У рубрыцы «Варта» на выходных мы публікуем адказы на анкету пра чытацкія звычкі беларусаў. 20 пытаньняў пра тое, як файна чытаць файную літаратуру. Сёньня на нашу чытацкую апытанку адказвае журналіст і музыка Андрэй Скурко.
Якія кнігі вы чытаеце цяпер?
Мастацкай літаратуры чытаю мала. Больш навуковай (гістарычнай) ды нон-фікшн. Цяпер гэта дзьве кніжкі: «Гісторыя кельтаў» Даіці О’Гагейн і «Бляск ды ўбогасьць Сярэднявечча» Фэрдынанда Зайбта. Абедзьве па-ўкраінску.
Украіна ўвогуле робіцца нашым рэгіянальным флягманам у пытаньні задавальненьня патрэбаў у якасных і недарагіх заходніх кнігах. І паездкі ва Ўкраіну на кніжны шопінг ужо разьвіваюцца ў самастойны кірунак беларускага турызму. Пакуль у вузкіх колах, праўда))
Якую выдатную кнігу вы прачыталі апошнім часам?
Літаральна напярэдадні — здабытыя там жа «Нарысы пачатковай Русі» Аляксея Талочкі. Дагэтуль яшчэ пад уражаньнем: выдатны навуковы аналіз і нечаканы погляд на рэчы, якія здаваліся аксіяматычнымі.
Што ўплывае на ваша рашэньне прачытаць кнігу: рэцэнзія, парада сяброў, атрыманьне прэміі кнігай, нешта іншае?
Дакладна не атрыманьне прэміі)) Бывае, жонка раіць штосьці, бывае, паўстае працоўная патрэба. Гэта за выключэньнем усіх іншых шляхоў.
Самая цікавая рэч, пра якую вы даведаліся з кнігі апошнім часам…
…дачка Карла Вялікага зьбегла з мэнэстрэлем. І ён зьмірыўся.
Які клясычны раман вам давялося прачытаць апошнім часам упершыню?
«Калевалу», шкада, няма як залічыць у клясычныя раманы. І ўсё ж, карыстаючыся выпадкам, — дзякуй спадарам Якубу Лапатку і Лявону Баршчэўскаму за жывы беларускі пераклад.
Калі пра зусім клясычны казаць, дык слухаў ня так даўно ў аўтамагнітоле «Вайну і мір» Талстога — сам не чакаў, што будзе так цікава. Навошта гэтыя кнігі ў школе ды ВНУ вывучаюць? Сэнсу ж ніякага гадоў да сарака іх чытаць.
Якіх сучасных аўтараў — раманістаў, паэтаў, драматургаў, крытыкаў, журналістаў — вы цэніце і любіце больш за іншых?
Люблю сюрпрызы))
Якая кніга апошнім часам давяла вас да сьмеху?
Успаміны пра Барыса Беразоўскага, сабраныя ягоным «падзельнікам» Пятром Авенам — рэчы там сур’ёзныя, часам страшныя, але і ўсьміхацца часта даводзілася. Жывая эпоха, жывыя людзі.
А ці плакалі вы над нейкай кнігай апошнім часам?
Па працы, бывае, даводзіцца стагнаць над некаторымі тэкстамі, але гэта трэнас чыста прафэсійны. Пачуцьце, блізкае да вусьцішы, выклікаў «Інтэрнат» Сяргея Жадана. Кніга дазваляе асэнсаваць нашу геаграфічную блізкасьць да пекла на зямлі.
Якая кніга вас раззлавала ці расчаравала?
Навошта чытаць такія кнігі?))
Якія літаратурныя жанры вы не чытаеце?
Драматургію цяжка ўспрымаю на паперы, на сыстэматычнае чытаньне паэзіі не стае часу.
Як вы любіце чытаць — на паперы ці з электроннай чыталкі? Адну кнігу ці некалькі паралельна? Раніцай ці вечарам?
Усяк, розьніцы вялікай не бачу між паперай і экранам кампутара. Чытаю паралельна некалькі кніг, многія кідаю ў працэсе. Часта падчас ежы. Таму ў нас на кухні ёсьць пара кніжных паліц. Апроч падваконьняў, вядома.
Вы ведаеце, дзе якая кніга ў вас стаіць або ляжыць? Як вы ўпарадкоўваеце свае кнігі?
Вельмі б хацелася, але не заўжды так ёсьць. Апошнім часам шукаць прасьцей: зрабіў дома стэляжы, на якіх усе нашы кнігі можна выставіць у адзін шэраг.
Якія кніжныя знаходкі на вашых паліцах маглі б моцна зьдзівіць вашых знаёмых?
Я і сам зьдзіўляюся, як знайду якія-небудзь «Асновы аграноміі», Мінск: «Ураджай», 1999.
Які найлепшы кніжны падарунак вы атрымалі?
Іх было многа. От, напрыклад, хтосьці гадоў на 11–12 падарыў мне раман Сяргея Зайцава «Перамагаючы — азірніся». Стылёвая, незвычайная, моцная — і зусім забытая недаацэненая кніга.
Ваш улюбёны кніжны герой/антыгерой або кніжная гераіня/антыгераіня?
Прабачце, даўно такімі катэгорыямі не мысьлю.
Вы шмат чыталі ў дзяцінстве? Якія кніжкі зь дзяцінства засталіся ў вашай памяці назаўсёды?
Фактычна, чытаў увесь час. У мяне нават была вулічная мянушка «Інтэлігент». Першая дзіцячая кніга, якую помню — «Рассказы о Дзержинском». Магу цытаваць)) Але з большай прыемнасьцю згадваюцца «Прыгоды бравага ваякі Швэйка», «Легенда пра Ўленшпігеля», увесь Караткевіч, канечне.
Калі б вы маглі прымусіць прэзыдэнта Беларусі прачытаць нейкую кнігу, што гэта было б?
Прымушаць нельга, іначай толку з чытаньня ня будзе. Параіць можна. «Восень патрыярха», напрыклад. Хоць ён яе, такое ўражаньне, чытаў.
Каго з трох сучасных або памерлых пісьменьнікаў вы хацелі б запрасіць на прыватную літаратурную вечарыну?
Я лічу, што з пісьменьнікамі лепш кантактаваць празь іх творы.
Каго б вы хацелі мець як свайго біёграфа?
Я б не хацеў, а калі б прыйшлося — Яраслава Гашака.
Што вы перачытваеце?
Цалкам перачытваць не хапае цярпеньня, хіба фрагмэнты і асобныя публікацыі. Нядаўна трэба было спраўдзіць цытату з «Амэрыканскіх багоў» Геймана. Улез у тэкст — спыніўся, прачытаўшы некалькі разьдзелаў. Старая любоў не ржавее))
Што вы плянуеце прачытаць у бліжэйшым часе?
Новую кнігу Зьмітра Бартосіка. Рэцэнзія Дубаўца на «Свабодзе» заінтрыгавала.