«Каб максымальна шырока патлумачыць, у тым ліку бацькам і вучням, аб парадку выкарыстаньня мабільных сродкаў у школах, Міністэрства адукацыі падрыхтавала адпаведную памятку, што важна ведаць дзецям, якім патрэбна мабільная прылада па мэдычных паказаньнях, напрыклад, для маніторынгу цукру ў крыві або па іншых мэдычных паказаньнях», — працытавала Іванца дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Паводле яго, для магчымасьці карыстацца мабільнымі прыладамі будзе патрэбны адпаведны дакумэнт з установы аховы здароўя.
Апроч таго, па мэдычных паказаньнях можна будзе карыстацца пляншэтамі з электроннымі навучальнымі падручнікамі.
«Прылады павінны быць бяз выхаду ў Інтэрнэт і без магчымасьці забесьпячэньня мабільнай сувязі. Тут мова ідзе аб тых дзецях, якія маюць праблемы з апорна-рухальным апаратам, якім не паказана нашэньне заплечнікаў з навучальнымі дапаможнікамі», — дадаў міністар.
Адказваючы на пытаньне, ці можна будзе карыстацца электроннай кнігай, якая ўтрымлівае падручнікі, Андрэй Іванец сказаў, што гэтае пытаньне будзе вырашацца індывідуальна. «Калі прылада ня мае выхаду ў інтэрнэт і падключэньня да мабільнай сувязі, то ня будзе праблем», — адзначыў кіраўнік Міністэрства адукацыі Беларусі Андрэй Іванец.
Што папярэднічала
- У 2025/2026 навучальным годзе ў Беларусі адкрыецца сем новых устаноў адукацыі, паведаміла на прэсавай канфэрэнцыі 15 жніўня ў Менску намесьніца начальніка галоўнага ўпраўленьня агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Каржова.
- З 1 верасьня школа, паводле слоў Каржовай, будзе «тэрыторыяй без мабільных тэлефонаў», для гэтага «праведзеныя ўсе неабходныя падрыхтоўчыя мерапрыемствы».
- З 1 верасьня на заканадаўчым узроўні замацавана, што навучэнцы павінны быць у адзеньні дзелавога стылю, за выключэньнем заняткаў па фізычнай культуры і працы.
- У верасьні пачне працаваць больш за 2.600 устаноў агульнай і сярэдняй адукацыі, дзе будзе навучацца каля 1 млн 50 тыс. вучняў, у тым ліку 90 тыс. першаклясьнікаў, што на 20 тысяч менш, чым летась.
Форум