісьменьнікі канструявалі жаночыя (ды і мужчынскія) вобразы і што за гэтым стаіць насамрэч, чытаньне пачынае засмучаць нашмат больш, чым хацелася б. Таму, напэўна, самай «клясычнай» з кніг, якія я прачытала за апошні час, можна лічыць томік з сэрыі «Мая беларуская кніга» «Вэнэра, або Як я быў прыгоньнікам» Алеся Адамовіча. А вось мастацкія пераасэнсаваньні клясыкі мяне прывабліваюць: нядаўна, напрыклад, я натрапіла на раман Джо Бэйкер «Лонгбарн», у якім гісторыя з «Пыхі і перадузятасьці» расказваецца з гледзішча слуг. І хай раман Бэйкер саступае раману Остэн у стылістычным пляне, такія творы дапамагаюць зірнуць на клясыку па-новаму і даць голас героям і гераіням, якія ў тыя часы права на голас ня мелі і чый досьвед заставаўся ў ценю.

Якіх сучасных аўтараў — раманістаў, паэтаў, драматургаў, крытыкаў, журналістаў — вы цэніце і любіце больш за іншых?

Гэты сьпіс будзе даўжэзным, бо апошнім часам мне траплялася шмат

цудоўных кніг. У беларускай літаратуры я надзвычай цаню пакаленьне жанчын-паэтак прыкладна майго веку: Марыю Мартысевіч, Насту Кудасаву, Юлю Цімафееву, Віялету Пачкоўскую, Тацяну Нядбай, а таксама паэтак і празаікаў Веру Бурлак, Сабіну Брыло, Анку Ўпалу, Алену Брава. З прыемнасьцю чытаю творы і пераклады Альгерда Бахарэвіча і Антона Францішка Брыля. З замежных аўтараў — польская журналістка Малгажата Шэйнэрт (яе кнігу «Насыпаць горы» пра Палесьсе ня так даўно пераклалі на беларускую, але я найбольш люблю «Востраў-ключ» і мару яе перакласьці), партугальскі празаік Жузэ Сарамагу (ня ведаю, ці можна яго лічыць сучасным, бо ў 2010 ён памёр), брытанская пісьменьніца Антонія Бает, канадзкая пісьменьніца Маргарэт Этвуд, сацыёляг Зыгмунт Баўман. І гэта толькі тыя, што адразу ж прыйшлі ў голаў.

Якая кніга апошнім часам давяла вас да сьмеху?

Неяк сьмешнага апошнім часам не траплялася.

А ці плакалі вы над нейкай кнігай апошнім часам?

Таксама нічога не прыгадваю.

Якая кніга вас раззлавала ці расчаравала?

А вось злуюць ці расчароўваюць мяне кнігі часта. Асабліва гэта тычыцца беларускіх кніг, калі мне здаецца, што пісьменьнік ці пісьменьніца маглі зрабіць лепш і трошкі недапрацавалі.

Пра ідэі і змаганьне зь імі

Якія літаратурныя жанры вы не чытаеце?

Мне цікавая ўся літаратура, таму такіх жанраў амаль няма. Можа, не вазьмуся чытаць любоўныя раманы, хоць калісьці ў падлеткавыя гады прачытала некалькі тыповых кніг у духу Даніэлы Сьціл, каб мець уяўленьне і пра гэтую зьяву. Стараюся не чытаць тыя творы сучаснай масавай літаратуры (перадусім расейскай, але і іншых таксама), у аснове якіх ляжаць непрымальныя для мяне сацыяльныя стэрэатыпы (гендэрныя, этнічныя і інш.). Ня вельмі цікавая мне і літаратура рэлігійнага зьместу. А ўвогуле любы жанр мае лепшыя і горшыя ўзоры, таму заракацца ня буду.

Як вы любіце чытаць — на паперы ці з электроннай чыталкі? Адну кнігу ці некалькі паралельна? Раніцай ці вечарам?

Прозу магу чытаць і з паперы, і з электроннай чыталкі, паэзію — толькі з паперы. Навуковыя працы стараюся чытаць на паперы (калі ёсьць толькі электронны файл, то раздрукоўваю яго), каб рабіць пазнакі. Чытаю звычайна некалькі кніг паралельна: заўжды здаецца, што так атрымліваецца чытаць хутчэй і больш. За кнігу сядаю ўвечары, бо ранкам, калі галава сьвежая, стараюся сама пісаць ці перакладаць.

Вы ведаеце, дзе якая кніга ў вас стаіць або ляжыць? Як вы ўпарадкоўваеце свае кнігі?

Цяпер у сувязі з рамонтам кватэры кнігі ў мяне ляжаць абы-як і бывае досыць цяжка нешта знайсьці. Але гэты стан для мяне ненармальны. Звычайна кнігі ў мяне на паліцах стаяць акуратнымі шэрагамі, і я ведаю, дзе што знаходзіцца. Спадзяюся, хутка яно зноў так і будзе. Кнігі люблю ставіць па сэрыях і тэматычна, беларускія — асобна, пераклады — асобна, замежныя кнігі на мовах арыгіналу — асобна.

Якія кніжныя знаходкі на вашых паліцах маглі б моцна зьдзівіць вашых знаёмых?

Раней мая кніжная калекцыя была больш стракатая, але ў апошнія гады я спрабую яе аптымізаваць і шмат чаго раздаю (хоць у выніку кніг менш ня робіцца). Так, збор кніг на русінскай мове я падарыла знаёмаму лінгвісту, кнігі на мальтыйскай і ірляндзкай мовах таксама раздала. З экзотыкі засталіся толькі кнігі, прысьвечаныя літаратуры на мове афрыкаанс. Сярод самых прыгожых у калекцыі — трохтомнік расейскіх перакладаў паэзіі Брытанскіх астравоў у зялёных аксамітных вокладках, а самая незвычайная для філёляга кніга — вызначальнік птушак, які ў 2017 годзе выдала арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны».

Які найлепшы кніжны падарунак вы атрымалі?

Некалькі гадоў таму папрасіла сяброў не дарыць мне кнігі, бо іх і так шмат, і я стараюся купляць толькі самае неабходнае (хоць неабходнага часам таксама аказваецца мнагавата). Гэтае правіла ня тычыцца сяброў-пісьменьнікаў і пісьменьніц (ці перакладчыкаў і перакладчыц), якія часам дораць свае кнігі — ад такога падарунку адмовіцца немагчыма, хоць, напэўна, правільней было б усё ж гэтыя кнігі таксама набываць. Што да найлепшага кніжнага падарунку, то калісьці перакладчыца Кацярына Маціеўская падарыла мне на дзень нараджэньня цудоўна аформлены альбом Обры Бёрдсьлі, і гэтая кніга моцна паўплывала на маю цікавасьць да ангельскіх творцаў канца ХІХ ст.

Ваш улюбёны кніжны герой/антыгерой або кніжная гераіня/антыгераіня?

Як жа сярод іх усіх выбраць аднаго ўлюбёнага ці адну ўлюбёную?

Вы шмат чыталі ў дзяцінстве? Якія кніжкі зь дзяцінства засталіся ў вашай памяці назаўсёды?

Я была кніжным дзіцём, чытала цэлымі днямі, і кнігі для дзяцей, і (цішком) кнігі для дарослых, напрыклад, усю сэрыю пра Анжаліку (за выключэньнем тамоў 2–3 і яшчэ нейкага — іх у бацькоў не было), і даведнікі па матэматыцы і фізыцы (бацька скончыў матэматычны факультэт і дагэтуль захоўвае адпаведную літаратуру). Больш за ўсё любіла кнігі пра мумі-троляў Тувэ Янсан, сэрыю пра краіну Оз Лаймэна Фрэнка Баўма і кнігу эстонскага пісьменьніка Эна Раўда «Муфта, Паўчаравіка і Махавая Барада». Вельмі радуюся, што мае любімыя кнігі пра мумі-троляў пераклалі ўжо на беларускую Алеся Башарымава і Наста Лабада, нецярпліва чакаю, калі выйдзе «Чараўнік з краіны Оз» у перакладзе Сержа Мядзьведзева. і спадзяюся, што да Эна Раўда чарга таксама дойдзе.

Мара пра кнігу

Калі б вы маглі прымусіць прэзыдэнта Беларусі прачытаць нейкую кнігу, што гэта было б?

Ня думаю, што кніга можа зьмяніць чалавека (а менавіта ў гэтым я бачу сэнс пытаньня), калі ён да зьменаў не гатовы. Нават тыя творы, якія падымаюць палітычныя праблемы наўпрост, як, напрыклад, раман Жузэ Сарамагу, які ў расейскім перакладзе А. Багданоўскага называецца «(Про)зрение» і які выйшаў у 2004 годзе, але прадказаў многае, што адбывалася падчас і пасьля беларускіх (і ня толькі) выбараў наступных гадоў, наўрад ці прымусіць задумацца пра карані палітычных крызысаў таго, хто дагэтуль пра іх ня думаў. А таму хай чытае хоць нешта.

Каго з трох сучасных або памерлых пісьменьнікаў вы хацелі б запрасіць на прыватную літаратурную вечарыну?

У мяне рэдка зьяўляецца жаданьне знаёміцца ці сустракацца з кімсьці з вядомых пісьменьнікаў, і нават здаецца, што я ведаю зашмат сучасных беларускіх пісьменьнікаў — гэта перашкаджае пісаць на іх творы непрадузятыя рэцэнзіі. Мабыць, было б цікава запрасіць на прэзэнтацыю рамана «Пыха і перадузятасьць» (свой пераклад якога я цяпер рыхтую да выданьня) яго аўтарку Джэйн Остэн, але, баюся, паразумецца з ёй было б цяжка — занадта розныя эпохі. Прыемна было б арганізаваць вечарыну з Жузэ Сарамагу — нядаўна я перачытвала беларускі пераклад яго Нобэлеўскай лекцыі «Як героі былі настаўнікамі і вучылі аўтараў», зроблены Н. Козінцавай, і чарговы раз падумала, што гэта мусіў быць неверагодны чалавек. Ну і каб не хадзіць далёка, запрасіла б яго суайчыньніка, паэта Фэрнанду Пэсоа, які падпісваў вершы больш як 70-цю імёнамі — цікава, да каго са сваіх гетэронімаў ён быў падобны ў жыцьці. Да таго ж, ён — нефармальны патрон «Прайдзісьвету»: лягатып часопісу, чалавечак з вусамі, стылізаваны пад адну з выяваў партугальскага паэта.

Каго б вы хацелі мець як свайго біёграфа?

Калі аднойчы гэта раптам спатрэбіцца, то мне ўжо, відаць, будзе ўсё адно.

Што вы перачытваеце?

Вельмі рэдка нешта перачытваю, прозу — амаль ніколі. З паэзіі часьцей за ўсё вяртаюся да вершаў Алфрэда Эдварда Гаўсмэна і Баляслава Лесьмяна. Нядаўна зьявілася жаданьне перачытаць асобныя працы Ганны Арэндт і Зыгмунта Баўмана — выключэньне з правілаў.

Што вы плянуеце прачытаць у бліжэйшым часе?

Столькі ўсяго, што нават падумаць страшна. Даўно ляжаць і ўжо вось-вось дачакаюцца свайго часу «Падарожжа ў БНР» Сяргея Шупы, «Рыбіна кроў» Іржы Гаічка (пераклад С. Рогач), «Каханьне падчас халеры» Габрыеля Гарсіі Маркеса (пераклад К. Шэрмана) і «Бегуны» Вольгі Такарчук. Засталося яшчэ некалькі недачытаных кніг Жузэ Сарамагу, хачу ўзяцца за Дорыс Лесінг. Калі абараню дысэртацыю (вельмі спадзяюся, што гэта здарыцца да канца году), то хачу набраць сабе клясычнай навуковай фантастыкі — таго, што недачытала ў падлеткавыя гады (цікава, што выйдзе з такога вяртаньня) — і некалькі месяцаў адпачываць ад навуковых тэкстаў. І я маю надзею, што беларускія выдавецтвы скарэктуюць гэты сьпіс, выдаўшы ў бліжэйшыя месяцы нешта такое, прапусьціць што дакладна будзе нельга.

Прывіды кніжных паліц

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG