На прэзэнтацыі факсымільнага выданьня першага беларускага буквара ў міністра замежных спраў Беларусі спыталі, каго з сучасных беларускіх пісьменьнікаў ён бы вылучыў. Уладзімер Макей назваў Уладзімера Арлова.
Пра гэта паведамляе агенцтва БелаПАН.
Макей браў удзел у мерапрыемстве, прымеркаваным да 400-годзьдзя выданьня першага ў сьвеце «Буквара славянскай мовы» ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
На прэзэнтацыі былі прадстаўлены факсымільная копія першага беларускага «Буквара» і экспазыцыя «Буквары народаў сьвету».
Праект выданьня факсымільнай копіі буквара рэалізавала Нацыянальная бібліятэка пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў, Міністэрства адукацыі, пасольстваў Беларусі ў Вялікабрытаніі і Латвіі, а таксама Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця і «Белінвэстбанку». У працы над выданьнем прымалі ўдзел Міжнародная асацыяцыя беларусістаў, Лёнданская бібліятэка, Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт.
Макей пра буквар
«Такія праекты эфэктыўна садзейнічаюць папулярызацыі найлепшых прыкладаў кніжнай культуры беларускага народу, захаваньню нашай культурнай спадчыны, — сказаў Макей. — Яны таксама спрыяюць пашырэньню і актуалізацыі супрацоўніцтва ў сфэры культуры зь іншымі краінамі, разьвіцьцю дружбы і ўзаемаразуменьня паміж народамі».
Міністар адзначыў, што буквар дапамагае кожнаму чалавеку закласьці аснову вывучэньня граматы.
«Вартасьць буквара ў тым, што засваеньне асноў мовы і літаратуры праходзіць адначасова з атрыманьнем першых ведаў па гісторыі, геаграфіі, культуры свайго народа, яго дасягненьнях у розных сфэрах жыцьця, — падкрэсьліў кіраўнік МЗС. — Буквар дапамагае дзіцяці далучыцца да нацыянальных традыцый, духоўных і матэрыяльных каштоўнасьцяў свайго народу».
Размаўляючы з журналістамі, Макей паведаміў, што праца над узнаўленьнем кнігі вялася больш за год і расказаў пра ўдзел у ёй свайго ведамства.
«МЗС аказваў канкрэтную дапамогу пры падрыхтоўцы факсымільнага выданьня — дамоўленасьці зь бібліятэкамі, праца па дастаўцы, дамоўленасьці па вырабе, — сказаў ён. — Мы тут не аддзяляем сябе ад цэласнай сыстэмы дзяржаўнага мэханізму, калі мы ўсе павінны працаваць на канчатковы вынік. І я лічу, што вынік атрымаўся выдатным».
Макей пра Арлова
Кіраўнік МЗС Беларусі адзначыў, што існуе вельмі шмат кніг, выдадзеных у добрым паліграфічным афармленьні, якія расказваюць аб сёньняшняй Беларусі.
«Ёсьць шмат кніг, якія цікавыя ня толькі фотаздымкамі, але і зьместам. Я б сказаў, што на першае месца трэба паставіць „Скарбы Беларусі“ — вельмі цікавая кніга. Беларускія кнігі папулярныя ў многіх краінах», — сказаў Макей.
На пытаньне агенцтва БелаПАН, каго з сучасных аўтараў ён бы вылучыў, Макей назваў Уладзіміра Арлова:
«Ён робіць вельмі добрую справу і вельмі цікавыя кнігі выпускае і па зьмесьце, і па афармленьні. Мы перадалі іх некаторым нашым партнэрам, яны былі зьдзіўлены, пазнаёміўшыся з гэтай кнігай, якая багатая і старажытная гісторыя ў Беларусі», — адзначыў міністар.
***
Першай у сьвеце кнізе пад назвай «Буквар» 24 ліпеня споўнілася 400 гадоў. Яна выйшла на царкоўнаславянскай мове ў друкарні Віленскага праваслаўнага брацтва Сьвятога Духа ў Еўі. Кніга была выдадзена на 52 аркушах кішэнным фарматам.
У «Буквары» быў разьмешчаны славянскі алфавіт, прыклады складоў з дзьвюх і трох літар, простыя словы на царкоўнаславянскай мове, пералік знакаў прыпынку, лічбаў, а таксама асновы граматыкі і тэксты для чытаньня, якія ўключаюць рэлігійныя гімны, малітвы, запаведзі, пропаведзі.