Меркаваныя агенты расейскай вайсковай выведкі ГРУ, якіх Вялікабрытанія падазрае ў замаху на Сяргея і Юлію Скрыпалёў, прадставіліся бізнэсоўцамі пры атрыманьні ангельскіх віз. Пра гэта паведамляе Daily Telegraph са спасылкай на спэцслужбы.
Паводле брытанскай выведкі, двое мужчын паказалі афіцыйныя расейскія пашпарты з фальшывымі імёнамі Аляксандра Пятрова і Руслана Башырава. Абодва паведамілі, што працуюць нібыта ў сфэры міжнароднага гандлю. Яны прадставілі нумары банкаўскіх рахункаў, на якіх ляжалі тысячы фунтаў стэрлінгаў.
Суразмоўца выданьня Daily Mirror паведаміў, што інструмэнт замаху — яд «Навічок» — прывезьлі праз дыпляматычную пошту, паколькі яна не падлягае дагляду. Паводле яго, нэрвова-паралітычнае рэчыва трапіла ў Брытанію за некалькі тыдняў да злачынства. У далейшым, адзначыў ён, супрацоўнікі ГРУ забралі кантэйнэр ў прызначаным месцы.
Агульная колькасьць удзельнікаў апэрацыі складала каля 10 чалавек. Брытанскія спэцслужбы ўпэўненыя, што расейскія агенты праслухоўвалі тэлефон Юліі Скрыпаль задоўга да замаху, таму ведалі пра яе пляны і маглі прасачыць за ёй ад пасадкі на самалёт у Расеі і да самага дому Скрыпаля ў Брытаніі.
Былы двайны агент Сяргей Скрыпаль і яго дачка Юлія былі знойдзены ў ангельскім горадзе Солсбэры 4 сакавіка з прыкметамі атручваньня нэрвова-паралітычным рэчывам «Навічок». У сераду, 6 верасьня, брытанская пракуратура апублікавала фатаграфіі падазраваных у злачынстве.