Швайцарыя патрабуе ад Масквы спыніць шпіёнскую актыўнасьць на сваёй тэрыторыі пасьля таго, як на працягу апошніх дзён стала вядома пра дзьве верагодныя справы аб шпіянажы, паведамляе Reuters.
«Швайцарскі дэпартамэнт замежных спраў заклікаў Расею неадкладна спыніць незаконную дзейнасьць на тэрыторыі Швайцарыі ці супраць швайцарскіх аб’ектаў», — гаворыцца ў заяве дыпляматычнага ведамства ад 16 верасьня.
Згодна з паведамленьнем, швайцарскае МЗС заклікала расейскага амбасадара ў Бэрне Сяргея Гармоніна выступіць з пратэстам супраць дзейнасьці Масквы ў Швайцарыі.
У заяве не прыведзена дэталяў, аднак яна зьявілася на наступны дзень пасьля паведамленьняў у СМІ, што ўлады Швайцарыі пацьвердзілі затрыманьне ўвесну ў Нідэрляндах двух расейцаў, якія спрабавалі атрымаць дадзеныя лябараторыі ў швайцарскім горадзе Шпіц. Іх таксама падазраюць у дачыненьні да кібэратак на Сусьветнае антыдопінгавае агенцтва (WADA), якое ў 2015 годзе апублікавала даклад аб прымяненьні допінгу расейскімі спартоўцамі. Расейскі бок абвінавачваньні абвяргае.
У швайцарскай лябараторыі ў Шпіцы праводзілі аналізы для расьсьледаваньня хімічных нападаў, у прыватнасьці атручваньня былога расейскага выведніка Сяргея Скрыпаля ў Солсбэры. Брытанскі ўрад сьцьвярджае, што Скрыпаля атруцілі супрацоўнікі расейскіх спэцслужбаў, якія дзейнічалі на загад Крамля. Таксама лябараторыя ў Шпіцы дасьледуе рэчыва, якое, як мяркуюць, выкарыстаў расейскі саюзьнік, урад Сырыі, у сырыйскай грамадзянскай вайне.
Як перадае Reuters, Міністэрства замежных спраў Швайцарыі сёлета тры разы выклікала амбасадара Расеі ў Бэрне, каб выказаць занепакоенасьць з нагоды меркаваных апэрацый супраць арганізацыяў, якія базуюцца ў Швайцарыі, уключаючы лябараторыю ў Шпіцы.