Меркаваныя агенты ГРУ, якіх Брытанія падазрае ў атручэньні Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Юліі, будуць арыштаваныя і прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці Брытаніяй альбо яе саюзьнікамі, у выпадку, калі выедуць па-за межы Расеі. Пра гэта заявіў міністар унутраных справаў Вялікабрытаніі Саджыд Джавід, перадае Бі-бі-сі.
Назваўшы гэтае злачынства «агідным і подлым» актам «расейскай дзяржавы», ён паўтарыў выказанае прэм’ерам Тэрэзай Мэй меркаваньне пра тое, што супрацоўнікі выведкі дзейнічалі на загад Крамля. У адказ, сказаў ён, Брытанія ўжыве ўсе наяўныя ў яе «шырокія магчымасьці» супраць Расеі.
У той жа час міністар прызнаў, што падазраваныя, хутчэй за ўсё, ніколі ня зьявяцца на брытанскай зямлі.
6 верасьня брытанская паліцыя апублікавала фатаграфіі падазраваных у злачынстве — меркаваных афіцэраў расейскіх спэцслужбаў Аляксандра Пятрова і Руслана Башырава. Як паведамляла прэса, яны аформілі брытанскія візы як «бізнэсоўцы» і атрымалі нэрвова-паралітычнае рэчыва «Навічок» праз дыпляматычную пошту ўжо на тэрыторыі Англіі.