Тым часам у раёне скрыжаваньня вуліцы Філімонава і праспэкту Незалежнасьці сабраліся збудаваць жылы комплекс. Храму ў пляне няма.
У Сэвастопальскім парку, што на поўначы Менску, сабраліся збудаваць стараабрадніцкі храм, ды абаронцы парку выступілі рэзка супраць, піша Tut.by.
Адміністрацыя Першамайскага раёну заклікала на грамадзкае абмеркаваньне будаўніцтва храму ў парку з боку вуліцы Кутузава, замоўнікам якога выступае абшчына «Древлеправославный приход в честь Архангела Михаила и прочих святых небесных сил бесплотных».
Ды, як зьвяртаюць увагу прадстаўнікі ініцыятыўнай групы абаронцаў парку, храму няма ні ў зацьверджаным праекце дэталёвага плянаваньня парку, ні ў схеме азеляненьня Першамайскага раёну — ніякае архітэктурнае будаўніцтва не прадугледжана.
У пляне затое ёсьць шмат іншага з таго, што трэба зрабіць для добраўпарадкаваньня парку: спартовыя пляцоўкі, лыжаролерная траса… З усяго пакуль толькі пачалі будаваць комплекс грамадзкага харчаваньня – і дзеля гэтага высеклі некалькі дрэваў.
Актывісты адзначаюць таксама, што ў 1 кілямэтры ад месца будаўніцтва ўжо ёсьць храм Беларускай праваслаўнай царквы.
Гэта ня першы раз, калі менчукі выступаюць супраць забудовы раёну Сэвастопальскага парку — у красавіку пасьля масавай пэтыцыі ў менскім мікрараёне Зялёны Луг перадумалі будаваць хімзавод з боку скрыжаваньня вуліцы Каліноўскага і Лагойскага тракту. Таксама некалькі тысяч подпісаў сабралі супраць «ушчыльненьня» раёну вуліцы Каліноўскага, што побач з паркам.
Шматфункцыянальны комплекс на месцы электрамэханічнага заводу. Бяз храмаў, але з Тэалягічнай акадэміяй
Тым часам адміністрацыя Першамайскага раёну расказала пра пляны на забудову раёну Менскага электрамэханічнага заводу («Агат») між праспэктам Незалежнасьці, вуліцамі Філімонава, Кутузава і Валгаградзкай, што побач з Сэвастопальскім паркам. Дэталёвы плян тэрыторыі быў распрацаваны яшчэ ў 2009 годзе (завод вырашылі вынесьці на іншую пляцоўку годам раней), а цяпер скарэктаваны.
Паводле пляну, частку вытворчых будынкаў пакінуць на месцы, ды выставяць больш жорсткія экалягічныя патрабаваньні. Шэраг старых жылых дамоў-«сталінак» рэканструююць, прыватныя дамы на вуліцы Чайкоўскага зьнясуць. Адміністрацыйныя будынкі «Агату» прыстасуюць пад «грамадзкія функцыі».
Плянуецца збудаваць шматкватэрныя жылыя дамы, дзіцячы садок, шматфункцыянальныя комплексы, пажарную частку, а таксама Тэалягічную акадэмію імя Яна Паўла ІІ з боку Інстытуту сучасных ведаў.
Храму на вуліцы Кутузава ў гэтым дэталёвым пляне няма.